Рашэньне, паводле яго, прынята па выніках шасьцітыднёвай праверкі.
«У рамках 5200 кантрактаў, якія зараз адмяняюцца, дзясяткі мільярдаў даляраў былі выдаткаваныя такім чынам, што не паслужылі (а ў некаторых выпадках нават нашкодзілі) асноўным нацыянальным інтарэсам ЗША», — напісаў ён.
Пасьля кансультацый з Кангрэсам Дзярждэпартамэнт мае намер больш эфэктыўна кіраваць астатнімі праграмамі — гэта каля 1000 праграм, адзначыў Рубіё.
У канцы лютага адміністрацыя Дональда Трампа заявіла аб спыненьні больш як 90% дапамогі замежным дзяржавам праз USAID. Паведамлялася, што агулам амэрыканскія ўлады спынілі дзеяньне каля 5800 грантаў, а больш за 500 грантаў USAID захаваліся.
У пачатку сакавіка Вярхоўны суд ЗША адмовіўся задаволіць запыт уладаў аб замарожваньні каля 2 мільярдаў даляраў, якія павінныя быць выплачаныя замежным арганізацыям праз USAID за ўжо выкананыя праекты.
- USAID — незалежнае амэрыканскае ўрадавае агенцтва, створанае Кангрэсам у 1961 годзе і якое налічвае каля 10 тысяч супрацоўнікаў па ўсім сьвеце.
- Гэта асноўнае падразьдзяленьне ўраду ЗША ў аказаньні міжнароднай дапамогі, якое штогод атрымлівае ад Кангрэсу дзясяткі мільярдаў даляраў на фінансаваньне праграм у самых бедных краінах сьвету.
- У нядаўняй справаздачы Дасьледчай службы Кангрэсу ЗША (CRS) гаворыцца, што ў 2023 фінансавым годзе USAID распарадзілася больш як $40 млрд, выдзеленымі на падтрымку праектаў у 130 краінах.
- У тройку найбуйнейшых атрымальнікаў дапамогі ўвайшлі Ўкраіна, Этыёопія і Ярданія.
Форум