Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп выступіць перад Кангрэсам. Гаворка пойдзе і пра Ўкраіну


Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.
Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вечарам у аўторак (у 5.00 раніцы серады па беларускім часе) выступіць са зваротам да сумеснай сэсіі Кангрэсу ЗША — першым з моманту свайго ўступленьня на пасаду ў студзені.

Чакаецца, што ён выкажа пляны сваёй адміністрацыі ў вонкавай і ўнутранай палітыцы і закране ў тым ліку тэмы вайны ва Ўкраіне.

Расейская служба «Голасу Амэрыкі» будзе весьці жывую трансьляцыю з Кангрэсу ЗША.

У Белым доме паведамілі, што галоўнай тэмай выступленьня стане «Адраджэньне амэрыканскай мары».

Афіцыйна гаворка не ідзе пра канстытуцыйнае пасланьне «Аб стане краіны», аднак размова будзе мець усе атрыбуты такога пасланьня, зь якім прэзыдэнты зьвяртаюцца да Кангрэсу адзін раз на год.

Fox News са спасылкай на прадстаўнікоў Белага дома паведамляе, што прамова Трампа будзе складацца з чатырох асноўных частак: апісаньня дасягненьняў адміністрацыі за першыя некалькі тыдняў яе працы, эканамічных пытаньняў, тэмы забесьпячэньня бясьпекі межаў і міжнароднай палітыкі.

У гэтым апошнім разьдзеле свайго выступу прэзыдэнт, як чакаецца, выкладзе свае пляны па аднаўленьні міру ва ўсім сьвеце. Паводле дадзеных крыніц Fox, гаворка пойдзе ў тым ліку і аб пляне мірнага ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне. Падрабязнасьці невядомыя. У аўторак стала вядома, што Трамп распарадзіўся прыпыніць пастаўкі Ўкраіне зброі і вайсковай тэхнікі.

Сам Трамп напярэдадні напісаў, што «заўтра будзе выбітны вечар» і што ён «скажа ўсё як ёсьць».

Заканадаўцы-дэмакраты маюць намер выказаць свой пратэст наконт палітыкі Трампа падчас ягонага выступу і абмяркоўваюць розныя варыянты сваіх паводзін — як чакаецца, некаторыя прынясуць плякаты крытычнага зьместу, іншыя могуць выйсьці з залі, рэагуючы на найбольш непрымальныя для іх выказваньні, ці нават паспрабаваць перапыніць аратара шумам і выкрыкамі. Пры гэтым арганізаванага байкоту выступу не чакаецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG