Мультфільм «Плынь» латыскага рэжысэра Гінтса Зілбаладыса — гэта гісторыя ката, які апынуўся ў самым эпіцэнтры патопу і вымушаны змагацца за жыцьцё разам зь іншымі жывёламі: капібарай, чапляй, лемурам і сабакамі. У творы няма словаў, але ёсьць адмыслова зроблены пад кожную жывёліну гукавы шэраг.
Мультфільм ствараўся латыскай студыяй Dream Well Studio, францускай Sacrebleu Productions і бэльгійскай Take Five. Праект атрымаў фінансаваньне ад эўрапейскага фонду сумеснай вытворчасьці Eurimages, на яго выдзелілі 400 тысяч эўра. Агулам жа бюджэт мультфільму склаў 3,5 мільёна эўра.
«Плынь» цалкам зробленая ў праграме 3D-мадэляваньня Blender. Стужка атрымала шэраг узнагарод, сярод якіх прэмія «Залаты глёбус», а таксама стала намінантам на прэмію «Оскар» у дзьвюх намінацыях: найлепшы анімацыйны фільм і найлепшы замежны фільм.
Для Латвіі ўжо намінацыя мультфільму стала вялікай падзеяй. У Рызе зьявілася скульптура з галоўным героем стужкі. Расказваем, што тым часам адбываецца зь беларускай анімацыяй.
«Невысокі ўзровень»
Летась на «Беларусьфільме» стварылі мультфільм «Песьня Сірын». Гэта гісторыя пра двух школьнікаў, якія трапляюць у прыстанак славянскіх багоў. Гэты праект таксама зроблены ў 3D, рэжысэрка — Алена Турава. Бюджэт мультфільму стваральнікі не агучвалі, яго паказалі ў кінатэатрах увосень 2024 году. На думку кінакрытыка Тараса Тарналіцкага, апошнія мультфільмы, якія рабіў «Беларусьфільм», невысокага ўзроўню.
«Выйшаў мультфільм „Песьня Сірын“, таксама „Зоркі сёмага неба“ па кнізе Генадзя Давыдзькі. Гэта прыклад спробы камэрцыйнага кіно, якое асабліва не атрымлівае грошай. Гэта невысокі ўзровень анімацыі і драматургіі. На „Беларусьфільме“ апошнім часам здымаюць агітацыйныя фільмы. Быў мультфільм пра мэмарыяльныя комплексы Беларусі. Гэта анімацыя, але яна ідэалягічная», — кажа кінакрытык.
Паводле суразмоўцы, беларускія мультфільмы выходзяць менавіта такімі, бо ў краіне амаль не засталося прафэсіяналаў, якія могуць працаваць на дзяржаву. «Беларусьфільм» спрабуе праводзіць конкурсы сцэнараў, аднак, на думку Тараса Тарналіцкага, такім чынам знайсьці добрых аўтараў цяжка.
«Людзі зьехалі ў эміграцыю і там зарабляюць. Навошта ім конкурс ад Мінкульту, дзе незразумелыя ўмовы і можна заляпацца ў прапаганду? Там удзельнічаюць ня вельмі таленавітыя людзі. І тое, што атрымліваецца, — невысокага мастацкага ўзроўню», — зважае кінакрытык.
Паводле суразмоўцы, найперш стваральнікі такіх праектаў у Беларусі маюць задачу адсправаздачыцца перад уладамі, а ня перад гледачамі.
Яшчэ адзін нядаўні мультыплікацыйны праект быў створаны ў Беларусі студыяй Arteki — мультфільм «Белавеская пушча». Гэта прыгодніцкае фэнтэзі, зробленае з дапамогай штучнага інтэлекту. Паводле аніматара і аўтара мультфільмаў, зь якім Свабода паразмаўляла на ўмовах ананімнасьці, такі стыль быў запазычаны ў сусьветна вядомых вытворцаў мультфільмаў — студый Pixar і Disney.
«Гэта нельга назваць нейкім самабытным стылем, гэта ў чыстым выглядзе нешта заходнеамэрыканскае з пункту гледжаньня візуалу. Генэрацыю нельга цалкам схаваць. Верагодна, уся вытворчасьць заняла месяц, а ўвесь астатні час патрацілі на тое, каб прывесьці тое, што зрабіла нэўронка, да прымальнага выгляду», — кажа суразмоўца.
Аднак згадваюць суразмоўцы і пра пазытыўныя, на іх думку, прыклады. Тарас Тарналіцкі адзначае некалькі мультфільмаў, зробленых як на «Беларусьфільме», так і незалежнымі вытворцамі ў краіне і за яе межамі.
Напрыклад, стужку «Дзідзі» аніматаркі Ірыны Тарасавай, мультфільм «Кроў і караоке» пра супрацьстаяньне ахоўніка ў гіпэрмаркеце і гопніка, мультфільм «Калыханка» Івана Гапіенкі. На замову апэратара А1 быў створаны мультфільм «Марыля. У пошуках дзіўнікаў».
Незалежны аніматар таксама прыводзіць шэраг мультфільмаў, якія рабіліся незалежнымі творцамі ў апошнія гады: THE WITCHER — fan tribute from Lihtar Studio, Dinner with Turkey, Dogs Smell Like the Sea, A Boy I Never Knew.
«Маглі б рабіць ня горш за „Плынь“»
Па словах аніматара, у Беларусі людзі з досьведам працы над фільмамі, над прадакшнам працягваюць займацца анімацыяй. Аднак выходзяць у асноўным невялічкія кароткамэтражныя фільмы, што магчыма зрабіць за мінімальны бюджэт ці ўвогуле безь яго.
«Стан для культуры ўвогуле нялёгкі, а анімацыя заўжды была больш дробным кавалачкам кінаіндустрыі. Апошнім часам было зроблена даволі мала ў анімацыйнай прасторы. Мы нават не гаворым пра поўнамэтражныя фільмы. Ідэй хапае, але каб нешта пасунулася на этап вытворчасьці — гэта складана. Напрыклад, фільм можна зьняць за тыдзень, а ў анімацыі за тыдзень магчыма зрабіць некалькі кадраў раскадроўкі», — кажа суразмоўца.
Паводле аніматара, калі б знайсьці фінансаваньне на поўнамэтражны фільм, яго можна было б зьняць камандай за год ці паўгода. У такіх умовах аніматары і мастакі могуць сябе адчуваць больш-менш нармальна.
«Зараз нехта працуе ў ІТ — і паралельна шукае грошы на фільм ці дапамагае некаму на фільме. Гэта заўсёды кампрамісы, гэта робіцца энтузіястамі. Праект „Плынь“ рабіўся камандай, 3,5 мільёна эўра — гэта зусім няблага. Пабудаваць арыгінальны сцэнар — магчыма, а ўжо што зь ім рабіць далей — пытаньне», — кажа аніматар.
Ён раіць шукаць любыя магчымасьці, калі ёсьць жаданьне рабіць анімацыю: краўдфандынг, гранты, фінансаваньне.
«Дастаткова складана падобныя праекты прэзэнтаваць і ўпэўніць студыю ці пляцоўку, якая выдае гранты, што гэта таго варта, што гэты праект будзе актуальны ня год і ня два. Яшчэ адна праблема — беларускія аніматары, якія выехалі за мяжу, працуюць асобна. Няма пляцоўкі, якая б магла ўсіх аб’яднаць», — даводзіць творца.
Такая пляцоўка магла б сабраць і прадусараў з досьведам, і дыстрыбутараў, якія б маглі шукаць шляхі манэтызацыі, дадае суразмоўца.
Паводле кінакрытыка Тараса Тарналіцкага, зрабіць мультфільм узроўню «Плыні» беларусы маглі б. Аднак на гэта не хапае ні рэсурсаў, ні інстытуцый.
«Беларускія аніматары маглі б рабіць такія праекты, каб не было рэпрэсій. Такая праца выбітная, але нельга сказаць, што яе ня мог зрабіць іншы рэжысэр. Там трэба свабода творчасьці і магчымасьцяў. Беларускія кадры, якія б маглі такое зрабіць, ёсьць і ў Беларусі, і за мяжой. Для гэтага няма ні рэсурсаў, ні інстытуцый», — мяркуе Тарас Тарналіцкі.
Ці выйграе латыскі фільм «Плынь» прэмію «Оскар», стане вядома 2 сакавіка.
Форум