Літоўскі гісторык Русьціс Камунтавічус пракамэнтаваў Свабодзе ліст літоўскіх грамадзкіх дзеячоў прэзыдэнту Гітанасу Наўседу, у Міністэрства замежных спраў і ў Сэйм з заклікам забараніць выкарыстаньне сымбалю «Пагоня» як на пашпартах, якія зьбіраецца выпускаць беларуская апазыцыя, так і ў любой іншай форме ў афіцыйным кантэксьце.
Ніжэй прыводзім фрагмэнты інтэрвію. Цалкам гутарку глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Пра сапраўдны матыў ліста
«Літва была адной зь першых краін, якія дэ-факта прызналі БНР з «Пагоняй». Больш за тое, у нас у Літве было Міністэрства беларускіх справаў у Коўне ў 1918 годзе, і там была «Пагоня». Калі ў 1991-м узьнікла Рэспубліка Беларусь, яе гербам была «Пагоня», і мы яе прызналі. Калі прыйшоў Лукашэнка, мы прызналі яго нелегальным, бо ён фальсыфікаваў рэфэрэндумы, у тым ліку пра замену герба. Думаю, што падпісанты гэтага ліста проста хочуць, каб беларусы ня мелі «Пагоні». Гэта эмацыйная справа. «Пагоню» выкарыстоўваюць тыя беларусы, якія супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, тыя беларусы, якія падтрымліваюць Украіну. Атрымліваецца, што яны нашы ворагі? Тады хто для нас Лукашэнка, у якога няма «Пагоні»? А калі ворагі і тыя, і другія, тады мы ўвогуле ня любім беларусаў і сьпісваем іх. Магчыма, у аўтараў ліста такая пазыцыя.
Пра тое, што ў лісьце насьцярожыла найбольш
«Мяне ў гэтым лісьце зьдзівіла нават не сытуацыя з „Пагоняй“, бо такое гучала і раней. Мяне ўразіла тое, што аўтары ліста раяць увесьці цэнзуру на гісторыю ў Літве. Яны прапануюць канон гісторыі Літвы, увесьці яго праз закон, каб памяць пра ВКЛ была кананізаваная, пастаўленая ў рамкі. Мне гэта нагадала, як у 2020 годзе Пуцін прапанаваў законы, якія мусілі мяняць Канстытуцыю. Яны таксама ўсталёўвалі „гістарычную праўду“. І мне гэта нагадала тое ж. Дзіўна, што там падпісаліся і гісторыкі. Нават калі падпісанты ліста кажуць, што „літвінізм“ — гэта парагісторыя, несапраўдная гісторыя, то калі гэта забараніць, гэта нагадвае нацысцкую Нямеччыну, дзе палілі кнігі тых людзей, чыя пазыцыя ім не падабалася. Гайнэ тады напісаў, што ў месцы, дзе паляць кнігі, потым будуць спальваць людзей. Мяне больш напалохала тое, што ў Літве ёсьць людзі, якія хочуць цэнзураваць гісторыю».
Пра «літвіністаў» і нянавісьць
«Аўтары гэтага ліста „літвіністамі“ называюць проста беларусаў. Гэта як сынонім. Літвіністы — амаль усе беларусы, за выключэньнем тых, хто гаворыць пра савецкія часы. Аўтары ліста хочуць, каб беларусы вярнуліся ў СССР, пачатак часоў Лукашэнкі, яны цалкам аддаюць беларусаў Расеі.
Такія лісты спараджаюць нянавісьць да беларусаў, якія жывуць у Літве. Яны проста хочуць, каб больш літоўцаў ненавідзелі беларусаў, каб у нас не было сяброў сярод беларусаў, тых, хто змагаецца супраць Лукашэнкі. Думаю, што гэта акурат карысна Маскве, калі мы сварымся з такімі беларусамі».
Пра тое, чаму так адбываецца
«Літоўскі і беларускі погляд на мінулае вельмі розныя, супярэчлівыя. А для літоўцаў гісторыя — гэта вельмі важны складнік ідэнтычнасьці. Калі яны чуюць, што могуць быць іншыя інтэрпрэтацыі мінулага, ня тыя, да якіх яны звыклі, то ім тады страшна, дыскамфортна.
Мы ўнутры Літвы мала размаўляем з народам. Мы мала тлумачым гэтыя праблемы, розныя падыходы да Беларусі. Я напісаў у 2021 годзе «Гісторыю Беларусі» на літоўскай мове. Уявіце, што не было дагэтуль кнігі па-літоўску пра гісторыю Беларусі. Літоўскія гісторыкі не пісалі, і перакладаў не было. У нас увогуле не перакладалі кніг беларускіх аўтараў. Бо ня любім, ненавідзім. І гэтыя ж людзі нападаюць на мяне. Колькі гісторыкаў захоча такога стаўленьня да сябе? Але ёсьць гісторык Бумблаўскас з падобным, як у мяне, падыходам, ёсьць Томас Венцлава.
Пра тое, як палепшыць сытуацыю
«Мы павінны паважаць пазыцыю беларусаў. Мы не павінны зыходзіць з таго, што наша пазыцыя правільная, а іхная — кепская. Ці наадварот, гэта таксама кепска. Калі беларусы пачалі разьвіваць сваё бачаньне мінулага, то мы ўжо ня можам гэта прыняць. Але ня думаю, што ў нас ёсьць іншы выхад. Мы павінны яго прыняць і талераваць, спрабаваць зразумець. Нам зь беларусамі жыць. Мы з XIII да XX стагодзьдзя жылі бязь межаў, а зараз мы пабудуем фізычную і мэнтальную мяжу. Я ня думаю, што гэта правільная пазыцыя.
Нават тыя падручнікі, якія цяпер выдаюцца Марзалюком, лукашэнкаўскім прапагандыстам, яны больш крытычныя, чым літоўскія падручнікі, калі гаварыць пра падыход да ВКЛ. Яны падаюць больш розных інтэрпрэтацый. Усё гэта таму, што для беларусаў мінуўшчына, гісторыя не такая важная, як для літоўцаў. Літоўцам гэта вельмі патрэбна, і яны мусяць пераступаць празь сябе, каб прыняць, што ў беларусаў ці палякаў іншы погляд на мінулае. А калі побач вайна, то ўсё гэта накаляецца яшчэ больш».
Форум