Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты будешь сотрудничать, б*, или нет?». Як у Беларусі схіляюць да супрацоўніцтва са спэцслужбамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як беларускія спэцслужбы вэрбуюць інфарматараў і ці мае юрыдычную сілу дамова аб супрацоўніцтве? Пагаварылі зь юрыстам, праваабаронцам і былым вязьнем.

Пасьля вызваленьня з калёніі і ад’езду зь Беларусі Паліна Шарэнда-Панасюк прызналася, што падпісала паперы аб супрацоўніцтве зь сілавікамі і атрымала псэўданім «Эдэльвэйс». На прэс-канфэрэнцыі ў Вільні 10 лютага Шарэнда-Панасюк заявіла, што выбрала такі тактычны ход.

«Я падпісала гэтыя паперы, разумеючы, што магу ніколі ня выйсьці з-за кратаў», — расказала былая палітзьняволеная.

Яна публічна скасавала дамову і заклікала зрабіць тое ж іншых палітвязняў, якім давялося падпісаць падобныя паперы.

Паліна Шарэнда-Панасюк на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні
Паліна Шарэнда-Панасюк на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні

Спэцслужбы многіх краінаў вэрбуюць інфарматараў. Некалі ў Польшчы пасьля сьмерці кіраўніка службы бясьпекі Чэслава Кішчака ў ягоным доме былі знойдзеныя дакумэнты, зь якіх вынікала, што першы дэмакратычны прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса ў 1970–1976 гадах падпісаў дакумэнт аб супрацы з службай бясьпекі і меў мянушку «Болек». Аднак пазьней спэцыяльны суд пастанавіў, што Валэнса ніколі не выконваў гэтую ролю і яго сумленьне чыстае.

«Усе такія справы адбываюцца ў цішыні»

Актыўна вэрбуюць людзей і спэцслужбы Беларусі. 20 сьнежня 2001 году гомельскага лідэра моладзевага руху «Зубр» Андрэя Зайцава знайшлі павешаным. У перадсьмяротнай запісцы Зайцаў паведаміў, што ў ягонай сьмерці вінаватыя супрацоўнікі КДБ, якія яго вэрбавалі.

Праваабаронца Леанід Судаленка ўзгадвае, што дамову аб супрацы яшчэ ў 2007 годзе яму прапанаваў падпісаць незнаёмы чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ. Судаленка тады катэгарычна адмовіўся.

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

«Я разумеў, што калі б падпісаў, мяне б нечым шантажавалі. Дзецьмі, сям’ёй. Я адмовіўся, назаўтра зьвярнуўся да старшыні КДБ ў Гомельскай вобласьці Каржа, цяпер ужо нябожчыка: „Незнаёмы чалавек прапанаваў мне ад вашага імя супрацоўніцтва. Скажыце, гэта ваш чалавек ці самазванец?“ Ён адказаў, што гэта „наш чалавек, але мы вам, маўляў, зла не прычынілі“. Больш мне нічога такога не прапаноўвалі, нават калі я сядзеў у турме. Усе такія справы адбываюцца ў цішыні. Як толькі надаеш розгалас сытуацыі, ад цябе адстаюць.

Чаму прапанавалі Паліне? Паліна — уразьлівы чалавек, яна маці дваіх дзяцей. Магчыма, спэкулюючы сям’ёй, дзецьмі, яны палічылі, што яна можа падпісаць такую паперку. Яна падпісала пагадненьне аб супрацоўніцтве і прызналася ў гэтым. Як і Міхалевіч некалі падпісаў», — кажа Леанід Судаленка.

У 2021 годзе Судаленку асудзілі на 3 гады зьняволеньня, ён цалкам адседзеў тэрмін. Але больш спэцслужбы не прапаноўвалі супрацоўніцтва праваабаронцу, нават калі ён адбываў пакараньне ў «Віцьбе-3».

«Ты будешь сотрудничать, б..., или нет?»

Юрыст у галіне міжнароднага права Алесь Міхалевіч у 2010 годзе балятаваўся на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Яго разам зь іншымі, кандыдатамі ў прэзыдэнты абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і арыштавалі. Пасьля вызваленьня Міхалевіч правёў прэс-канфэрэнцыю і публічна прызнаўся, што падпісаў пагадненьне з КДБ аб супрацоўніцтве. З словаў Міхалевіча, яму прысвоілі псэўданім «Гаўрыла». Да таго ж яго прымусілі выступіць у тэлевізіі з напісаным у КДБ тэкстам.

«У мяне гэта адбывалася выломваньнем рук, зацягваньнем у падвал, пабіцьцём і апусканьнем твару да бруднай падлогі: „Ты будешь сотрудничать, б..., или нет?“ — прабачце за цытату», — кажа Міхалевіч.

Прынцып «дрэннага і добрага паліцыянтаў» нікуды не падзеўся, працягвае юрыст.

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Ёсьць людзі для катаваньня. А потым цябе выклікаюць іншыя людзі, якія быццам бы ня ведалі, што з табой толькі што адбывалася, яны абсалютна ні пры чым, гэта проста „харошыя людзі ў касьцюмчыках“.

Я зрабіў прызнаньне ў Беларусі. Не за мяжой. І падаў заяву ў пракуратуру, сказаў, што дачакаюся, як пакараюць вінаватых... Але зусім іншыя часы былі, тады была „дэмавэрсія“. У той час такія рэчы мог вырабляць толькі цэнтральны апарат КДБ, а сёньня гэта дазваляецца ў кожным ізалятары, калёніі, раённым аддзеле міліцыі», — выказаў думку Алесь Міхалевіч.

​Кіраўнік перадвыбарчага штабу іншага кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава ў 2010 годзе Ўладзімер Кобец заявіў пра дамоўленасьць аб супрацы з КДБ празь некалькі месяцаў пасьля выхаду зь СІЗА КДБ і прызнаньня Алеся Міхалевіча. Паводле Кобеца, супрацоўнікі КДБ фармулявалі патрабаваньні як «добраахвотнае садзейнічаньне органам дзяржаўнай бясьпекі ў рэалізацыі імі канстытуцыйных абавязкаў».

І Алесь Міхалевіч, і Ўладзімер Кобец тады выехалі зь Беларусі.

Прыгадаем некалькі гучных выпадкаў ціску на актывістаў у 2010-х гадах.

Маладафронтаўцы і журналісты

У 2011 годзе, калі тагачасную маладафронтаўку Насту Палажанку зьмясьцілі ў СІЗА КДБ за акцыі 2010 году, іншаму актывісту Міколу Дземідзенку прапанавалі падпісаць дакумэнт аб супрацы з КДБ, абяцаючы выпусьціць на волю Насту. Мікола падпісаў, і тады Насту насамрэч вызвалілі.

У 2017 годзе Сяргей Пальчэўскі, якога некалі затрымлівалі разам са Зьмітром Дашкевічам за «курапацкую вахту» і які пазьней фігураваў у так званай справе «Белага легіёну», прызнаўся, што яго прымусілі падпісаць паперу аб супрацы з КГБ. Сяргею пагражалі крымінальным перасьледам, пазбаўленьнем волі за ДТЗ, якое ён некалі ўчыніў.

Сяргей Пальчэўскі неўзабаве пасьля вызваленьня ў 2017 годзе
Сяргей Пальчэўскі неўзабаве пасьля вызваленьня ў 2017 годзе

У сваёй заяве, распаўсюджанай ў сацыяльных сетках, ён паведаміў, што яму была прысвоена мянушка «Артур», ён падпісаў паперы пад прымусам і раскайваецца ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Пасьля прызнаньня Сяргей Пальчэўскі зьехаў ва Ўкраіну.

У жніўні 2018 году адбыліся затрыманьні журналістаў парталу Tut.by. Пасьля вызваленьня рэдактар фінансавага аддзелу Tut.by Дзьмітры Бобрык расказаў, што падпісаў у Сьледчым камітэце дакумэнт «аб супрацоўніцтве». Журналіст сьцьвярджаў, што яму і ягоным блізкім пагражалі.

Слабыя месцы

Былы палітвязень Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) пасьля адбываньня трохгадовага пакараньня зьехаў зь Беларусі. Але ў яго там засталіся бацькі, таму сапраўднае імя ён не называе. Андрэя прымусілі падпісаць дамову аб супрацоўніцтве ў калёніі ў апошнія дні адбываньня тэрміну. Пагражалі тым, што спакойна жыць на свабодзе не дадуць, кажа Андрэй.

«Летам 2021 году да мяне прыехалі тры супрацоўнікі ГУБАЗіКу зь ператрусам — нібыта я заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў. Шукалі сымболіку, не знайшлі. Але нібыта знайшлі крыху сухога лісьця дзікіх канопляў. Мяне асудзілі спачатку паводле часткі 1-й „наркатычнага“ 328-га артыкулу. Прызначылі паўтара года хатняй хіміі, вызвалілі ў залі суду. І тут жа затрымалі паводле 130-га артыкулу, за „распальваньне варожасьці“. Прысудзілі 3 гады агульнага рэжыму», — кажа суразмоўца.

У калёніі Андрэя часта зьмяшчалі ў ШЫЗА і ПКТ. А перад вызваленьнем на яго пачалі ціснуць, каб падпісаў дамову аб супрацы. Некалькі разоў Андрэя і яшчэ аднаго хлопца «зь нізкім статусам», пра якога хадзілі чуткі, што ён нетрадыцыйнай арыентацыі, выклікалі на размову.

«У кабінэце былі двое: наш апэратыўнік і нейкі чалавек у цывільным. Нас з тым хлопцам па чарзе заводзілі і прымушалі падпісаць паперы. Я спачатку „аднекваўся“: маўляў, „а пра што я вас буду інфармаваць, я з раённага цэнтру родам, ня ведаю ніводнага апазыцыянэра“. Мне прыгразілі, што калі не падпішу, на волі не дадуць жыць спакойна, знойдуць што-небудзь забароненае і я хутка вярнуся ў калёнію. Як я зразумеў, на таго хлопца ціснулі ягонай прыналежнасьцю да сэксуальнай меншасьці. Карацей, пад ціскам мы падпісалі паперы», — прызнаецца Андрэй.

Калі ён вызваліўся і прыехаў да бацькоў у невялікі гарадок, праз пару тыдняў зразумеў, што ўсё адно ад яго не адчэпяцца.

«Штодня прыходзілі па чарзе мясцовыя міліцыянты і супрацоўнікі КДБ, патрабавалі нейкія справаздачы, хацелі адправіць ў нейкі клюб у Менск і „прамацаць“, ці ёсьць там распаўсюднікі наркотыкаў. Карацей, я зьехаў зь Беларусі», — кажа суразмоўца.

Вэрсію Андрэя аб тым, што ў калёніях вэрбуюць тых, на каго ёсьць кампрамат, у каго ёсьць «слабыя» месцы, падцьвердзіў і праваабаронца Леанід Судаленка.

«Калі быў у калёніі, чуў такое ад іншых палітвязьняў, якім штосьці прапаноўвалі. Асабліва калі ёсьць нейкі кампрамат: кагосьці „ловяць“ на наркотыках, кагосьці на жанчынах, і гэта служыць падставай для шантажу. Мы ведаем багата выпадкаў, калі на людзей з супольнасьці ЛГБТ супрацоўнікі КДБ ціснулі з пагрозамі абнародаваць факты пра нетрадыцыйныя адносіны. Ціснуць менавіта на „слабыя месцы“ і прымушаюць людзей падпісвацца аб супрацы», — кажа Леанід Судаленка.

Ніякай юрыдычнай сілы

Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, ніякай юрыдычнай сілы пагадненьні аб супрацоўніцтве ня маюць.

«Як адмыслоўца ў галіне права я разумеў, што ў кожны момант, нават калі б падпісаў гэтую паперу, я мог ад яе адмовіцца. Бо там няма пячатак, гэта хутчэй такое „джэнтэльмэнскае пагадненьне“. Яно нават не каштуе той паперы, на якой было падпісана. Адзінае, якія наступствы маглі б быць, — калі людзі засталіся б Беларусі, іх бы шантажавалі і стваралі розныя перашкоды ў жыцьці», — разважае праваабаронца.

Юрыст, адмыслоўца ў міжнародным праве Алесь Міхалевіч таксама перакананы, што дамовы аб супрацоўніцтве, якія спэцслужбы і сілавікі прымушаюць падпісваць, ніякай юрыдычнай сілы ня маюць.

«Няма тут юрыдычнага пункту гледжаньня, гэта ўвесь набор крымінальнага кодэксу, пачынаючы ад злоўжываньня службовым становішчам. У нармальных краінах ёсьць артыкул аб катаваньні, нанясеньні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, шантаж — там процьма ўсяго. Гэта не пра юрыдычнае.

Зразумейце, катаваньні — гэта дзясятак краін, нават не дзясяткі. Палітзьняволеныя ёсьць ў многіх краінах. Катаваньні ёсьць у вельмі невялікай колькасьці краінаў. Масавыя катаваньні ёсьць яшчэ ў меншай колькасьці краінаў. Гэта па той бок зла», — кажа юрыст Алесь Міхалевіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG