Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, чым скончыўся допыт прарасейскага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі


Кэлін Джарджэску з паднятай рукой пасьля допыту 26 лютага 2025
Кэлін Джарджэску з паднятай рукой пасьля допыту 26 лютага 2025

Кэліна Джарджэску, які здабыў найбольш падтрымкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Румыніі 24 лістапада 2024 году, сёньня 5 гадзін дапытвалі ў румынскай пракуратуры.

Пракуратура зрабіла заяву пра «асобу», супраць якой вылучылі абвінавачаньні, сярод іншага, у змове супраць канстытуцыйнага ладу, распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі, стварэньні фашысцкай, расісцкай альбо ксэнафобнай арганізацыі.

Джарджэску не затрымалі, але, паводле румынскай службы Радыё Свабода, ён будзе пад судовым наглядам 60 дзён.

Сёньня ж сьледчыя правялі ў пяці акругах 47 ператрусаў па справе аб падрыве канстытуцыйнага ладу.

Малавядомы Джарджэску стаў нечаканым пераможцам першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Румыніі 24 лістапада 2024 году, набраўшы 23 працэнты галасоў. Ягоная перамога стварыла ўмовы для другога туру з удзелам празаходняй цэнтрысцкай кандыдаткі Элены Лясконі. Аднак 6 сьнежня Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі выбараў, даўшы ўраду магчымасьць прызначыць новую дату прэзыдэнцкіх выбараў.

Вярхоўная рада нацыянальнай абароны Румыніі 4 сьнежня — за чатыры дні да другога туру 8 сьнежня — рассакрэціла выведныя зьвесткі, паводле якіх Багдан Пэшкір, вядомы ў Румыніі як «кароль TikTok», «ажыцьцявіў плацяжы на суму 381 000 даляраў ЗША ў пэрыяд з 24 кастрычніка па 24 лістапада 2024 году карыстальнікам некаторых акаўнтаў TikTok, якія ўдзельнічалі ў прасоўваньні кандыдата Кэліна Джарджэску», што ёсьць парушэньнем румынскага заканадаўства.

З тых часоў Пэшкір адмаўляў фінансаваньне выбарчай кампаніі Джарджэску, заявіўшы, што хоць некаторыя зь яго ахвяраваньняў пайшлі прыхільнікам кандыдата, іншыя пайшлі на дабрачыннасьць, апалітычныя акаўнты TikTok і акаўнты ў падтрымку іншых кандыдатаў.

6 сьнежня ён адказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што ня мае ніякай сувязі з Джарджэску.

«У мяне няма ніякай матэрыяльнай ці асабістай зацікаўленасьці, я проста добраахвотна падтрымліваў яго праз пасты і камэнтары», — сказаў ён у пісьмовым адказе.

«У гэтым дакумэнце згадваюцца толькі прыхільнікі [Джарджэску], што падаецца мне абсурдным. Я не заключаў ніякіх пагадненьняў зь людзьмі, што я буду ахвяраваць у падтрымку таго ці іншага кандыдата», — дадаў Пэшкір.

У паведамленьні на Facebook незадоўга да таго, як выбары былі ануляваныя, Пэшкір абвінаваціў СМІ ў перасьледзе і прыгразіў судовым пазовам. Адказваючы на пытаньне ў разьдзеле камэнтароў пра тое, адкуль узяліся грошы, Пэшкір напісаў, што гэта «ня ваша справа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG