Паведамляецца, што 10–13 ліпеня адбудуцца «паказальныя выступленьні спэцпадразьдзяленьняў МУС і выхаванцаў вайскова-патрыятычных клюбаў», і, у прыватнасьці, «эмацыйнае спаборніцтва — «Забег у паўзунках».
Таксама можна будзе «пракаціцца зь міліцыянэрамі на сэгвэях, электраскутэрах і трыцыклах».
Ведамства адзначае, што гасьцей фэстывалю чакаюць «скаладром, вяровачная пераправа, інтэрактыўны цір, выстава рэтра- і сучаснай тэхнікі і ўзбраеньня, роставыя фігуры і фотазоны». Акрамя таго, можна будзе «азнаёміцца зь дзейнасьцю аддзелаў і ўстаноў адукацыі МУС, пакаштаваць салдацкай кашы і атрымаць асалоду ад канцэрту».
«Яскравым акордам сьвята», паводле МУС, «стане рэканструкцыя бою часоў Вялікай Айчыннай вайны».
Распараджэньне аб правядзеньні ў 2025 годзе Міжнароднага фэстывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з 10 па 13 ліпеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 красавіка.
Як паведамляла яго прэсавая служба, з улікам «існуючай практыкі дзяржаўнай падтрымкі» для арганізатараў і ўдзельнікаў фэстывалю «прадугледжаныя асобныя льготы і прэфэрэнцыі».
Таксама для гасьцей фэстывалю з 71 дзяржавы ў пэрыяд з 4 па 20 ліпеня 2025 году ўстаноўлены бязьвізавы парадак уезду ў Беларусь, часовага знаходжаньня і выезду з краіны.
- «Славянскі базар» праводзіцца ў Віцебску з 1992 году. У праграме прадстаўленыя розныя віды культуры і мастацтва — ад музыкі да выяўленчага мастацтва. Традыцыйна мае праўладную і прарасейскую скіраванасьць.
- На лістапад 2024 году ў сыстэме Міністэрства ўнутраных спраў функцыянавала 159 вайскова-патрыятычных клюбаў, дзе займалася больш за 5,5 тыс. дзяцей.
- «Вайскова-патрыятычныя заняткі» зь дзецьмі праводзяць дзейныя афіцэры, прапаршчыкі, кантрактнікі, а таксама вайскоўцы тэрміновай службы, заяўляў намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Дзьмітрый Мікша. «Асноўны ўпор» пры правядзеньні гэтых заняткаў, паводле яго сьцьвярджэньня, зроблены на тактычную, інжынэрную і агнявую падрыхтоўку, ваенную тапаграфію, рукапашны бой.
- 20 лістапада летась начальнік аддзелу ўправы маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня галоўнай ўправы ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Ўладзімір Ігнацік паведамляў, што ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Беларусі дзейнічае 155 вайскова-патрыятычных клясаў.
- У чэрвені 2024 году міністар адукацыі Андрэй Іванец заяўляў, што праца для «патрыятычнага, грамадзянскага выхаваньня» ў Беларусі «сёньня пачынаецца ў дзіцячым садку».
- Улады ўзмацнілі ідэалягізацыю адукацыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, імаверна, ацаніўшы масавасьць маладых неляяльных грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах.
Форум