Разам з узмацненьнем рэпрэсій пасьля выбараў 2020 года пад моцны перасьлед патрапіла і родная мова беларусаў. Пра факты дыскрымінацыі беларускай мовы сьведчаць маніторынгі і аналітычныя агляды парушэньняў моўных правоў, якія праводзяць адмыслоўцы, паведамляюць праваабаронцы «Вясны». Праваабаронцы прыводзяць некалькі фактаў:
- 29 жніўня 2024 г. былы вязень віцебскай калёніі № 3 Мікалай (імя зьменена ў мэтах бясьпекі) у інтэрвію ПЦ «Вясна» расказаў, што беларускую мову ў калёніі адміністрацыя не ўхваляе. Па словах Мікалая, адзін з супрацоўнікаў ірваў карцінкі і тэксты, напісаныя па-беларуску. Рэакцыя супрацоўніка калёніі на беларускую гутарку была такой: «Ды ты што, звар’яцеў тут па-беларуску размаўляць?».
- 26 верасьня 2024 г. былы палітвязень калёніі № 15 г. Магілёва Аляксей Кірэеў (вызваліўся 28 жніўня 2024 г.) расказаў Радыё Свабода, што ў сакавіку 2024 г. на загад кіраўніцтва ў качагарцы калёніі спалілі ўсе экзэмпляры твораў сучасных беларускіх аўтараў, шмат кніг па гісторыі Беларусі, выдадзеных у пачатку 1990-х гадоў. Пры палітзьняволеным беларуская паліца ў бібліятэцы была амаль пустая, у ёй засталіся толькі некалькі твораў клясыкаў беларускай літаратуры.
Праваабаронцы спасылаюцца і на іншы нядаўні выпадак, пра які раней паведаміла выданьне «Люстэрка»:
- «Перадузята ў Магілёве ставіліся да журналіста-дасьледчыка і палітзьняволенага Дзяніса Івашына, які асуджаны да 13 гадоў нібыта за „здраду дзяржаве“. З чэрвеня 2023-га ён знаходзіцца на турэмным рэжыме ў Жодзіне... У калёніі ў яго былі праблемы празь беларускую мову. Гэта ж і стала прычынай пераводу на больш жорсткія, турэмныя ўмовы... У калёніі тэлефонныя званкі палітычных запісвалі. І Івашына за размову на беларускай спачатку адзін раз у ШЫЗА пасадзілі, потым другі раз, затым закрылі ў ПКТ, а пасьля павезьлі на „крытую“ турму».
- Пра жорсткае стаўленьне за выкарыстаньне беларускай мовы да палітзьняволенай Вольгі Маёравай, якая адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 24, расказала на прэс-канфэрэнцыі Паліна Шарэнда-Панасюк.
Пра беларускую мову як элемэнт пратэсту зьняволеных за кратамі праваабаронцы дадаткова сабралі сьведчаньні былых палітвязьняў.
Форум