Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў заявіў, што ва ўнутраных войсках створана ня менш за 13 спэцыяльных падразьдзяленьняў.
«Ва ўнутраных войсках МУС, ва ўсіх рэгіёнах краіны зьявіліся спэцыяльныя падразьдзяленьні. Гэта невялікія атрады, якія выконваюць асаблівыя задачы. У першую чаргу пачатак стварэньня такіх падразьдзяленьняў пакладзены пасьля 2020 году. Сытуацыя была напружаная, і было ўхвалена рашэньне стварыць такія атрады, якія гатовыя выконваць пастаўленую задачу ў любым месцы і ў любы час», — працытавала Івана Кубракова дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Міністар аргумэнтаваў неабходнасьць такіх падразьдзяленьняў «асабліва ў сытуацыі, якая цяпер існуе ў памежжы з Украінай», дзе спэцпадразьдзяленьні ўнутраных войскаў працуюць на сталай аснове.
Паводле яго, у складзе гэтых падразьдзяленьняў дзейнічаюць бесьпілётная авіяцыя, выведка і «рэзэрва міністра ўнутраных спраў, якая гатова выехаць у любы пункт краіны і выканаць пастаўленую баявую задачу».
У кастрычніку 2023 году камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў паведамляў, што для ўзмацненьня спэцназу ў Беларусі пачалі ствараць новыя падразьдзяленьні па 70 чалавек у Горадні, Берасьці, Астраўцы і Гомлі. На той момант, паводле яго, што ў новым атрадзе спэцназу «Смерч» налічвалася 300 чалавек «асноўных» і 150 «запасных», у падразьдзяленьні «Рысь» для працы на памежжы – «200–300 чалавек». Сярод новых падразьдзяленьняў Карпянкоў называў і атрад «Гонар». Для іх стварэньня, забесьпячэньня і атрыманьня ў 2024 годзе павялічылі фінансаваньне ўнутраных войскаў.
Форум