Брытанскі прэм'ер-міністр Кіар Стармэр 27 лютага прыбыў у Белы дом для сустрэчы з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, на якой ён імкнецца атрымаць падтрымку ЗША ў галіне бясьпекі ў рамках мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс.
Дональд Трамп падчас сустрэчы ў Вашынгтоне з Кірам Стармэрам адзначыў, што намаганьні па дасягненьні мірнага пагадненьня паміж Расеяй і Ўкраінай рухаюцца наперад, і што ў пятніцу, 28 лютага, ён чакае ў Белым доме ўкраінскага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, каб падпісаць пагадненьне аб сумеснай здабычы карысных выкапняў ва Ўкраіне.
У той час, як абодва абменьваліся ветлівасьцямі перад прэсай — Дональд Трамп прыняў прапанову Кіра Стармэра наведаць Вялікую Брытанію ў найбліжэйшай будучыні — амэрыканскі лідэр заявіў, што спачатку павінна быць дасягнутае «пагадненьне» (гаворка пра мірнае пагадненьне паміж Расеяй і Ўкраінай) — тым самым адпрэчыўшы імкненьне Эўропы зрабіць меры па гарантаваньні бясьпекі Ўкраіны неадʼемнай часткай перамоваў аб спыненьні агню.
Трамп таксама паўтарыў нядаўнія заявы з Вашынгтону, што ўступленьне Ўкраіны ў NATO «не адбудзецца».
«Мы паразмаўлялі і будзем размаўляць пра тое, як працаваць з вамі, спадар прэзыдэнт, каб гарантаваць, што гэта пагадненьне ня будзе парушанае, таму што вельмі важна, каб, калі пагадненьне будзе заключанае, мы яго прытрымліваліся», — сказаў Стармэр.
За два дні да сваёй ключавой сустрэчы з Трампам Стармэр выйшаў на трыбуну брытанскага парлямэнту ў Лёндане, каб абʼявіць пра найбуйнейшае павелічэньне абаронных выдаткаў Вялікай Брытаніі з часоў заканчэньня «халоднай вайны». Стармэр заявіў пра пляны паскоранага павышэньня абаронных выдаткаў да 2,5% ВУП да 2027 году і нацэленасьці на 3% падчас працы наступнага парлямэнту (2029 год).
«Я думаю, у глыбіні душы мы ўсе ведалі, што гэтае рашэньне насьпявала цягам трох гадоў з пачатку канфлікту ва Ўкраіне. Апошнія некалькі тыдняў паскорыў мае развагі», — сказаў Стармэр журналістам пасьля свайго выступу перад заканадаўцамі.
Рашэньне Стармера было прынята на фоне спаду ў трансатлянтычных адносінах пасьля заканчэньня «халоднай вайны», калі Трамп ставіць пад сумнеў каштоўнасьць NATO, крытыкуе кіраўніцтва Ўкраіны і разглядае магчымасьць заключэньня пагадненьня па бясьпецы Эўропы з Расеяй.
Стармэр — палітык левацэнтрысцкага толку, які заняў пасаду ў ліпені 2024 году, — спадзяецца, што, паскараючы мэтавыя паказчыкі выдаткаў на абарону, Вялікая Брытанія будзе ўспрымацца як краіна, якая вырашае шматгадовыя скаргі Трампа на тое, што саюзьнікі па NATO не плацяць сваю долю.
Візыт Стармэра рушыў усьлед за паездкай прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона 24 лютага ў Белы дом, дзе ён таксама імкнуўся утрымаць Вашынгтон уцягнутым у пытаньні эўрапейскай бясьпекі і падтрымаць справядлівую мірную дамову з Украінай.
Гэтыя пасьлядоўныя візыты на высокім узроўні адзін за адным падкрэсьліваюць рост асьцярогаў у Эўропе, што ўгода ЗША з Крамлём, якая пакіне Ўкраіну ўразьлівай, можа дэстабілізаваць кантынэнт.
Зьмяненьне палітыкі ЗША
З моманту ўступленьня на пасаду пяць тыдняў таму Трамп актыўна прыступіў да выкананьня свайго перадвыбарнага абяцаньня завяршыць вайну ва Ўкраіне, перавярнуўшы «з ног на галаву» палітыку ЗША апошніх трох гадоў.
Трамп шакаваў сваіх эўрапейскіх калег раней у лютым, калі аб’явіў, што правёў працяглую і прадуктыўную тэлефонную размову з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і сказаў, што ягоная каманда па нацыянальнай бясьпецы «неадкладна» пачне перамовы з Крамлём аб спыненьні вайны. Пазьней Трамп заявіў, што хацеў бы, каб Расея зноў увайшла ў Групу васьмі вядучых прамысловых краін, у той час як дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё разважаў пра бізнэс-магчымасьці для амэрыканскіх кампаній у Расеі.
Любое зьняцьце санкцыяў з Расеі — неабходны крок для аднаўленьня дзелавых адносінаў з гэтай краінай — дазволіць Крамлю пераўзброіцца, што створыць пагрозу эўрапейскай бясьпецы, кажуць аналітыкі.
Падыход Трампа азначае рэзкі адыход ад палітычнай і эканамічнай ізаляцыі Расеі, якую праводзіў ягоны папярэднік Джо Байдэн.
Эўрапейскія лідэры цяпер асьцерагаюцца, што прамое ўзаемадзеяньне Трампа з Масквой можа прывесьці да пагадненьня, якое ставіць адносіны ЗША і Расеі вышэй за праблемы эўрапейскай бясьпекі, фактычна пакідаючы Эўропу без уплыву на рашэньні, якія ўплываюць на стабільнасць рэгіёну.
Каб перадухіліць такі зыход, Макрон арганізаваў 17 лютага экстранныя перамовы зь лідэрамі Эўразьвязу, каб выпрацаваць адзіны адказ.
«Злучаныя Штаты зьмяніліся, і Эўропа зразумела, што калі яна хоча сур’ёзна ставіцца да ўласнай бясьпекі, а таксама да доўгатэрміновага ўрэгуляваньня ва Ўкраіне, што мае важнае значэньне для эўрапейскай бясьпекі, ёй таксама трэба зьмяніцца», — сказала Фіёна Хіл, былая дарадца Трампа па Расеі падчас яго першага тэрміну.
Стармер і Макрон плянуюць стварыць 30-тысячны кантынгэнт эўрапейскіх сіл, але шукаюць падтрымкі ЗША.
«Вялікая Брытанія гатовая і жадае падтрымаць гэтую [мірную дамову] войскамі на месцы. І ў рэшце рэшт падтрымка ЗША будзе мець жыцьцёва важнае значэньне для стрымліваньня Расеі ад пачатку новага ўварваньня ўсяго празь некалькі гадоў», — сказаў Стармэр раней на гэтым тыдні.
Гэтая падтрымка — верагодна, асноўня тэма абмеркаваньняў у Белым доме — можа ўключаць абяцаньні падтрымкі ЗША ў галіне авіяцыі, лягістыкі і сувязі ў выпадку парушэньня мірнага пагадненьня Расеяй.
Ці дастаткова гэтага?
Зьмена зьнешняй палітыкі Трампа абумоўленая ягоным меркаваньнем, што ў ЗША абмежаваныя вайсковыя і фінансавыя рэсурсы, і яны павінны засяродзіць іх на Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, каб стрымліваць Кітай, які Трамп лічыць галоўнай пагрозай нацыянальнай бясьпецы ЗША.
From Trump’s perspective, Europe must bear the burden of protecting itself from Russia by ramping up defense spending. For years, most European countries had failed to meet NATO’s 2 percent defense spending target, pushing Trump to accuse them of riding on U.S. coattails and question the value of the alliance.
З пункту гледжаньня Трампа, Эўропа павінна ўзяць на сябе цяжар абароны ад Расеі, павялічваючы выдаткі на абарону. На працягу многіх гадоў большасьць эўрапейскіх краін не выконвалі мэтавыя паказчыкі выдаткаў на абарону NATO ў памеры 2% ВУП, што падштурхнула Трампа абвінаваціць іх у тым, што яны «едуць на хвасьце» ў ЗША, і паставіць пад сумнеў каштоўнасьць альянсу.
Нядаўна Трамп заклікаў чальцоў NATO павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП, што некаторыя экспэрты лічаць нерэалістычным і што акажа значны ціск на шматлікія бюджэты ЭЗ, прымусіўшы іх альбо павысіць падаткі, альбо скараціць ільготы. Злучаныя Штаты трацяць на абарону каля 3,4% ВУП.
Стармэр мае намер прафінансаваць павелічэньне выдаткаў Вялікай Брытаніі на абарону да 2,5% за кошт скарачэньня міжнароднай дапамогі. Павелічэньне да 3%, магчыма, да канца дзесяцігодзьдзя, запатрабуе больш жорсткіх фінансавых рашэньняў.
Эд Арнольд, старэйшы навуковы супрацоўнік Каралеўскага інстытута аб’яднаных абаронных дасьледаваньняў (RUSI), лёнданскага аналітычнага цэнтру па абароне і бясьпецы, напісаў у нататцы ад 24 лютага — яшчэ да заявы Стармэра пра павелічэньне выдаткаў на абарону — што павелічэньне выдаткаў Вялікай Брытаніі да 2,5% ВУП, верагодна, будзе недастатковым, каб зрабіць уражаньне на Трампа.
Арнольд адзначыў, што для ўзмацненьня ўплыву Вялікай Брытаніі Стармэру «трэба будзе ўзяць на сябе абавязацельства дасягнуць 3 працэнтаў, але не „як толькі дазволяць фінансавыя ўмовы“, а неадкладна».
Але выдаткі на абарону — не адзіны інструмэнт у арсэнале Стармэра, калі ён накіроўваецца ў Вашынгтон, сказаў Арнольд. Стармэр можа апэляваць да «эга і эмоцыяў» Трампа, каб паўплываць на прэзыдэнта ЗША адносна парамэтраў мірнага пагадненьня па Ўкраіне.
Стармэр павінен «прад’явіць важкія аргумэнты на карысьць таго, што адбудзецца з рэпутацыяй і становішчам [Трампа], калі Расея будзе гуляць зь ім у ходзе перамоваў», — сказаў ён.
Посьпех Стармэра — ці яго адсутнасьць — у дачыненьнях з Трампам можа вызначыць будучыню эўрапейскай бясьпекі і праверыць, ці зможа Вашынгтон па-ранейшаму знаходзіць агульную мову са сваімі традыцыйнымі саюзьнікамі ва ўмовах усё больш фрагмэнтаванага геапалітычнага ляндшафту.
Форум