Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская і Шарэнда-Панасюк ў Эўрапарлямэнце: «Аднойчы мы зоймем сваё законнае месца ў гэтай палаце»


Паліна Шарэнда-Панасюк, Сьвятлана Ціханоўская і кіраўніца Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году
Паліна Шарэнда-Панасюк, Сьвятлана Ціханоўская і кіраўніца Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году

Сьвятлана Ціханоўская спадзяецца, што Беларусь у будучыні зойме сваё месца ў Эўрапарлямэнце. Аб гэтым яна заявіла, выступаючы на адкрыцьці пленарнага пасяджэньня Эўрапарлямэнту.

Яе запрасілі туды разам з актывісткай, былой палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк, а таксама прадстаўніцамі Ўкраіны журналісткай Леніяй Умеравай і валянтэркай Татай Кеплер.

11 сакавіка ў Страсбургу адбылася спэцыяльная пленарная сэсія Эўрапарлямэнту, прысьвечаная Міжнароднаму дню жанчын, на яе адкрыцьці Сьвятлана Ціханоўская выступіла з прамовай перад 700 эўрадэпутатамі.

Сьвятлана Ціханоўская прысьвяціла прамову ролі жанчын у змаганні за дэмакратыю і свабоду, падкрэсліўшы гераізм жанчын, якія супрацьстаяць рэпрэсіям і вайне.

«Я заўсёды кажу, што нетрадыцыйныя часы патрабуюць нетрадыцыйных рашэньняў. Летась мы зрабілі такі крок разам. Мы падпісалі мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж Беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Эўрапейскім Парлямэнтам. І гэта было дакладнае пасланьне майму народу: Беларусь — гэта Эўропа. І аднойчы мы зоймем сваё законнае месца ў гэтай палаце», — сказала Сьвятлана Ціханоўская, якую цытуе Reform.news.

Ціханоўская нагадала, што на мінулым тыдні ў Рыме адбыўся другі саміт дэпутацкіх групаў, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь.

«Дэпутаты з 17 эўрапейскіх краін падпісалі Рымскі мэмарандум, які паказвае, што барацьба Беларусі за свабоду — гэта таксама барацьба Эўропы», — сказала яна.

Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Эўрапарлямэнце. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году
Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Эўрапарлямэнце. Страсбург, 11 сакавіка 2025 году

Ціханоўская выказала падзяку эўрапейскім краінам, якія апошнімі гадамі прынялі беларусаў. Яна падкрэсьліла агульнасьць лёсаў Беларусі, Украіны, а таксама Грузіі, Малдовы і Армэніі.

«Мы ўсе знаходзімся ў адной зоне няпэўнасьці, пытаючыся ў сябе, хто будзе з намі. Ці будуць нашы краіны калі-небудзь у бясьпецы і вольныя?

Ці мы застанемся ў цені гіганта, сілы, якая не паважае нас, не прызнае наш сувэрэнітэт і адмаўляе нашае месца як свабодных краін Эўропы? Ці павінны мы быць прынесеныя ў ахвяру, прапанаваныя гіганту ў надзеі, што, калі даць яму толькі нас, ён спыніцца, што ён возьме тое, што хоча, і ня пойдзе далей?

Але мы ведаем гісторыю. Голад імпэрыяў ніколі не спатольваецца. Так, мы жывем у няпэўны час, але няпэўнасьць не павінна прыводзіць да ваганьняў. Хто абароніць Эўропу, калі ня самі эўрапейцы? Ці павінны мы заўсёды глядзець праз Атлянтыку ў пошуках абароны, ці прыйшоў час сказаць, што мы будзем адстойваць адно аднаго, нашу і вашу свабоду, як абвяшчае вядомы дэвіз?» — сказала яна.

Гаворачы пра вайну ва Ўкраіне, яна заявіла, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ня хочуць міру, а хочуць толькі падпарадкаваньня.

«Свабодная Беларусь магчымая толькі тады, калі Эўропа будзе моцнай і адзінай. Калі вы абмяркоўваеце пераўзбраеньне Эўропы, я заклікаю вас разглядаць падтрымку Беларусі як інвэстыцыі ў вашую ўласную бясьпеку. Беларусь — ключ да спыненьня прасоўваньня Расеі ў Эўропе. Без свабоднай і незалежнай Беларусі пагроза вайны ня спыніцца ні для Украіны, ні для Эўропы», — дадала яна.

Ціханоўская заклікала павялічыць дапамогу беларускім незалежным СМІ, паказаць ясную эўрапейскую пэрспэктыву для беларусаў, а таксама ўзмацніць ціск на Лукашэнку.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG