Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі ляўрэатаў кінапрэміі «Оскар». Найлепшы фільм — «Анора» Шона Бэйкера, у ім зьнялася беларуска


Рэжысэр «Аноры» Шон Бэйкер
Рэжысэр «Аноры» Шон Бэйкер

«Оскар» за найлепшы фільм атрымала камэдыйная драма Шона Бэйкера «Анора» («Anora»), адзін з галоўных фаварытаў Кінаакадэміі і пераможца Канскага кінафэстывалю. Сам Бэйкер атрымаў прэмію як найлепшы рэжысэр. Трансьляцыю цырымоніі ўручэньня вёў тэлеканал ABC News.

Агулам фільм атрымаў пяць «Оскараў». У намінацыі «Найлепшая жаночая роля першага пляну» перамагла Майкі Мэдысан за ролю стрыптызэршы Аноры Міхеевай у фільме. Таксама «Анора» была ўганараваная «Оскарамі» ў намінацыях «Найлепшы арыгінальны сцэнар» і «Найлепшы мантаж». Вядоўца апошняй намінацыі Дэрыл Ганна пачала сваю прамову лёзунгам «Слава Ўкраіне», што выклікала авацыі.

У фільме «Анора» таксама зьнялася беларуска Марыя Жак, паведаміла KYKY. Як піша выданьне, Маша зь дзяцінства марыла здымацца ў кіно і дзеля гэтага каля 10 гадоў таму пераехала зь Беларусі ў ЗША, дзе пачала працу ў сфэры кіно: працавала на здымачных пляцоўках, дапамагала рэжысэрам і іншым акторам. А потым атрымала ролю ў фільме Шона Бэйкера.

«Оскар» за найлепшае выкананьне мужчынскай ролі першага пляну — другі па ліку ў сваёй кар’еры — атрымаў Эйдрыен Броўдзі, які сыграў архітэктара Ласла Тота ў фільме Брэйдзі Корбэт «Бруталіст» («The Brutalist»). Таксама фільм быў уганараваны залатымі статуэткамі за найлепшага апэратара і найлепшы саўндтрэк.

Юрый Барысаў, які стаў першым расейцам, намінаваным на «Оскар» за найлепшую ролю другога пляну ў «Аноры», узнагароды не атрымаў — яна дасталася Кірану Калкіну за ролю ў фільме «Сапраўдны боль» («A Real Pain») рэжысэра Джэсі Айзэнбэрга. Найлепшая акторка другога пляну, паводле вэрсіі Кінаакадэміі — Соэ Сальданьня, за ролю ў фільме «Эмілія Пэрэс».

У намінацыі «Найлепшы адаптаваны сцэнар» перамог «Канклаў» Эдварда Бэргера па кнізе Робэрта Гарыса.

Найлепшы замежны фільм — «Я ўсё яшчэ тут» («Iʼm still here») бразыльскага рэжысэра Вальтэра Салеса.

Найлепшы дакумэнтальны фільм — «Няма іншай зямлі» («No Other Land») Басэля Адры і Юваля Абрагама пра палестына-ізраільскі канфлікт, які раней атрымаў некалькі прызоў на Бэрлінскім кінафэстывалі ў 2024 годзе.

За найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм «Оскар» атрымала «Адзіная дзяўчына ў аркестры» («The Only Girl in the Orchestra») Молі О’Браен.

Найлепшым поўнамэтражным анімацыйным фільмам прызнаны «Паток» (Straume / Flow) латвійскага рэжысэра Гінтса Зілбаладыса. Найлепшым кароткамэтражным — іранскі анімацыйны фільм «У цені кіпарыса» Хусэйні Мулаемі і Шырын Сухані.

Найлепшы дызайн касьцюмаў — «Злая» (Wicked). Упершыню за ўсю гісторыю існаваньня прэміі ў гэтай намінацыі быў уганараваны дызайнер-афраамэрыканец Пол Тазуэл.

Другая частка «Дзюны» Дэні Вільнёў атрымала «Оскары» за гук і візуальныя эфэкты. Оскар за найлепшы макіяж і прычоскі — бодзі-хорар «Субстанцыя» Каралі Фаржа. За найлепшы дызайн касьцюмаў залатую статуэтку далі фільму «Злая». Таксама гэтая адаптацыя брадвэйскага мюзіклу была ўганараваная «Оскарам» за найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка.

97-я цырымонія ўзнагароджаньня прэміямі «Оскар» амэрыканскай Акадэміі кінэматаграфічных мастацтваў і навук праходзіла 2 сакавіка ў тэатры Dolby ў Лос-Анджэлесе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG