Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь зноў сярод самых несвабодных краін сьвету ў індэксе Freedom House


Мапа паводле Індэксу Свабоды ў сьвеце — 2025 ад Freedom House. Зялёным колерам пазначаныя свабодныя краіны, жоўтым — часткова свабодныя, а бэзавым — несвабодныя
Мапа паводле Індэксу Свабоды ў сьвеце — 2025 ад Freedom House. Зялёным колерам пазначаныя свабодныя краіны, жоўтым — часткова свабодныя, а бэзавым — несвабодныя

Беларусь у новым Індэксе Свабоды ў сьвеце — 2025 ад Freedom House знаходзіцца ў пераліку 17 з 67 несвабодных краін і тэрыторыяў, якія маюць найгоршыя сукупныя балы па палітычных правах і грамадзянскіх свабодах.

Беларусь таксама апынулася сярод 20 з 65 краінаў, якія апусьціліся ў рэйтынгу за апошні год. Пагаршэньне рэйтынгу гэтых краін у справаздачы тлумачыцца выбарамі, «азмрочанымі той ці іншай формай выбарчых маніпуляцыяў», а таксама гвалтам на фоне выбараў у гэтых краінах.

Індэкс Свабоды Беларусі складае 7 са 100, Індэкс палітычных свабодаў — 1 з 40, Індэкс грамадзянскіх свабодаў — 6 з 60. Беларусь, паводле гэтых лічбаў, знаходзіцца ў катэгорыі несвабодных краінаў.

У справаздачы Freedom House Беларусь узгадваецца ў сувязі з роляй рэжыму Лукашэнкі ў прымусовым перамяшчэньні і «ідэалягічным апрацоўваньні» ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у спробе «русыфікаваць» іх і нават падрыхтаваць да расейскай вайсковай службы.

Таксама ў Індэксе гаворыцца, што ў 2024 годзе ў Беларусі, а таксама ў Расеі адбыліся «некаторыя з самых скрайніх выпадкаў рэпрэсіяў» і ціску на работнікаў СМІ і юрыстаў з палітычна матываваных прычынаў.

«У Беларусі адвакаты, якія прадстаўлялі інтарэсы палітвязьняў, самі сталі зьняволенымі, абвінавачанымі ў „экстрэмізьме“ выключна на падставе іх дзейнасьці», — адзначаецца ў справаздачы.

Агулам у рэйтынгу Freedom House 195 краін і 13 тэрыторыяў, свабода ў якіх ацэньваецца па 25 паказчыках. Найгорш стаяць справы з палітычнымі і грамадзянскімі свабодамі на акупаваных Расеяй украінскіх тэрыторыях. Паводле ацэнкі Freedom House, там узровень свабоды зьнізіўся да адмоўных значэньняў. Толькі крыху лепшай была сытуацыя ў Тыбэце (0 балаў), Паўднёвым Судане і Туркмэністане (па 1 бале).

Самай свабоднай краінай аказалася Фінляндыя: у яе 100 балаў са 100. Аднаго бала да лідэрства не хапіла Нарвэгіі, Швэцыі і Новай Зэляндыі.

У цэлым Freedom House канстатуе, што свабода ў сьвеце скарачаецца 19-ы год запар. За мінулы год сытуацыя пагоршылася ў 60 краінах, палепшылася — у 34. У свабодных дзяржавах цяпер жыве 20% чалавецтва, у часткова свабодных і несвабодных — па 40%.

  • Амэрыканскі дасьледчы цэнтар Freedom House публікуе параўнальныя ацэнкі ступені свабоды ў розных краінах сьвету пачынаючы з 1973 году.
  • Ацэнкі Беларусі істотна палепшыліся па выніках 2015 году (году вызваленьня палітвязьняў і пачатку нармалізацыі адносінаў з Захадам). Да 2020 году ацэнкі заставаліся стабільнымі, а ў справаздачы 2021 году быў зафіксаваны чарговы абвал, які адлюстраваў паглыбленьне і пашырэньне палітычных рэпрэсіяў. У 2021–2024 гадах значэньне індэксу для Беларусі вярнулася на ўзровень 2015 году.
  • Freedom House — міжнародная няўрадавая арганізацыя, якая праводзіць дасьледаваньні для падтрымкі дэмакратыі, палітычных свабодаў і правоў чалавека. Заснаваная ў кастрычніку 1941 году, калі яе ўзначалілі ў якасьці ганаровых старшыняў Уэндэл Уілкі і Элеанора Рузвэльт. Арганізацыя стала вядомая дзякуючы дасьледаваньням стану палітычных і грамадзянскіх свабодаў, якія вядуцца з 1978 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG