Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады аб’явілі міждзяржаўны вышук намесьніка старшыні БАЖ Алега Агеева


Алег Агееў, архіўнае фота
Алег Агееў, архіўнае фота

Раней быў аб’яўлены вышук намесьніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага.

На падставе якога артыкулу беларускія і расейскія праваахоўнікі шукаюць намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алега Агеева, у вышуковай базе не пазначана, паведамляе БАЖ.

У расейскай вышуковай базе не называецца артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога перасьледуецца асоба. Пазначаныя толькі дата і месца нараджэньня, грамадзянства.

У камэнтары БАЖ Алег Агееў сказаў, што, хутчэй за ўсё, улады Беларусі зрабілі запыт на вышук у Інтэрпол (Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі):

«Кожная краіна ёсьць суб’ектам, які ажыцьцяўляе крымінальны перасьлед за злачынства, зробленае на яе тэрыторыі. Адпаведна, калі злачынец пакінуў краіну, а праваахоўнікі ведаюць новае месца яго знаходжаньня, яны могуць накіроўваць канкрэтны запыт у тую краіну, дзе ён, як мяркуюць, знаходзіцца, ці аб’яўляць міжнародны вышук.

Расея вялікую колькасьць беларусаў уключае ў сваю базу вышуку менавіта з той нагоды, што быў аб’яўлены іх міжнародны вышук беларускімі органамі перасьледу».

Паводле Агеева, зьяўленьне асабістых зьвестак у расейскай базе вышуку сьведчыць, што ў Беларусі ў дачыненьні да яго распачалі нейкую крымінальную справу.

«Але ніякіх паведамленьняў наконт гэтага я асабіста не атрымліваў. Наўрад ці мяне падавалі ў вышук як зьніклага, гэта ня мой выпадак», — кажа Алег Агееў.

Беларускую асацыяцыю журналістаў прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» два гады таму, у рашэньні ўладаў ёсьць прозьвішчы тых, каго старшыня КДБ Беларусі палічыў удзельнікамі гэтага фармаваньня.

«Я ня першы зь беларусаў у тым сьпісе, — кажа Агееў. — У Беларусі зараз розныя дзеяньні могуць крыміналізаваць і лічыць іх злачыннымі, што не адпавядае ніякім міжнародным стандартам. Я дакладна ня зьдзейсьніў аніякіх злачынстваў — я юрыст і ведаю свае правы.

Але мірная рэалізацыя маіх правоў у большасьці выпадкаў зараз у Беларусі забароненая. Адпаведна, за негвалтоўную рэалізацыю маіх правоў яны спрабуюць прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасьці, што не адпавядае міжнароднаму праву.

Таму большая частка краін Інтэрполу не выконвае і ніяк не рэагуе на палітычна матываваны перасьлед, які масава зьдзяйсьняе Беларусь. Паўтаруся, ня я першы, у тым сьпісе, здаецца, ужо тысячы беларусаў, чый вышук пааб’яўлялі ўлады».

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG