Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адмовяцца ЗША ад NATO? Прадстаўнікі альянсу адкідаюць такія вэрсіі


Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт (справа) размаўляе з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ (у цэнтры) і вярхоўным камандуючым аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе генэралам Крыстафэрам Каволі падчас сустрэчы альянсу ў Брусэлі ў мінулым месяцы.
Міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт (справа) размаўляе з генэральным сакратаром NATO Маркам Рутэ (у цэнтры) і вярхоўным камандуючым аб'яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе генэралам Крыстафэрам Каволі падчас сустрэчы альянсу ў Брусэлі ў мінулым месяцы.

Нягледзячы на тое, што некаторыя ўплывовыя фігуры ў Вашынгтоне ставяць пад сумнеў значнасьць NATO, афіцыйныя асобы ў Брусэлі па-ранейшаму ўпэўненыя, што альянс застаецца моцным, і зьвяртаюць увагу на значную розьніцу паміж рыторыкай і рэальнасьцю.

Такое было і раней — пра NATO казалі, што альянс ужо мёртвы ці памірае. Нядаўна амэрыканскі сэнатар-рэспубліканец Майк Лі напісаў у сацсетцы X: «Прыйшоў час пакінуць NATO і ААН». Ілан Маск, самы багаты чалавек у сьвеце і блізкі саюзьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, адказаў проста: «Я згодны».

У той час як чыноўнікі ў Брусэлі і іншых месцах адзначаюць, што Маск часта дзеліцца сваімі палітычнымі поглядамі на сваёй плятформе X, не абавязкова фармуючы палітыку ЗША, некаторыя назіральнікі прызнаюць, што ён мае доступ да Трампа і нефармальны ўплыў у пэўных кансэрватыўных колах у Вашынгтоне.

Тым ня менш афіцыйныя асобы NATO ў сваёй штаб-кватэры ў Брусэлі дагэтуль заставаліся надзіва спакойнымі. Іх адказ на пытаньне, ці непазьбежны распад альянсу, — па-ранейшаму рашучае «Не». Прычын такога адказу дзьве: разрыў паміж рыторыкай і дзеяньнямі — і розьніца паміж саюзьнікамі па NATO і прэтэндэнтамі на далучэньне да NATO, асабліва Ўкраінай.

«Ігнаруйце шум»

Возьмем першую прычыну. Яшчэ на мінулым тыдні Трамп пацьвердзіў сваю прыхільнасьць артыкулу 5 аб узаемнай абароне NATO, выступаючы разам з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам.

Гэтую пазыцыю неаднаразова паўтараў — як публічна, так і ў прыватным парадку — міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт падчас сустрэчы міністраў абароны NATO ў Брусэлі ў лютым.

У той час як ён цьвёрда настойваў, што эўрапейскія саюзьнікі павінны значна павялічыць свае выдаткі на абарону, усе, з кім я размаўляў, ахарактарызавалі дыскусіі як канструктыўныя.

«Ён ніколі не выходзіў з пакоя, слухаў, задаваў пытаньні і рабіў нататкі — гэта не паводзіны саюзьніка, які зьбіраецца сысьці», — сказаў мне адзін з амбасадараў NATO.

І ў гэтым ключы дыпляматы NATO працягваюць манэўраваць сярод няспынных здагадак. «Нам трэба расшыфраваць, што ўсё гэта значыць, — сказаў адзін высокапастаўлены чыноўнік. — Але мы таксама даведаліся, што трэба ігнараваць шум і глядзець на дзеяньні. Гэта своеасаблівая „стратэгічная цярплівасьць“, якую мы павінны практыкаваць».

Нявызначаны шлях Украіны

Украіна, аднак, — іншая рэч. «Зьмяніўся ўкраінскі трэк, але ня натаўскі. Яны былі даволі жорсткімі з Украінай, але застаюцца адданымі NATO», — адзначыў адзін з амбасадараў альянсу.

Зьмена тону ў дачыненьні да Ўладзіміра Зяленскага — адзін зь яскравых прыкладаў, але яшчэ адзін паказьнік — новая роля Брытаніі ў каардынацыі паставак зброі ва Ўкраіну.

Таксама відавочна, што Ўкраіна ня ўступіць у NATO блізкім часам — хоць, па праўдзе кажучы, менавіта адміністрацыя Байдэна заблякавала сяброўства Кіева на апошніх самітах NATO, што сталася ціхай палёгкай для некаторых краінаў Заходняй Эўропы. Новая амэрыканская адміністрацыя проста больш рэзкая ў гэтым падыходзе.

Краіны на ўсходнім флянгу NATO цяпер пытаюцца, ці застануцца там амэрыканскія войскі. Пакуль адказ станоўчы, хоць многія прызнаюць занепакоенасьць наконт заплянаванага перагляду колькасьці амэрыканскіх войскаў у Эўропе.

Але калі на гэтыя краіны нападзе Расея, ці прыйдуць войскі ЗША ім на дапамогу? Пераважае перакананьне, што так. Але эфэктыўнасьць артыкула 5 дамовы аб стварэньні NATO залежыць ад таго, ці вераць як саюзьнікі, так і праціўнікі, што гэты артыкул будзе выконвацца.

Як сказаў адзін усходнеэўрапейскі чыноўнік: «Гэта як кот Шродынгера — ён існуе ў абодвух станах, жывы і мёртвы, пакуль скрыня не адчыняецца. У выпадку NATO, пакуль артыкул 5 ня будзе фактычна правераны, мы сапраўды не даведаемся».

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG