Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Румыніі ў справе прарасейскага палітыка Джарджэску арыштавалі 18 чалавек


Кэлін Джарджэску з паднятай рукой пасьля допыту 26 лютага 2025
Кэлін Джарджэску з паднятай рукой пасьля допыту 26 лютага 2025

Кэлін Джарджэску здабыў найбольш падтрымкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Румыніі 24 лістапада 2024 году, але вынікі іх скасавалі, а ў канцы лютага яго дапыталі ў румынскай пракуратуры.

У Румыніі арыштавалі 18 чалавек у справе былога кандыдата ў прэзыдэнты Кэліна Джарджэску. Пра гэта паведамляе Румынская служба Радыё Свабода.

Пракуратура хадайнічала аб арышце 21 чалавека, траіх з іх арыштуюць завочна. Гаворка ідзе пра паплечніка Кэліна Джорджэску Харацыю Потра, яго сына Дарыяна Потра і роднага брата Аляксандра Потра. Па зьвестках G4Media, Харацыю Потра, як мяркуецца, знаходзіцца ў Дубаі.

26 лютага румынскія сілавікі правялі каля 50 ператрусаў у людзей, зьвязаных з Джарджэску. Па дадзеных пракуратуры, ператрусы прайшлі ў дамах 27 чалавек і ў офісах чатырох кампаній. У доме Харацыю Потра сілавікі знайшлі зброю, боепрыпасы, залатыя зьліткі вагой 25 кіляграмаў і наяўныя грошы (больш за 3,3 млн даляраў, 700 тысяч леяў, 43 тысячы эўра, 13 тысяч дырхамаў і 21 тысяча сэрбскіх дынараў).

Харацыю Потра заяўляе, што ён служыў у францускім Замежным легіёне. Яго абвінавачвалі ў кіраўніцтве групай наймітаў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і сувязях з ПВК «Вагнэр». Восьмага сьнежня 2024 году яго затрымлівалі ў Румыніі. Па дадзеных Spot, у той дзень Потра і яшчэ каля 20 чалавек на аўтамабілях са зброяй накіроўваліся ў Бухарэст «для ажыцьцяўленьня гвалтоўных дзеяньняў».

Раней пасьля допыту Джарджэску не затрымалі, але, паводле румынскай службы Радыё Свабода, ён будзе пад судовым наглядам 60 дзён.

Выпадак з Джарджэску

Малавядомы Кэлін Джарджэску стаў нечаканым пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада 2024 году, набраўшы 23% галасоў. Ягоная перамога стварыла ўмовы для другога туру з удзелам празаходняй цэнтрысцкай кандыдаткі Элены Лясконі. Аднак 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі выбараў, даўшы ўраду магчымасьць прызначыць новую дату прэзыдэнцкіх выбараў.

Вярхоўная рада нацыянальнай абароны Румыніі 4 сьнежня — за чатыры дні да другога туру 8 сьнежня — рассакрэціла выведныя зьвесткі, паводле якіх Багдан Пэшкір, вядомы ў Румыніі як «кароль TikTok», «зрабіў плацяжы на суму 381 000 даляраў ЗША ў пэрыяд з 24 кастрычніка па 24 лістапада 2024 году карыстальнікам некаторых акаўнтаў TikTok, якія ўдзельнічалі ў прасоўваньні кандыдата Кэліна Джарджэску», што ёсьць парушэньнем румынскага заканадаўства.

З тых часоў Пэшкір адмаўляў фінансаваньне выбарчай кампаніі Джарджэску, заявіўшы, што хоць некаторыя зь яго ахвяраваньняў пайшлі прыхільнікам кандыдата, іншыя пайшлі на дабрачыннасьць, апалітычныя акаўнты TikTok і акаўнты ў падтрымку іншых кандыдатаў.

6 сьнежня ён сказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ня мае ніякай сувязі з Джарджэску.

«У мяне няма ніякай матэрыяльнай ці асабістай зацікаўленасьці, я проста добраахвотна падтрымліваў яго праз пасты і камэнтары», — сказаў ён у пісьмовым адказе.

«У гэтым дакумэнце згадваюцца толькі прыхільнікі [Джарджэску], што здаецца мне абсурдным. Я не заключаў ніякіх пагадненьняў зь людзьмі, што я буду ахвяраваць у падтрымку таго ці іншага кандыдата», — дадаў Пэшкір.

У паведамленьні на Facebook незадоўга да таго, як выбары былі ануляваныя, Пэшкір абвінаваціў СМІ ў перасьледзе і прыгразіў судовым пазовам. Адказваючы на пытаньне ў разьдзеле камэнтароў пра тое, адкуль узяліся грошы, Пэшкір напісаў, што гэта «ня ваша справа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG