Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў усю вайсковую дапамогу Ўкраіне пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Белым доме на мінулым тыдні, паведамляюць амэрыканскія СМІ са спасылкай на прадстаўніка Белага дома.
Афіцыйны прадстаўнік Белага дому, якога цытуе Reuters, заявіў, што Злучаныя Штаты прыпыняюць і пераглядаюць дапамогу Ўкраіне, «каб пераканацца, што яна спрыяе вырашэньню праблемы».
Прыпыненьне будзе працягвацца да таго часу, пакуль Трамп не пераканаецца, што лідэры краіны дэманструюць шчырае імкненьне да міру, паведамляюць Bloomberg і Fox News.
«Гэта не канчатковае спыненьне дапамогі, гэта паўза», — цытуе Fox News прадстаўніка адміністрацыі Трампа.
Раней 3 сакавіка ЗША аказалі ціск на Зяленскага, заклікаўшы яго пагадзіцца на патрабаваньні Вашынгтона заключыць пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў ва Ўкраіне, у той час як эўрапейскія лідары імкнуліся заняць мацнейшую пазыцыю пасьля няўдалага візыту Зяленскага ў Белы дом.
Трамп заявіў, што страчвае цярпеньне, крытыкуючы супраціў Зяленскага ў пытаньні хуткага спыненьня агню без канкрэтных гарантыяў бясьпекі, якіх Кіеў дамагаўся ад ЗША.
Пасьля таго, як 3 сакавіка Зяленскі сказаў, што канец вайны «вельмі-вельмі далёкі», Трамп напісаў у сацсетках:
«Гэта найгоршая заява, якую мог зрабіць Зяленскі, і Амэрыка ня будзе доўга з гэтым мірыцца!» Ён дадаў, што Зяленскі «ня хоча, каб быў мір, пакуль ён мае падтрымку Амэрыкі», напісаў Трамп.
Паведамленьне на плятформе Truth Social Трампа сьведчыць пра тое, што наладзіць адносіны зь Белым домам, да чаго эўрапейскія лідары заклікалі Зяленскага, будзе складанай задачай пасьля сутычкі ў Авальным кабінэце, падчас якой Трамп і віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс раскрытыкавалі Зяленскага ў прысутнасьці журналістаў.
Зяленскі пакінуў Белы дом 28 лютага, не падпісаўшы пагадненьня, якое павінна было даць ЗША доступ да рэдкіх мінэралаў і прыродных рэсурсаў Украіны, як плянавалася. З таго часу афіцыйныя асобы ЗША заклікалі Зяленскага прынесьці прабачэньні.
«Нам трэба пачуць ад прэзыдэнта Зяленскага, што ён шкадуе аб тым, што здарылася, што ён гатовы падпісаць гэтае пагадненьне аб карысных выкапнях і што ён гатовы ўдзельнічаць у мірных перамовах», — сказаў дарадца Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Майк Волц у інтэрвію Fox News 3 сакавіка.
Зяленскі «павінен быць больш удзячным, таму што гэтая краіна падтрымлівала іх у цяжкія часы», — сказаў Трамп журналістам у Белым доме пазьней у той жа дзень. Адказваючы на пытаньне, ці «памерла» пагадненьне з Украінай аб карысных выкапнях, Трамп адказаў: «Не, я так ня думаю».
У інтэрвію 3 сакавіка Вэнс заявіў, што, нягледзячы на спрэчную сустрэчу ў Авальным кабінэце, дзьверы для ўкраінцаў застаюцца адчыненымі.
«Калі яны будуць гатовыя гаварыць пра мір, я думаю, што прэзыдэнт Трамп будзе першым, хто возьме слухаўку», — сказаў Вэнс у інтэрвію Fox News.
Таксама Вэнс у інтэрвію Fox News дадаў, што эўрапейскія лідэры павінны сказаць Зяленскаму, што вайна ня можа працягвацца вечна. Паводле яго, што яны прызнаюць гэта ў прыватных размовах, але на публіцы схільныя «разьдзімаць» Зяленскага. Ён таксама абараніў пазыцыю Трампа, што наданьне Вашынгтону эканамічнага інтарэсу ў будучыні Ўкраіны паслужыць надзейнай гарантыяй бясьпекі.
«Гэта значна лепшая гарантыя бясьпекі, чым 20 тысяч салдатаў зь нейкай выпадковай краіны, якая не вяла войны 30 або 40 гадоў», — дадаў ён.
Эўрапейскія лідэры спрабуюць узяць на сябе большы кантроль над магчымымі мірнымі перамовамі паміж Украінай і Расеяй і гарантаваць бясьпеку на кантынэнце, пасьля таго як нядаўняя дыпляматычная актыўнасьць, здаецца, пацярпела крах з разрывам адносінаў паміж Трампам і Зяленскім.
Падчас інтэрвію ў лютым Уладзімір Зяленскі папярэдзіў пра сур'ёзныя наступствы, якія можа выклікаць спыненьне амэрыканскай дапамогі. Паводле яго, на ЗША прыпадае прыблізна 30% узбраеньняў і вайсковага рыштунку, які выкарыстоўвае Ўкраіна. Як кажуць амэрыканскія аналітыкі, існыя запасы ўзбраеньняў дазволяць украінскаму войску весьці баявыя дзеяньні на цяперашнім узроўні інтэнсіўнасьці прыблізна да сярэдзіны лета.
Форум