Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Лукашэнка па-рознаму павіншавалі беларусаў зь Днём канстытуцы


«Сутнасьць Канстытуцыі — абараняць грамадзянаў ад паліцэйскага свавольства, гарантаваць зьмяняльнасьць улады і свабоду слова. Аднак рэжым гадамі ператвараў асноўны закон у зручны інструмэнт — перапісваў, ігнараваў і выкарыстоўваў супраць народу», — напісала Сьвятлана Ціханоўская ў тэлеграм-канале.

«Канстытуцыя Беларусі поўная супярэчнасьцяў. У ёй замацаванае права на жыцьцё, але краіна застаецца апошняй у Эўропе, дзе дзейнічае сьмяротнае пакараньне. У ёй сказана, што ўсе роўныя перад законам, але прэзыдэнт мае імунітэт ад крымінальнага перасьледу. Яна абяцае свабоду меркаваньняў, але ўлады кідаюць пэнсіянэраў у вязьніцы за камэнтарыі ў інтэрнэце».

Ціханоўская адзначыла, што пералік прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў выключае балянс улады і вяршэнства дэмакратыі. Бо парлямэнт, Канстытуцыйны суд, рэфэрэндумы — «усё так ці інакш падпарадкаванае адной асобе. Канстытуцыя павінна быць гарантам правоў грамадзянаў, павінна служыць народу, а замест гэтага служыць чалавеку пры ўладзе».

Яна падкрэсьліла, што сёньняшні дзень «стане сапраўдным сьвятам, калі законы будуць абараняць грамадзянаў, а не выкарыстоўвацца для рэпрэсіяў» і што беларусам належыць разам пабудаваць такую краіну.

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў беларусаў зь Днём канстытуцыі. Ён адзначыў, што абноўлены асноўны закон «стаў фундамэнтам для пабудовы сапраўды народнай дзяржавы, у якой клопат аб чалавеку – прыярытэт палітыкі, што праводзіцца. У Беларусі ствараецца грамадзтва роўных магчымасьцей, забясьпечваецца абарона правоў і свабод грамадзян, умацоўваецца інстытут сям'і, дзейнічае сыстэма падтрымкі моладзі, актыўна разьвіваюцца ахова здароўя, навука і адукацыя. Дзяржава садзейнічае духоўнаму адраджэньню, захаваньню культурнай спадчыны і міжканфэсіянальнага дыялёга».

  • 15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі. Апазыцыя БНФ у галасаваньні ня ўдзельнічала, бо выступала супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта, заявіўшы, што гэта прывядзе да дыктатуры. Канстытуцыю падпісаў старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.
  • За гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі Канстытуцыю тройчы зьмянялі так, каб канцэнтраваць уладу ў ягоных руках. Спачатку ён атрымаў неабмежаваныя паўнамоцтвы і магчымасьць кіраваць пажыцьцёва, а затым замацаваў страхоўку на выпадак сыходу, забясьпечыўшы сабе недатыкальнасьць і ўплыў праз новыя структуры.
  • Каманда Офісу Сьвятланы Ціханоўскай працуе над праектам новай Канстытуцыі Беларусі, якая будзе абараняць правы кожнага беларуса, гарантуючы дэмакратыю і недапушчэньне вяртаньня дыктатуры, – паведаміў прадстаўнік Офісу Анатоль Лябедзька.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG