Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай у адказ на падваеньне амэрыканскіх мытаў увёў дадатковыя тарыфы на аграрную прадукцыю з ЗША


Амэрыканскі сьцяг лунае побач з нацыянальным гербам Кітая падчас цырымоніі прывітаньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа каля Дома народных сходаў у Пэкіне, 2017
Амэрыканскі сьцяг лунае побач з нацыянальным гербам Кітая падчас цырымоніі прывітаньня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа каля Дома народных сходаў у Пэкіне, 2017

Кітай увёў дадатковыя мытныя тарыфы ў 10-15% на сельскагаспадарчую прадукцыю з ЗША і дадаў 25 амэрыканскіх кампаній у сьпіс экспартнага кантролю ў адказ на падвойнае павелічэньне мытаў на кітайскія тавары, паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў КНР.

Дадатковыя кітайскія мыты пачнуць дзейнічаць з 10 сакавіка 2025 году.

Мыта ў памеры 15% будзе распаўсюджвацца на кураціну, пшаніцу, кукурузу і бавоўну. Мыта ў памеры 10% увядуць у дачыненьні да сорга, соевых бабоў, сьвініны, ялавічыны, морапрадуктаў, садавіны, агародніны і малочнай прадукцыі.

Таксама Кітай дадаў 25 амэрыканскіх кампаній у сьпіс экспартнага кантролю «ў адпаведнасьці з законам аб кантролі за экспартам тавараў двайнога прызначэньня, а таксама ў мэтах аховы нацыянальнай бясьпекі і інтарэсаў і выкананьня міжнародных абавязаньняў».

Прадстаўнік Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Кітаю, камэнтуючы павелічэньне ЗША стаўкі мыта з 10 да 20% на кітайскі імпарт, заявіў, што гандлёвыя спрэчкі «павінны вырашацца ў рамках Сусьветнай гандлёвай арганізацыі», піша Reuters.

Раней Міністэрства камэрцыі Кітаю выказала «рэзкую незадаволенасьць і рашучы пратэст» з прычыны дзеяньняў ЗША. У заяве кітайскага ведамства зазначаецца, што аднабаковыя мыты ад ЗША могуць нанесьці шкоду гандлёва-эканамічным адносінам Кітаю і Злучаных Штатаў.

4 сакавіка набылі моц амэрыканскія мыты на імпарт тавараў з Кітаю, Мэксыкі і Канады. Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб павелічэньні стаўкі мыта з 10 да 20% на кітайскі імпарт. Гэта зьвязана з тым, што, на яго думку, Кітай не прымае дастатковых захадаў для барацьбы з кантрабандай сынтэтычнага апіёіду (фэнтанілу) у ЗША.

У Канадзе і Мэксыцы таксама адрэагавалі на ўвядзеньне мытаў ЗША. Прэм'ер-міністар Канады Джастын Трудо 3 сакавіка паабяцаў увесьці 25-працэнтныя мыты ў адказ на дзеяньні Вашынгтона, заявіўшы: «Канада не пакіне гэтае неабгрунтаванае рашэньне без адказу».

Прэзыдэнтка Мэксыкі Кляўдыя Шэйнбаўм заявіла, што ў яе краіны ёсьць плян дзеяньняў на выпадак непрадбачаных абставінаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG