Агенцтва замежнай выведкі Паўднёвай Карэі заявіла, што Паўночная Карэя, выглядае, накіравала дадатковыя войскі ў Расею пасьля таго, як яе салдаты, разгорнутыя на расейска-ўкраінскіх франтах, зазналі вялікія страты.
Associated Press з спасылкай на нацыянальную выведную службу Паўднёвай Карэі піша, што Сэул спрабуе дакладна вызначыць, колькі яшчэ войскаў Паўночная Карэя адправіла на падтрымку Расеі.
Спэцыяльная служба таксама ацаніла, што паўночнакарэйскія войскі былі перадысьлякаваныя на франтах у Курскай вобласьці Расеі ў першы тыдзень лютага пасьля паведамленьняў аб часовым вывадзе з гэтага раёну. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі яшчэ ў сваім звароце 7 лютага пацьвердзіў новы наступ украінцаў на Курск і сказаў, што паўночнакарэйскія войскі ваююць там разам з расейскімі сіламі.
Паўночная Карэя пастаўляе ў Расею велізарную колькасьць узбраеньняў, а мінулай восеньню яна таксама накіравала ў Расею каля 10-12 тысяч вайскоўцаў, паводле афіцэраў выведкі ЗША, Паўднёвай Карэі і Ўкраіны. Паўночнакарэйскія вайскоўцы вельмі дысцыплінаваныя і добра падрыхтаваныя, але назіральнікі кажуць, што яны сталі лёгкай мішэньню для бесьпілётнікаў і артылерыйскіх атак на палях расейска-ўкраінскіх баёў празь недахоп баявога досьведу і незнаёмства зь мясцовасьцю.
У студзені паўднёвакарэйская спэцслужба адзначала, што каля 300 паўночнакарэйскіх салдат загінулі і яшчэ 2700 былі параненыя. Раней Зяленскі ацаніў колькасьць забітых і параненых паўночнакарэйцаў у 4000 чалавек, хаця ацэнкі ЗША былі меншымі — каля 1200.
Раней паўднёвакарэйская газэта JoongAng Ilbo са спасылкай на неўстаноўленыя крыніцы паведаміла, што ў пэрыяд са студзеня па люты ў Курск былі перакінутыя дадатковыя 1000-3000 паўночнакарэйскіх салдатаў.
Паўднёвая Карэя, ЗША і іх партнэры непакояцца, што Расея можа аддзячыць Паўночнай Карэі перадачай сучасных тэхналёгій узбраеньня, якія могуць рэзка ўзмацніць яе ядзерную праграму. Чакаецца, што Паўночная Карэя атрымае таксама эканамічную і іншую дапамогу ад Расеі.
У час перамоваў у Саудаўскай Арабіі на мінулым тыдні Расея і ЗША дамовіліся пачаць працаваць над спыненьнем вайны і паляпшэньнем дыпляматычных і эканамічных сувязяў. Украінскія афіцыйныя асобы на перамовах не прысутнічалі. Гэта паказала незвычайны зрух у зьнешняй палітыцы ЗША пры прэзыдэнце Дональдзе Трампе і відавочны адыход ад ранейшых намаганьняў ЗША па ізаляцыі Расеі ў сувязі зь яе вайной ва Ўкраіне.
Назіральнікі кажуць, што кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын можа накіраваць дадатковыя войскі ў Расею, каб атрымаць далейшую дапамогу з боку Масквы, пакуль ня скончылася вайна.
Форум