Латвійская дзяржаўная служба памежнай аховы назвала прычыну часовага закрыцьця пункту пропуску «Патэрніекі» на мяжы зь Беларусьсю. Ён не працаваў у нядзелю 16 сакавіка. Гэта адзіны КПП, які працуе на мяжы Беларусі і Латвіі. Пункт не функцыянаваў прыблізна 9 гадзін.
Як заявіў у праграме Латвійскай тэлевізіі Rīta panorāma начальнік памежнай аховы Гунтыс Пуятс, прычынай часовага закрыцьця пункту пропуску стала набліжэньне да яго групы людзей, падобных на іншаземцаў, якія нібыта хацелі незаконна перасячы мяжу, піша delfi.lv. Тады на самую мяжу прыбылі чатыры мігранты. З размовы зь імі стала зразумела, што паток можа вырасьці. У выніку рух праз КПП закрылі для перадухіленьня магчымай эскаляцыі. Позна ўвечары пункт аднавіў працу пасьля таго, як меркаваныя парушальнікі зьехалі.
Пуятс таксама прызнаў, што пункт «Патэрніекі» можа быць закрыты цалкам. Пакуль жа памежнікі прапануюць ураду забараніць перасячэньне мяжы пешшу і на роварах, дазволіўшы перасячэньне толькі на аўтамабілях. Сёньня прапанову перададуць ураду, які павінен разгледзець яе ў аўторак. Пакуль абмежаваньне плянуюць увесьці на 6 месяцаў, аднак калі паток парушальнікаў ня зьнізіцца, памежнікі могуць запытаць поўнае закрыцьцё руху праз пункт пропуску.
Пуятс пацьвердзіў, што ў памежнай службы падрыхтаваныя бар’еры і іншыя сродкі для тэрміновага закрыцьця КПП.
Форум