Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Ціханоўскі 2 гады — у рэжыме інкамунікада. Экспэрты ААН патрабуюць ад уладаў Беларусі паведаміць пра ягоны лёс


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Жонка палітвязьня, палітык Сьвятлана Ціханоўская, больш за чатыры гады ня мела размовы з мужам.

9 сакавіка споўнілался роўна 2 гады, як сям’я апошні разам атрымала весткі ад Сяргея Ціханоўскага з калёніі. Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў сваіх сацсетках апублікавала пост з нагоды другой гадавіны ўтрыманьня Сяргея Ціханоўскага бяз сувязі з вонкавым сьветам.

«Прайшло два гады з дня, калі я апошні раз чула навіны пра Сяргея. Два гады пастаяннай трывогі і страху. Кожны дзень мяне мучаць пытаньні, на якія ніхто ня можа адказаць. „Як ён сябе адчувае сёньня?“, „Ці дазваляюць яму выходзіць на вуліцу?“, „Як яго здароўе?“» — гаворыцца ў пасьце Ціханоўскай.

У ім яна адзначае, што часта ўзгадвае дні, калі мы яны з мужам былі побач.

«За апошнія гады я аб’ехала дзясяткі краін, пагутарыла з сотнямі палітыкаў і дыпляматаў, пазнаёмілася з сусьветнымі лідарамі. Але ніводзін дзень не заменіць мне простага летняга вечара, калі мы былі разам усёй сям’ёй. Рэжым ня толькі адабраў у нас свабоду і дом. Ён пазбавіў нас магчымасьці быць побач зь любімымі людзьмі», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Беларуская дэмакратычная лідэрка таксама нагадала, што яна «не адна ў сваім горы» і што цяпер «сотні дзяцей чакаюць дня, калі зноў пачуюць голас таты, зноў адчуюць яго абдымкі», «сотні жонак пакутуюць ад расстаньня з мужамі і зь цеплынёй узгадваюць сумесныя вячэры».

«Няпроста год за годам захоўваць вытрымку, але ніхто з нас не самотны ў сваім горы. Калі я знаходжуся сярод беларусаў і бачу, як нашыя боль і злосьць штурхаюць нас да зьмены сытуацыі ў Беларусі, я адчуваю, як той летні вечар зь сям’ёй становіцца крыху бліжэй. Мы ня спынімся, пакуль усе нашы родныя ня вернуцца дадому. І тады Беларусь стане краінай, дзе ня трэба штодня баяцца за сваіх блізкіх», — напісала Ціханоўская.

Экспэрты ААН запатрабавалі ад беларускіх уладаў паведаміць пра лёс і месцазнаходжаньне Ціханоўскага

У другую гадавіну адсутнасьці якой-небудзь інфармацыі пра Сяргея Ціханоўскага экспэрты ААН запатрабавалі ад беларускіх уладаў паведаміць пра ягоны лёс і месцазнаходжаньне. Адсутнасьць інфармацыі пра яго (рэжым інкамунікада) экспэрты лічаць «гвалтоўным зьнікненьнем».

Пад заявай падпісалася 16 чалавек, у тым ліку кіраўнікі і сябры рабочай групы ААН па гвалтоўных або адвольных затрыманьнях, спэцыяльны дакладчык па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (ад Рады ААН па правах чалавека) Нільс Муйжніекс, спэцдакладчык ААН па абароне права на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне Ірэн Хан, спэцдакладчык па прасоўваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў ва ўмовах барацьбы з тэрарызмам Бэн Сол.

У сваёй заяве экспэрты нагадваюць, што некалькі іншых сябраў дэмакратычных сілаў таксама зазналі гвалтоўнае зьнікненьне ці доўгі час знаходзяцца за кратамі бяз сувязі са зьнешнім сьветам, сярод іх — Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Марыя Калесьнікава і Максім Знак.

«Беларусь павінна спыніць выкарыстаньне гвалтоўных зьнікненьняў у дачыненьні да палітычных апанэнтаў і грамадзянскіх актывістаў. Мы глыбока занепакоеныя працягам утрыманьня пад вартай бяз сувязі са зьнешнім сьветам і жорсткім абыходжаньнем з жанчынамі і мужчынамі — палітычнымі зьняволенымі», — гаворыцца ў заяве.

Экспэрты адзначаюць, што тых, хто знаходзіцца бяз сувязі са зьнешнім сьветам, утрымліваюць у працяглым адзіночным зьняволеньні, пазбаўляюць зносінаў зь сем’ямі і юрыдычнага прадстаўніцтва, неабходнай мэдыцынскай дапамогі. Агулам палітвязьні ў Беларусі, паводле экспэртаў, знаходзяцца «ў бесчалавечных умовах, раўнавартасных катаванням».

Экспэрты падкрэсьліваюць, што «гвалтоўнае зьнікненьне Ціханоўскага і іншых зьяўляецца абуральным парушэньнем міжнароднага права», і патрабуюць ад беларускіх уладаў «неадкладна раскрыць іх лёс і месцазнаходжаньне і агулам забясьпечыць палітычным апанэнтам і грамадзянскім актывістам, якія ўтрымліваюцца ў ізаляцыі і ў працяглым адзіночным зьняволеньні, сувязь са зьнешнім сьветам».

  • Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-канала «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету па зборы подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да іх не дапусьцілі.
  • 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 КК), грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК), перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (артыкул 191 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 13 КК).
  • У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
  • Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам беларускіх уладаў вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.
  • Па стане на 9 сакавіка праваабаронцам вядома таксама аб працяглым утрыманьні ў рэжыме інкамунікада палітвязьняў Максіма Знака, Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Віктара Бабарыкі, Уладзімера Кнігі, Андрэя Навіцкага і Аляксандра Францкевіча.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG