Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Клетка ганьбы», сон на падлозе, пагрозы згвалціць. Праваабаронцы падрыхтавалі даклад аб зьдзеках з жанчын у турмах Беларусі


Жаночая калёнія ў Гомлі. Архіўнае фота
Жаночая калёнія ў Гомлі. Архіўнае фота

У Беларусі цяпер 154 палітзьняволеныя жанчыны. Праваабаронцы «Вясны» да сьвята 8 сакавіка прэзэнтавалі агляд парушэньняў правоў жанчын у месцах няволі ў Беларусі з 2020-га па канец 2024 году.

У дакумэнце, які мае рэдакцыя Свабоды, сабраныя сьведчаньні жанчын, якія сутыкнуліся з катаваньнямі, прыніжэньнямі і гендэрнай дыскрымінацыяй падчас затрыманьня і арышту, а таксама ўтрыманьня ў сьледчых ізалятарах і калёніях.

  • Паводле «Вясны», на 1 сакавіка 2025 году ў Беларусі налічвалася 154 палітзьняволеныя жанчыны.
  • За пэрыяд з 2020-га па канец 2024 году палітычна матываваны крымінальны перасьлед зазналі ня менш як 1562 жанчыны,
  • зь іх на пазбаўленьне волі ў калёніі былі асуджаныя мінімум 348 жанчын.
  • Больш за ўсё жанчын перасьледуюць за ўдзел у пасьлявыбарных акцыях пратэсту 2020 году, вядомых як «жаночыя маршы»: паводле артыкулаў 293, 342, 363 і 364 Крымінальнага кодэксу асудзілі сама меней 993 жанчыны.
  • За камэнтары ў інтэрнэце асудзілі мінімум 592 жанчыны (паводле арт. 368 «Абраза прэзыдэнта», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», арт. 188 «Паклёп», арт. 367 «Паклёп на прэзыдэнта», арт. 391 «Абраза судзьдзі», арт. 130 «Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»).

Ня ўлічваюць асаблівых патрэб жанчын

Згодна зь міжнародна прызнанымі правіламі, павінны прымацца эфэктыўныя захады дзеля забесьпячэньня паважлівага стаўленьня да жанчын-зьняволеных і абароны іхнай годнасьці. Аднак улады ў Беларусі наўмысна робяць усё, каб абмежаваць жанчын у самым неабходным, прынесьці ім дадатковыя пакуты і пакараньне праз стварэньне невыносных умоваў утрыманьня, адзначаецца ў аглядзе «Вясны». Паводле сьведак, зьняважлівае стаўленьне яны адчулі адразу па затрыманьні.

«Кажу ахоўніцы: «У мяне ў рэчах ёсьць зубная шчотка, і шкарпэткі, і сродкі гігіены, так? У мяне там былі пракладкі і тампоны. Магу ўзяць?» Адказвае: «Не дазволена», — расказала Фаціма Камары пра сваё трапляньне ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Паводле сьведчаньняў, жанчын проста пазбавілі сродкаў першай гігіены, яны былі вымушаныя спаць на халоднай падлозе, двойчы за ноч паднімацца і называць сваё імя і прозьвішча. Ад гэтага ў некаторых затрыманых зьяўляліся ці абвастраліся захворваньні, у тым ліку органаў малага таза.

«У мяне пачаўся цыстыт, таму што я спала на падлозе. Дзяўчаты скардзіліся мэдсястры на ўкусы [клапоў], на што яна адказвала: «Таму што вы ня мыецеся, прыходзіце брудныя і нас усіх тут заражаеце», — успамінала іншая палітзьняволеная пра ізалятар на Акрэсьціна.

«Гэта было страшна. Было жудасна холадна. Мы ўсе спалі на падлозе. Матрацаў, зразумела, не выдавалі. Мы рабілі падушкі з хлеба, але ён крышыўся, таму дапамагала ня вельмі», — яшчэ адно сьведчаньне пра ўмовы пасьля затрыманьня.

«Кожны дзень нас выводзілі на пастраеньні ля сьценкі на расьцяжцы. Супрацоўнікі білі пад каленкамі палкай або нагой пастаянна, каб мы ніжэй схіляліся, а ахоўніцы палкай ногі рассоўвалі шырэй. Неяк нас пасадзілі на кукішкі, уключаючы пажылых людзей, якім пад 70 гадоў. Людзі падалі на падлогу і плакалі. Калі мы вярнуліся ў камэру, хтосьці нават страціў прытомнасьць. Больш яны нас не саджалі на кукішкі. Але зьдзекаваліся па-іншаму ўсяляк», — расказала былая арыштантка сьледчай турмы № 8 у Жодзіне Вольга Скрашчук.

Жанчыны ў беларускай турме. Архіўнае фота
Жанчыны ў беларускай турме. Архіўнае фота

Некаторыя жанчыны, якія перажылі затрыманьні, расказвалі праваабаронцам пра адкрытыя пагрозы сэксуальным гвалтам.

«Яны мяне ня білі кулакамі. Пляснулі па задніцы. Усё гэта суправаджалася пагрозамі групавога згвалтаваньня. Ва ўсіх фарбах апісвалі, што будзе, калі ня здам усе паролі. Майку задзіралі. Адзін задзірае, а другі здымае на тэлефон. Гэта так зьневажальна», — расказала на ўмовах ананімнасьці былая палітзьняволеная журналістам «Медиазоны».

Затрыманыя жанчыны перажываюць шмат пакутаў праз асаблівасьці жаночага арганізму.

«У звычайных зьняволеных вобшук выглядаў як абмацваньне і праверка мэталашукальнікам. У нас былі штодзённыя „голыя“ вобшукі, дзе даводзілася спрачацца нават за прадметы асабістай гігіены. Калі ў кагосьці былі месячныя, трэба было аддзіраць пракладку і паказваць, што пад ёй. Гэта быў акт прыніжэньня», — сьведчыла пра знаходжаньне на «Валадарцы» былая палітзьняволеная Ася Булыбенка для «Салідарнасьці».

Да жанчын прымяняюць у тым ліку фізычную сілу, спэцсродкі, нават электрашокер.

«Ставяць на расьцяжку, задзіраюць рукі ў кайданках, б’юць шокерам па нагах — спачатку па адной, потым па другой. Потым проста бʼюць рукамі па твары. Нямоцна, але я раней не сутыкалася з гвалтам», — з расповеду для «Медиазоны» былой палітзьняволенай Алесі Буневіч.

А вось што прыгадала пра затрыманьне Алена Маўшук зь Пінску, якая вызвалілася ў 2025 годзе:

«Супрацоўніца міліцыі сарвала зь мяне туфлі, бо яны былі ў крыві. Мяне басанож і ў адной летняй сукенцы закінулі ў камэру. Ноч я правяла адна, але мяне пакусалі насякомыя».

Умовы ў жаночых калёніях

У Беларусі існуе дзьве папраўчыя калёніі для жанчын: для ўпершыню асуджаных — № 4 у Гомлі, і для тых, хто раней адбываў пазбаўленьне волі, — № 24 у Зарэччы Рэчыцкага раёну, інфармуюць аўтары агляду «Вясны».

Паводле зьвестак, асуджаныя жанчыны жывуць у атрадах прыблізна па 80-100 чалавек, носяць аднолькавае адзеньне, працуюць на швейнай фабрыцы ў дзьве зьмены, у невялікі свабодны час абавязаныя глядзець праграмы па дзяржаўным ці ўнутраным тэлебачаньні. Часу на ліставаньне з блізкімі ці на іншыя асабістыя справы амаль не застаецца, сьведчаць асуджаныя. Праваабаронцы робяць выснову, што адміністрацыі ўстановаў бачаць сваю задачу ў тым, каб вынішчыць у жанчынах індывідуальнасьць.

«Чым ты лепшая ў калёніі, тым ты горшая. Калі на волі цэніцца твая індывідуальнасьць і твае адрозьненьні, то тут наадварот. Там трэба зраўняць сябе з травой, груба кажучы. Трэба стаць настолькі кругленькім, каб не было за што зачапіцца. Гэта рэальнасьць той турмы, у якой я была», — расказала былая палітзьняволеная жаночай калёніі ў Гомлі Яна Жураўлёва.

Жанчыны-асуджаныя ідуць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі. Архіўнае фота
Жанчыны-асуджаныя ідуць строем у сталовую ў жылой зоне Гомельскай жаночай калёніі. Архіўнае фота

Усіх палітычных адразу ставяць на прафіляктычны ўлік як «схільных да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці»: яны павінны насіць нашыўкі жоўтага колеру на адзеньні, спаць толькі на другім ярусе ложкаў, тры-чатыры разы на дзень выходзіць на праверку на вуліцу пры любым надвор’і. Нават пасьля прыбіраньня сьнегу ў мокрай вопратцы жанчыны мусяць стаяць каля 30 хвілінаў на марозе.

«Жоўтай катэгорыі» адразу кажуць, што будуць дзяўбці за ўсё што заўгодна. І, натуральна, мы нічога не рабілі з таго, што нельга, таму што не хацелі ні сабе праблем, ні іншым. Гэта значыць, калі нас зьмясьцілі ва ўмовы, дзе мы пакутуем крыху больш, то мы гатовыя гэта несьці, абы не пакутавалі ад нас усе астатнія. У маім атрадзе была калектыўная адказнасьць.

Напрыклад, калі сядзіш пʼеш гарбату зь дзяўчатамі-«экстрэмісткамі», то трэба сядзець так, каб ні ў кога нават думак ня ўзьнікла, што мы нейкай шакалядкай можам абмяняцца. У калёніі заўсёды прысутнічае адчуваньне позірку ў сьпіну — там усе агенты, усе «стучат», — падзялілася былая палітзьняволеная Яна Жураўлёва.

«Клетка ганьбы»

Яшчэ ў канцы 1990-х гадоў праваабаронцам стала вядома, што ў гомельскай жаночай калёніі ў якасьці пакараньня практыкуюць зьмяшчэньне асуджанай, якая дапусьціла правіннасьць, у жалезную клетку. У наступныя гады супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС запэўнівалі, што ад гэтага спагнаньня даўно пазбавіліся, але высьветлілася, што жалезная клетка ў ПК-4 працягвае існаваць.

Паводле сьведак, «клетка ганьбы» ў калёніі № 4 разьмешчаная паміж жылой і вытворчай зонамі, на прыступках перад варотамі на фабрыку. Гэта прастакутнік з мэталічных прутоў даўжынёй каля паўтара мэтра, а шырынёй — каля двух. Жанчыны могуць знаходзіцца там ад гадзіны да трох-чатырох пры любым надвор’і.

«Там можна толькі стаяць, у ёй няма нават крэсла, а калі сесьці на зямлю, то час знаходжаньня ў гэтым „памяшканьні“ можа павялічыцца. У клетку ставяць пры любым надворʼі і любым настроі. Часта проста адтуль адпраўляюць адразу ў ШЫЗА. У ёй няма дзе разьвярнуцца, дзясяткі людзей праходзяць міма, глядзяць на цябе і думаюць: „Што яна нарабіла?“. Адміністрацыя, якая павінна „перавыхоўваць“, ходзіць і кпіць», — расказала былая палітзьняволеная Дар’я Чульцова.

Прымусовая праца і аплата за яе

Працяглая праца на холадзе і ў мокрай вопратцы без магчымасьці абагрэцца і пераапрануцца вядзе да хваробаў, а згодна зь беларускім заканадаўствам, жанчын нельга прыцягваць да працы, якая зьвязана з падыманьнем і перамяшчэньнем цяжараў вагою больш за 10 кіляграмаў, нагадваюць праваабаронцы. Між тым адносна асуджаных жанчын гэтае правіла ня дзейнічае, сьведчаць суразмоўцы «Вясны».

«Узімку жанчын да або пасьля працы масава прымушаюць прыбіраць сьнег — яго спачатку чысьцяць, а потым выносяць у торбах. Калі рыдлёўкай немагчыма расчысьціць сьнег, то яны вёдрамі носяць кіпень, растопліваюць, а потым лужы зграбаюць у вёдры і выносяць. За дзень на прыбіраньне сьнегу зьняволеных могуць выклікаць нават тры разы. Праца на дварэ ў мароз можа цягнуцца больш за гадзіну. Але пасьля гэтага ў жанчын няма магчымасьці прасушыць іхныя рэчы, пасьля чысткі сьнегу яны могуць увесь дзень хадзіць у мокрай вопратцы і абутку, ад чаго яны часта хварэюць», — паведаміла на ўмовах ананімнасьці былая палітзьняволеная.

«За гаспадарчыя работы наогул не плацілі. Праца швачкай аплачвалася. Я атрымлівала каля 100 рублёў у месяц, зь якіх вылічвалі больш за 60 рублёў на апякунскія выплаты для дачкі. Былі месяцы, калі на рахунку ў мяне заставалася сем рублёў. На гэтыя грошы можна было купіць што-небудзь у турэмнай краме. Хапала на адзін-два пачкі цыгарэт. Калі з волі не прыходзіла грашовых пераводаў, то і атаварвацца не было за што», — успамінала Алена Маўшук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG