Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец, падазраваны ў шпіянажы, — кандыдат на высокую пасаду ў АБСЭ ў галіне бясьпекі ў Сэрбіі і Цэнтральнай Азіі. Расьсьледаваньне Свабоды


Дзьмітрый Іярданідзі, каляж
Дзьмітрый Іярданідзі, каляж

Расейскі дыплямат, якога прымусілі ціха пакінуць Брусэль праз абвінавачаньні ў шпіянажы, вылучаны на ключавую кіроўную пасаду ў АБСЭ.

Расейскага дыплямата, адкліканага з Брусэлю падчас распачатай бэльгійскімі ўладамі шпіёнскай чысткі, прапанавалі на пасаду кіраўніка бялградзкай місіі найбуйнейшага ў Эўропе міжнароднага органу бясьпекі. Гэта паказала сумеснае расьсьледаваньне Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа і шэрагу эўрапейскіх СМІ.

Расьследаваньне Свабоды падрыхтавалі журналісты Карл Шрэк, Марк Крутаў, Рыйн Альяс і Сяргей Дабрынін.

Масква вылучыла Дзьмітрыя Іярданідзі кандыдатам на кіраўніка місіі Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе (АБСЭ) у Сэрбіі, сьведчаць унутраныя матэрыялы АБСЭ, атрыманыя Радыё Свабода. Раней Іярданідзі быў намесьнікам кіраўніка місіі АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне, ён мае вялікі досьвед працы на Балканах.

Ягоная кандыдатура вылучаная ў той час, як Злучаныя Штаты і эўрапейскія ўрады выказваюць усё больш крытыкі на адрас «шкоднай» расейскай дзейнасьці ў рэгіёне, за які адказвае рэгіянальны орган бясьпекі 57 краінаў зь сядзібаю ў Вене.

55-гадовы Іярданідзі — адзін з 20 расейскіх дыпляматаў, якія паціху выехалі з Брусэля ў 2023 годзе — тады Служба дзяржаўнай бясьпекі Бэльгіі (VSSE) абвінаваціла іх у тым, што яны шпіёны пад прыкрыцьцём. Сьпіс, складзены бэльгійскай выведкай, пацьвердзілі незалежна адна ад аднае тры заходнія выведныя крыніцы.

Сумеснае расьсьледаваньне, якое выкрыла гэтыя факты, правялі Радыё Свабода, брусэльскі навінавы сайт EUobserver, бэльгійская штодзённая газэта De Morgen, бэльгійскі штотыднёвік Humo і француская штодзённая газэта Le Monde.

Адна з крыніц у выведцы назвала шпіёнскую чыстку «нагодай апаражніць нашу шуфляду» пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Хоць урад Бэльгіі не публікуе сьпісаў акрэдытаваных у краіне дыпляматаў, а расейская дыпляматычная місія ў Брусэлі — імёнаў сваіх супрацоўнікаў, Радыё Свабода незалежна спраўдзіла прысутнасьць некалькіх высланых расейскіх дыпляматаў у Бэльгіі ў 2023 годзе.

Расейскія дыпляматы, якіх дагэтуль публічна не ідэнтыфікавалі, пазначаныя ў сьпісе як зьвязаныя з Службай зьнешняй выведкі Расеі (СВР) або яе ўпраўленьнем вайсковай выведкі, так званым ГРУ.

Паводле адной з крыніц у выведцы, Іярданідзі, пазначаны ў сьпісе бэльгійскай выведкі як звязаны з СВР, — адзіны дыплямат сярод гэтых дваццаці, які ня быў абвешчаны пэрсонай нон грата. Згодна з крыніцай, Расея адклікала Іярданідзі пасля таго, як Бэльгія паведаміла: калі Масква яго не адкліча, ён будзе абвешчаны пэрсонай нон грата.

Цяпер Масква спрабуе вярнуць Іярданідзі ў АБСЭ, шматбаковую арганізацыю зь сядзібаю ў Вене. Да ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе АБСЭ адыгрывала цэнтральную ролю ў маніторынгу расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і ў спробах пасярэдніцтва паміж Масквой і Кіевам.

Згодна з дакумэнтам, атрыманым Радыё Свабода, Іярданідзі быў адным з васьмі кандыдатаў на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Сэрбіі пасьля заканчэньня тэрміну падачы кандыдатур 1 сьнежня 2024 году.

Ва ўнутраным дакуменце АБСЭ высланы з Бэльгіі Дзьмітрый Іярданідзі фігуруе як кандыдат на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Сэрбіі
Ва ўнутраным дакуменце АБСЭ высланы з Бэльгіі Дзьмітрый Іярданідзі фігуруе як кандыдат на пасаду кіраўніка місіі АБСЭ ў Сэрбіі

Расея таксама вылучыла яго на пасаду кіраўніка праграмнага офісу АБСЭ ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку і на аналягічную пасаду ў сталіцы Казахстану Астане.

У электронным лісьце АБСЭ паведаміла, што набор на ўсе тры пасады яшчэ працягваецца і што арганізацыя ня можа камэнтаваць гэтае пытаньне зь меркаваньняў канфідэнцыйнасьці.

Кандыдатаў на такія пасады прызначае дзейны старшыня АБСЭ — цяпер гэта міністар замежных спраў Фінляндыі Эліна Валтанэн — па ўзгадненьні з высокапастаўленымі цяперашнімі і былымі службовымі асобамі АБСЭ і краінамі, якія прымаюць адпаведныя місіі, паведаміла прэс-сакратар АБСЭ Аляксандра Тэйлар.

«Мы вядзем пільную працэдуру набору на ўсе нашы пасады ў АБСЭ», — сказаў Тэйлар.

Заходнія чыноўнікі і ўрады абвінавацілі Маскву, што тая сабатуе працу АБСЭ і злоўжывае прынятай у арганізацыі палітыкай кансэнсусу, у тым ліку ў сувязі з вайной Расеі супраць Украіны — самай маштабнай і самай кровапралітнай у Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны.

Расея крытыкавала АБСЭ, заяўляючы, што арганізацыя «перафарматуецца ў прыдатак NATO і ЭЗ».

У лістападзе 2023 году Радыё Свабода апублікавала расьсьледаваньне меркаванага ўплыву расейскіх спэцслужбаў на АБСЭ. Пасьля гэтага Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, якая мае на мэце спрыяць дыялёгу паміж краінамі-сябрамі, заклікала кіраўніцтва АБСЭ «распачаць адпаведныя дыскусіі і праверкі бясьпекі, каб пазбавіць арганізацыю ад расейскага дэструктыўнага ўплыву».

А ў сакавіку 2023 году расьсьледаваньне Радыё Свабода паказала: Расея адпраўляла сваіх дыпляматаў, высланых краінамі ЭЗ за меркаваны шпіянаж, у сваю амбасаду ў Сэрбіі, дзе прэзыдэнт Аляксандар Вучыч імкнуўся захаваць традыцыйна моцныя сувязі Бялграда з Расеяй.

Ні Іярданідзі, ні амбасада Расеі ў Брусэлі не адказалі на просьбы аб камэнтарах. VSSE таксама не адказала на просьбу аб камэнтары.

Балканскія падарожжы

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе і ЗША, і ўрады краін Эўразьвязу павысылалі сотні расейскіх дыпляматаў, у тым ліку з прадстаўніцтваў Расеі ў Брусэлі — у Бэльгіі і пры сядзібе Эўразьвязу.

Як паказала расьсьледаваньне Радыё Свабода, сярод іх быў Аляксандар Студзянікін. ЭЗ выслаў яго за «незаконныя і падрыўныя дзеяньні», але ў сьнежні 2023 году на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах у Сэрбіі ён зноў стаў назіральнікам ад АБСЭ.

Публічны сьлед Іярданідзі ў бэльгійскай сталіцы быў нязначны, хоць, здаецца, у 2023 годзе ў ягонай дыпляматычнай кар’еры, зьвязанай у асноўным з Балканамі, якраз адбыўся геаграфічны паварот.

Дзьмітрый Іярданідзі, кіраўнік місыі АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне
Дзьмітрый Іярданідзі, кіраўнік місыі АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне

Як відаць з агульнадаступных зьвестак, па стане на 2009 год ён працаваў першым палітычным сакратаром у амбасадзе Расеі ў Сараеве, а празь некалькі гадоў — кіраўніком рэгіянальнага офіса АБСЭ ў Баня-Луцы, адміністрацыйным цэнтры Рэспублікі Сэрбскай у складзе Босьніі.

У траўні 2013 году Іярданідзі сядзеў паміж прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым падчас іх сустрэчы з тагачасным прэзыдэнтам Сэрбіі Томіславам Нікалічам у летняй рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта ў курортным горадзе Сочы на поўдні Расеі. Быў там і Вучыч, на той час — міністар абароны Сэрбіі і першы віцэ-прэм’ер.

Іярданідзі паміж Уладзімірам Пуціным і Сяргеем Лаўровым. 2013
Іярданідзі паміж Уладзімірам Пуціным і Сяргеем Лаўровым. 2013

Пазьней Іярданідзі стаў намесьнікам кіраўніка місіі АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне ў Сараеве і, як выглядае, пакінуў гэтую пасаду ў другой палове 2022 або на пачатку 2023 году.

Крыніца АБСЭ, якая пажадала застацца неназванай, успамінае, што Іярданідзі зьехаў з Сараева ў Бэльгію, а адна з крыніц у выведцы, зь якой мы зьвязаліся пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу, сказала, што ён прыбыў у 2023-м і ў тым жа годзе зьехаў пад ціскам.

Рэпартэрам не ўдалося знайсьці ў адкрытых крыніцах доказы, што ў гэты кароткі час Іярданідзі працаваў у расейскай амбасадзе ў Брусэлі. Гэта рэзка кантрастуе зь ягонай працай у АБСЭ ў Босьніі і Герцагавіне — там ён часта даваў інтэрвію і зьяўляўся на публіцы.

Большая частка ягонай ранейшай публічнай працы ў АБСЭ на Балканах была зьвязаная з праблемамі навакольнага асяродзьдзя і прасоўваньнем грамадзянскіх свабод.

Радыё Свабода прагледзела расейскія базы дадзеных, якія выцеклі зь дзяржаўных арганізацый — пра жыльлё, транспартныя сродкі і падаткі. Яны не адлюстроўваюць ніякай відавочнай сувязі паміж Іярданідзі і расейскай выведкай. Такая сувязь, аднак, назіраецца ў дачыненьні да іншых расейцаў з чорнага сьпісу бэльгійскай шпіёнскай чысткі, у якім фігуруе і Іярданідзі.

ГРУшнікі ў Брусэлі

Сярод 19 іншых расейскіх дыпляматаў у складзеным бэльгійскай выведкай сьпісе меркаваных шпіёнаў разам з Іярданідзі быў Аляксандар Кавальчук, які фармальна займаў пасаду дарадцы ў амбасадзе Расеі ў Брусэлі.

У выцеку пра месца ягонага жыхарства хатнім адрасам Кавальчука пазначана вуліца Народнага апалчэньня, 50 у Маскве. Гэта адрас Вайсковай акадэміі Міністэрства абароны Расеі. Акадэмія шырока вядомая як «кансэрваторыя ГРУ» — пад гэтай абрэвіятурай традыцыйна фігуруе расейская ўправа вайсковай выведкі.

Штаб-кватэра ГРУ Расеі ў Маскве, архіўнае фота
Штаб-кватэра ГРУ Расеі ў Маскве, архіўнае фота

Таксама ў сьпісе меркаваных дыпляматаў-шпіёнаў значыцца Сяргей Чарапанаў, які займаў пасаду другога сакратара амбасады Расеі ў Брусэлі. Выцек расейскіх урадавых дакумэнтаў паказвае, што ён раней працаваў у Акадэміі ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня ў Маскве і быў зарэгістраваны па адрасе, зьвязаным з вайсковай часткай 46179, якая спэцыялізуецца на сэйсьмічным і інфрагукавым назіраньні праз спадарожнікі і належыць да 12-га галоўнага ўпраўленьня, што адказвае за ядзерную бясьпеку.

Указаны адрас пражываньня яшчэ аднаго высланага расейскага дыплямата, Дзьмітрыя Замагільных, які працаваў у тэхнічнай службе амбасады, зьвязаны з вайсковай часткай 92154 спэцназу ГРУ.

Тым часам адзін з высланых дыпляматаў, Сяргей Гудзілін, фатаграфаваў вайсковы аб’ект недалёка ад бэльгійскай сталіцы, сьведчаць агульнадаступныя дадзеныя ягонага акаўнта ў фітнэс-прыкладаньні Strava.

У ліпені 2021 году ён разьмясьціў у сваім акаўнце Strava фатаграфію радыёлякацыйнай станцыі Bertem. Гэтая станцыя ўваходзіць у бэльгійскую сетку кіраваньня паветраным рухам, якая пастаўляе бэльгійскім вайскоўцам радыёлякацыйныя дадзеныя.

Запыты, накіраваныя на пазначаныя адрасы электроннай пошты Кавальчука, Чарапанава, Замагільных і Гудзіліна, засталіся без адказу.

20 меркаваных расейскіх шпіёнаў, высланых згодна са сьпісам, дадаліся да 48 раней высланых сябраў расейскіх дэлегацый у ЭЗ і NATO.

«Бэльгія жадае падтрымліваць нармальныя дыпляматычныя адносіны з Расеяй, але ня можа дапусьціць, каб гэтымі адносінамі злоўжывалі ў шпіёнскіх мэтах», — заявіў прэс-сакратар МЗС Бэльгіі П’ер Стэвэрлінк.

Новыя пагрозы

Пасьля таго як Расея ў 2022 годзе распачала ўварваньне ва Ўкраіну, эўрапейскія краіны павысылалі агульным лікам больш за 700 расейскіх дыпляматаў — у тым ліку меркаваных шпіёнаў. Тым часам заходнія экспэрты папярэджваюць, што пагроза з боку Масквы не спадае.

«Мы заўважылі... невялікае зьмяншэньне здольнасьці [расейскіх спэцслужбаў] праводзіць шкодныя выведныя апэрацыі ў нашых краінах, але яна аднавілася», — сказаў у інтэрвію EUobserver Джэймз Апатурай, высокапастаўлены чыноўнік NATO, які спэцыялізуецца на гібрыднай вайне.

Апатурай дадаў, што Расея перамясьціла ўвагу на вярбоўку ў інтэрнэце, усё часьцей прыцягваючы да дывэрсій злачынныя групоўкі і асоб, якія дзейнічаюць несьвядома.

«Гэтыя „агенты“ часта нават не разумеюць, на каго яны працуюць, — сказаў Апатурай. — Яны ўчыняюць падпалы, крушэньні цягнікоў, нават напады на маёмасьць палітыкаў — а расейская выведка цягне за ніткі зь ценю».

Як паведаміў у мінулым месяцы нямецкі часопіс Der Spiegel, нямецкія сьледчыя падазраюць, што нядаўняя сэрыя выпадкаў аўтамабільнага вандалізму ў краіне была прафінансаваная расейскім кліентам, а саўдзельнікі нізкага ўзроўню ажыцьцявілі яе пад выглядам кліматычнага актывізму.

Пракуратура гораду Ульм на поўдні Нямеччыны заявіла, што ў сувязі больш як з 100 выпадкамі вандалізму, калі выхлапныя трубы аўтамабіляў залівалі мантажнай пенай, затрымалі чатырох асобаў. Сярод падазраваных — выхадцы з Румыніі, Сэрбіі і Босьніі.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск у студзені абвінаваціў Расею ў падрыхтоўцы тэрарыстычных нападаў супраць неназваных аб’ектаў з выкарыстаньнем самалётаў пасьля двух паасобных інцыдэнтаў — у Літве і Вялікай Брытаніі, — калі загараліся пасылкі DHL.

«Я ня буду паглыбляцца ў падрабязнасьці, я магу толькі пацьвердзіць абгрунтаванасьць асцярог, што Расея плянавала акты паветранага тэрарызму ня толькі супраць Польшчы, але і супраць авіякампаній па ўсім сьвеце», — сказаў Туск на прэс-канфэрэнцыі.

Масква неаднаразова адмаўляла абвінавачаньні заходніх урадаў у сваёй датычнасьці да тэрарыстычных атак на Захадзе, у тым ліку падпалаў, атручваньняў і нападаў на асоб.

Гэты рэпартаж дапамагла падрыхтаваць Мір’яна Еўтавіч з Балканскай службы Радыё Свабода.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG