Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Першы верш склаў уначы на бэтоннай падлозе карцара на Акрэсьціна». Андрэй Кузьнечык — пра сваю турэмную паэзію

Андрэй Кузьнечык на волі, люты 2025
Андрэй Кузьнечык на волі, люты 2025

Вершы на волі і вершы за кратамі розьняцца ня толькі і ня столькі месцам іх стварэньня. Часта ў турме яны становяцца адзіным спосабам кантакту зь дзецьмі, незаменным болесуцішальным лекам, містычнай повязьзю з рэчаіснасьцю.

Пагаварылі пра ўсё гэта з былым палітзьняволеным журналістам Андрэем Кузьнечыкам.

Пра сшытак з рыфмамі і кропку ў вершаваньні

— Перш чым гаварыць пра вашу паэзію за кратамі і з-за кратаў, хочацца спытацца: а да зьняволеньня ці пісалі вы вершы?

— Сшытак з рыфмамі я завёў у 13 гадоў. Нешта зь яго нават друкавалася ў «Піянеры Беларусі» ды «Першацьвеце», адкуль трапіла ў тэматычныя зборнікі 90-х (мова, Чарнобыль). Выдавецтвы ўкладалі іх, падазраю, хутчэй паводле прынцыпу адпаведнасьці фармату, чым літаратурнай выбітнасьці. Філфакаўская навука, гасьціны ў Доме літаратара навучылі самакрытычнасьці, а кропку ў рыфмаваньні паставіў Беларускі калегіюм. Пазьней, калі рыфмы прыходзілі самі, я іх запісваў і нават закідаў у інтэрнэт. Але мэтаскіравана вершаваньнем не займаўся. Калі стаў бацькам, то лічыў, што лепш пакатаць дзіця на плячах, прачытаць казку нанач, звадзіць у заапарк ці на атракцыёны, чым напісаць яму верш.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Верш Андрэя Кузьнечыка

Пра першы верш у турме

— Ці памятаеце, калі напісаўся ваш першы турэмны верш? Якія падзеі ці абставіны да яго спрычыніліся?

— Склаў яго ўначы на бэтоннай падлозе ў карцары ізалятара на Акрэсьціна, куды траплялі «экстрэмісты» з наваўсчатымі крыміналкамі. Першыя ночы ня дужа спалася.

Напярэдадні мяне вялі з суседняга будынку для адміністрацыйных сядзельцаў і я пабачыў, як віртуозна над брамай між калючак абсыпанага сьнегам дроту бяжыць пухнаты кот. Гэтак жа спрытна ён ускочыў і ў мой кароткі першы вершык.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Верш Андрэя Кузьнечыка

— А сам верш ці захаваўся? Ці ўдалося яго адправіць на волю?

— Усе дзіцячыя вершы дайшлі на волю, бо не лічыць жа за крамолу тое, што зіма перамагае вясну. Не пашанцавала толькі вершыку на пяцігодзьдзе сына, у якім, магчыма, пабачылі хітрамудрую шыфроўку, бо там трэба было палічыць хвасты і насы сабак на паштоўцы.

Пра містыку і заклён паэзіі

— Колькі вершаў агулам складае ваша турэмная лірыка? Ці ўся яна трапіла на волю?

— Каля сарака. У памяці я вывез усяго два вершы. Пра першы я ўжо згадаў, а другі — маленькая восеньская імпрэсія, якая склалася літаральна за дзень да пераходу ад стабільнай нязьменнасьці ў калёніі да стабільнай непрадказальнасьці ў «Амэрыканцы». Містыка неспадзяванага паэтычнага спляценьня вобразаў і падзей, што пачаліся назаўтра, настолькі мяне ўразіла, што я вырашыў успрымаць гэтыя радкі як заклён і не выпрабоўваць ягонай сілы лішні раз, тым больш у пісьмовым выглядзе.

Ворыва хмараў скародзяць
птушкі-з-калючкі-на-дроце.
Сьнег добра родзіць
узбоч выраёвых шляхоў
акурат.

За саду летняга слодыч
змрок акавіты падсочыць
зь сьненьняў узьнёслых
у лёсамі ўрослых
па крылы
ў свой сад.


Андрэй Кузьнечык зь сям'ёй
Андрэй Кузьнечык зь сям'ёй

Пра адзіную магчымасьць кантакту зь дзецьмі

— Вы пісалі вершаваныя пасланьні сваім дзецям. Тон і стылістыка іх лёгкія, часта нават вясёлыя. Як удавалася настройвацца на падобны лад? Успаміны, уяўленьні, мроі — што дапамагала пісаць бесклапотныя строфы ў такіх жорсткіх умовах?

— Вершы для мяне былі адзінай магчымасьцю кантакту зь дзецьмі. Магчымасьцю зьвязаць слова «тата» з пазытыўнымі эмоцыямі, зь цікавай самапрыдуманай казкай, са сьмешнай гісторыяй, з радасьцю, забаўкай і цеплынёй. Галоўным крытэрам пасьпяховасьці была ўсьмешка дзіцяці. І я дужа цешыўся, калі даведваўся, што разьлік апраўдаўся. А калі адзін сюжэт дачка скарыстала ў школьным сачыненьні, я быў проста на сёмым небе. Таму стымул у мяне быў надзвычайны і без дадатковай настройкі на пэўны лад.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Верш Андрэя Кузьнечыка

Пра шчасьце чуць песьні на свае вершы

— Пакуль вы былі за кратамі, на многія вашы дзіцячыя вершы Тацяна Грыневіч напісала музыку. Ці паслухалі ўжо? Ці ўлавіла спадарыня Тацяна настрой тых вашых вершаў?

— Даведаўшыся ў лягеры пра тое, што Тацяна Грыневіч-Матафонава зрабіла мае вершы песьнямі, я быў шчасьлівы завочна, нават ня меўшы магчымасьці іх пачуць. Бо ведаў яе творчасьць і не сумняваўся, што вынік варты захапленьня.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Верш Андрэя Кузьнечыка

Пра зьмяншэньне роспачы і болю

— «Змрокам незгасальнага сьвятла, / Аддаленьнем адчуваньня волі, / Абяцаньнем раньня без патолі / На Вялікдзень сьнілася турма». Гэтыя радкі ўспрымаюцца балючым дысанансам да вашых вершаў для дзяцей. Яны выгукнуліся, напэўна, у хвіліны безнадзейнасьці, горкага адчаю. Ці шмат такіх твораў нарадзілася за кратамі? Які іхны лёс?

— Да Вялікадня 2022 году я сьніў сюжэты, узятыя з волі. І першы змрочны турэмны сон, сугучны са змрочнай рэальнасьцю, нібыта адрэзаў важную нітачку да мінулага. Адчуваньне было, што нават ноч, нават надзея табе здрадзілі і цяпер турма будзе з табой 24/7. Узрушанасьць была такая, што я прачнуўся ўжо з гатовымі радкамі. «Калючых», як я называў іх у лістах, вершаў няшмат: «Незакончанае трываньне» з «Валадаркі» ды «Бачыў сына» і «Канфэці» з калёніі.

Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак
Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак

Цікава, што верш «Трываньне» задумваўся як аптымістычны, але з часам мной самім стаў успрымацца ўсё змрачней і змрачней. Разам з тым змрочныя вершы забіралі частку болю. Верш па спатканьні з сынам абсарбаваў столькі роспачы, што ня ведаю, як бы я сам даў ёй рады.

Пра будучыя кнігі і новыя вершы

— Некаторыя былыя зьняволеныя, якія таксама пісалі вершы ў турме, ужо выдалі іх асобнымі кнігамі. Калі чакаць вашы кнігі твораў, народжаных за кратамі?

— Мае вершы ўжо выканалі вельмі важную для мяне місію: ня страціць нітачку сувязі зь дзецьмі. Таму ў мяне і амбіцый новых няма, і з плянамі я пакуль не сьпяшаюся. Для кнігі ж мала аўтара. Трэба людзі, якія хочуць яе прачытаць. Прычым у дастатковай колькасьці, каб знайшліся людзі, якія захочуць яе аформіць і выдаць. А найперш не абысьціся без суровага рэдактара, хай ён і пакіне ад кнігі адну кропку. Ці ёсьць гэта ўсё, я яшчэ не зразумеў. Калі так — то будзе яшчэ адзін цуд.

— Ну а пакуль кнігі яшчэ ў плянах, просім колькі вашых вершаў для дзяцей і дарослых.

* * *

Як сустрэла мама тату?
Хоць абставінаў багата,
У мяне адказ гатовы:
Абсалютна выпадкова!

Як знайшла ў вірах сусьвету
Сонца нашая плянэта,
Ды яшчэ і так удала,
Што жыцьцём закрасавала?

Сэнс гіпотэз навуковых:
Абсалютна выпадкова!
Як сустрэла пчолка сад?
А рачулка — вадаспад?
Бліскавіца — гром магутны?
Выпадкова абсалютна!

Стрэне му́зыка музы́ку,
Хваля — рыф,
А вершык — рыфму.
З выпадковасьцяў саткана
Ўсё, што нам наканавана.

Кім? Спрыяльнікам-анёлам.
Абсалютна выпадковым!

* * *

У дупле старога дуба
Савяняты чысьцяць дзюбы
Пастай з тоўчанай карой
Гнутай шчоткаю дзюбной —
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.

На занятках маляваньня
І фігурнага лятаньня,
Як заўжды, адны дзясяткі
Атрымалі савяняткі
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.

Не было б у мёдзе дзёгцю,
Каб ня сьпеўнае нудоцьце.
Аж асіп настаўнік-шпак —
Нот ня вывучаць ніяк
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.

А цяпер задачкі ўмова:
З пункту А імчацца совы,
Бо чакае ў пункце Б
Іх матуля на абед.
Што (пытаньне на засыпку)
Па абедзе робяць сытным
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась?

Сьпяць! Бо і ў маленькіх соў
Ноч для спраў, а не для сноў.

Ноччу — хованкі ў гальлі,
Трукі на трухлявым пні,
Гонкі ў цемрадзі між хвой,
Зь лёту пырсканьне вадой.

А яшчэ — здабыча ежы
Ў гіпэрмаркеце «Драпежнік»
І заліўка кліпу ў блог.
Праўда, там такі падвох —
Колькі кадры ні гартаць,
Анічога не відаць!

Могуць зрокам адмысловым
Ролік бачыць толькі совы!
Празь лясы, палі, балоты
Ў ім ляцяць шукаць прыгоды
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.

* * *

Падчапі газэту ў скрынцы кіпцюрком —
І пачуесься прыўдалым рыбаком!
Папяроваю луской зацяруш увесь пакой
І злаві фіранкай рыбу-дзіракол!

Кажаш «шкоднік», ды я маю апраўданьне —
Навучыўся так, дурэючы, чытаньню.
Як пагладзіш, пра надвор‘е,
Спорт, здарэньні і здароўе
Раскажу я ў перакладзе на мурчаньне.

Шок і прыкрасьць! Прачытаў пра задыяк.
Мне дастаўся самы лускаваты знак!
Сухапутны, гарадзкі коцік я, а не марскі!
Мо ёсьць рыба-кот, але ж я кот-рыбак!

Мой настрой пратух, як бочка зь селядцамі.
Хоць астролягаў прагноз шматабяцальны,
Ды пакуль каціным знакам не дапоўняць задыяка,
Хай чытаюць гараскопы свае самі!

Верш Андрэя Кузьнечыка
Верш Андрэя Кузьнечыка

* * *

Аканіцы заміраточылі
Пад напорам прыліву раньня.
Кожнай кропляй грыміць праточанай
Незакончанае трываньне.

Дол калодзежны рэзкім росчыркам
Перакрэсьліць шпакоў вяртаньне —
Крыку калівам, пстрыкам пошчаку —
Незакончанае трываньне.

Дражніць мур уяўленьнем далечы,
Цень-пацук шэры хвост хавае,
З коскі новае пачынаючы
Незакончанае трываньне.

* * *

Хоць да неба мур — за сэрца не вышэй.
За гадамі дом — а душы ўсё бліжэй.
Хоць на сьвята мне з гасьцінцам не прыйсьці,
Не бяды — я зачарую канфэці.

Зь пілавіньня і любові канфэці,
Узьвіхурся і да родных паляці,
Тры жаданьні ўрэчаісьні, тузін мрой,
Затулі ад ліха роспачнай парой;

Блісьні іскрамі нязломнасьці ў вачах,
Каб разьвеяўся задушлівы адчай;
Стань на лёсцы лёсу зьнічкаю, каб той
З мора змроку шчасьце выцягнуў вудой.

І ў расе, сьняжынках, квецені, лісьці —
Блізіні маёй часьцінкі-канфэці.
(Толькі свой заклён разьвеяць не магу
Ў пазачасьсі на чароўным тартаку).

* * *

У засьнежанай сталіцы,
У старэнькай камяніцы
Пахне сырам і ігліцай
На кацінай вечарынцы.

Кот Мароз — пухнаты хвост
Падарункаў мех прынёс.
Не марудзь жа, пакажы,
Што ў пакуначках ляжыць!

Шакалядныя ляшчы,
Карамэльныя хрушчы
І з зэфіру мышкі
(Сплюшчыліся крышку)!

А Сьнямурка ўсім на сьпіцах
Навязала лапкавіцаў,
Для адлігаў жа ў дадатак —
Пару параў кіпцюрчатак.

Паспытаць мы не пасьпелі
Зь белых бурбалак кактэйлі
І марозівы зь вяршкамі
Ўсе не перакаштавалі,
Бо пяклі на Новы год
З малаком птушыным торт.

У арэшках і разынках,
У какосавых сьняжынках,
Аж да столі!
Смачны самы!
Сэнсацыйны
Цьвік праграмы!

Перасьлед Андрэя Кузьнечыка

  • Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
  • Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
  • Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
  • 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
  • Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
  • 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
  • У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG