Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб графіку абмежаваньня руху ў Менску праз трэнаваньні да параду


Комплексы «Іскандэр» на вайсковым парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Комплексы «Іскандэр» на вайсковым парадзе ў Менску 3 ліпеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

Абмежаваньні будуць доўжыцца пяць тыдняў.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што з 18 сакавіку цягам пяці тыдняў будуць перакрываць аўтамабільны рух для трэнаваньня тэхнікі мэханізаванай калёны, што будзе ўдзельнічаць у вайсковым парадзе 9 траўня.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, рух будуць абмяжоўваць раніцай з 04:50 прыблізна на адну гадзіну на вуліцах Заснавальнікаў, Старынаўскай, Францішка Скарыны, на вонкавым колцы МКАД, на павароце да жылога комплексу «Зялёная гавань» і на аўтамабільнай дарозе да аэрадрому Ліпкі.

Увечары з 19:50 да моманту руху тэхнікі цягам гадзіны на маршруце аэрадром Ліпкі — вонкавае колца МКАД — вуліца Францішка Скарыны — вуліца Старынаўская — вуліца Заснавальнікаў.

У Міністэрстве абароны Беларусі рэкамэндавалі ўлічваць гэтую інфармацыю пры плянаваньні паездак.

Раней у Міністэрстве абароны Беларусі анансавалі «маштабны» вайсковы парад, прымеркаваны да 80-годзьдзя зь дня перамогі ў Другой усясьветнай вайне. У ім плянуюць удзел больш як 24 парадных разьлікаў і самалётаў, запрашаюць вайскоўцаў з Расейскай Фэдэрацыі і Кітаю.

Парад 9 траўня будзе складацца зь дзьвюх частак — гістарычнай і сучаснай. Гістарычная частка будзе грунтавацца на асобных элемэнтах параду Перамогі 1945 году ў Маскве, мяркуецца праход рознай рэтратэхнікі і парадных разьлікаў у форме і з узбраеньнем гадоў тае вайны.

У сучаснай частцы пакажуць беларускую вайсковую тэхніку, сродкі радыёэлектроннай барацьбы, а таксама новае ўзбраеньне, якое цяпер атрымлівае беларускае войска.

Летась 3 ліпеня ў вайсковым парадзе на 80-годзьдзе вызваленьня Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў удзельнічалі вайскоўцы з Расеі, Азэрбайджану, Казахстану, Кітаю, Кіргістану, Таджыкістану і Ўзбэкістану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG