Брытанскіх дыпляматаў праз абвінавачаньні ў шпіянажы выслалі з Расеі, дзе нарастаюць антыбрытанскія настроі і звужаюцца эканамічныя сувязі, аналізуе апошнія падзеі Reuters.
Сярод іх рэзкая заява Службы вонкавай выведкі Расеі, у якой Брытанія называецца «падпальнікам вайны», і пагроза захапіць актывы Вялікай Брытаніі ў Расеі.
Паколькі ЗША пад кіраўніцтвам Дональда Трампа імкнуцца аднавіць адносіны з Масквой і дамовіцца аб міры паміж Расеяй і Ўкраінай, Брытанія атрымала статус ворага Расеі нумар адзін.
«Лёндан сёньня, як і напярэдадні абедзьвюх сусьветных войнаў мінулага стагодзьдзя, выступае ў якасці галоўнага падпальніка глябальнага канфлікту», — заявіла Служба вонкавай выведкі Расеі (СВР) у незвычайна рэзкай публічнай заяве ў панядзелак.
Яна абвінаваціла Лёндан у спробе сарваць намаганьні Трампа для дасягненьня міру ва Ўкраіне.
«Надышоў час вывесьці іх [брытанцаў] на чыстую ваду і паслаць падступнаму Альбіёну і яго элітам ясны сыгнал: у вас нічога ня выйдзе», — заявіла СВР.
Уварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе стала найбуйнейшым сьмяротным канфліктам у Эўропе пасьля Другой усясьветнай вайны. Ён пакінуў сотні тысяч загінулых і параненых, мільёны людзей прымусіў перасяліцца і выклікаў самую вострую за апошнія дзесяцігодзьдзі канфрантацыю паміж Масквой і Захадам .
Большую частку вайны Расея крытыкавала Вашынгтон за ягоную ролю ў пастаўках дапамогі Кіеву. З прыходам Трампа на пасаду ўсё зьмянілася.
Тры расейскія чыноўнікі, якія пажадалі застацца ананімнымі, бо ня мелі права размаўляць з СМІ, заявілі Reuters, што Вялікая Брытанія цяпер лічыцца галоўным ворагам Масквы, а адзін зь іх абурыўся, што Лёндан нібыта «распальвае хаос і вайну» ва Ўкраіне.
Іншы ахарактарызаваў Брытанію як рухальную сілу Захаду, калі дайшло да актывізацыі процідзеяньня Расеі.
Размовы прэм’ер-міністра Кіра Стармэра ў гэтым месяцы аб разьмяшчэньні брытанскіх салдатаў і самалётаў ва Ўкраіне ў якасьці часткі патэнцыйных міратворчых сілаў выклікалі гнеў высокапастаўленых расейскіх палітыкаў. Як і арганізаваныя ім сустрэчы «кааліцыі ахвочых», а таксама асабістае і тэлефоннае лябіяваньне падтрымкі Ўкраіны перад Трампам.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Стармэр нібыта распальвае напружанасьць у той самы момант, калі Трамп спрабуе яе супакоіць.
Брытанскія дыпляматы ў Расеі кажуць, што ведаюць, з чым сутыкаюцца. Ад пачатку вайны пэрсанал брытанскай амбасады скараціўся прынамсі на 10 дыпляматаў. Ні ў Расеі, ні ў Брытаніі няма аташэ ў пытаньнях абароны.
ФСБ Расеі абвінаваціла брытанскага дыплямата і жонку іншага дыплямата ў шпіянажы і выслала іх з краіны, Лёндан назваў гэтыя абвінавачаньні «беспадстаўнымі».
Брытанія ў сераду выклікала амбасадара Расеі ў Лёндане і ў адказ выслала расейскага дыплямата і жонку іншага дыплямата.
«Відавочна, што расейская дзяржава актыўна імкнецца дамагчыся закрыцьця брытанскай амбасады ў Маскве», — гаворыцца ў заяве МЗС Вялікай Брытаніі ў сераду.
МЗС Расеі і Вялікай Брытаніі не адказалі на просьбы аб камэнтарах.
Форум