Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 13 лютага: судзяць яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленгу»


Архіўнае фота
Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Судзяць яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленгу»

У Менскім гарадзкім судзе праходзіць працэс над жыхаркай Менску Ірынай Суржык, якая да затрыманьня працавала інжынэрам-канструктарам на ААТ «Пеленг».

Жанчыну абвінавачваюць у «закліках да прычыненьня шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу), за гэта пагражае ад 2 да 7 гадоў зьняволеньня. Паводле «Нашай нівы», жанчыну маглі затрымаць падчас аблавы сілавікоў, якая адбылася на прадпрыемстве ў ліпені 2024 году.

Праваабаронцы «Вясны» мяркуюць, што аблава была зьвязаная з расьсьледаваньнем BelPol, якое грунтавалася на «зьлітых» з прадпрыемства дакумэнтах. Стала вядома, што супрацоўнікаў «Пеленгу» вадзілі на паліграф, а некаторых — звольнілі.

У лютым у тым жа Менскім гарадзкім судзе асудзілі на 2 гады зьняволеньня яшчэ адну супрацоўніцу «Пеленгу» — 29-гадовую Карыну Праташчык. Паводле «Вясны», дзяўчыну таксама прыцягнулі да адказнасьці паводле 361 артыкулу («заклікі да санкцыяў»). Карына Праташчык была затрыманая 24 ліпеня, неўзабаве пасьля гэтых падзеяў на ААТ «Пеленг».

Паводле «Вясны», за апошнія чатыры гады ў Беларусі прынамсі 188 чалавек асуджаныя за «заклікі да санкцыяў».

ААТ «Пеленг», як і «БелОМА», знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі. Аб’яднаньне BelPol ня раз паведамляла, як гэтыя прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, а таксама зарабляюць на вайне ва Ўкраіне, пастаўляючы Расеі камплектацыйныя дэталі.

Судзіць Ірыну Суржык судзьдзя Сьвятлана Макарэвіч.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG