Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што беларусы пачалі больш актыўна зьвяртацца ў «камісію па вяртаньні», якую ён ачольвае.
«Першыя прыкметы таго, што сталі больш актыўна зьвяртацца, ужо маем. Да нас сталі зьвяртацца нават бацькі маладых людзей, якія знаходзяцца за мяжой і з шэрагу прычын баяцца вяртацца ў нашу краіну», — працытавала Андрэя Шведа дзяржаўнае агенцтва БелТА.
У Telegram-канале Генэральнай пракуратуры ўдакладнілі, што «ужо разгледзелі прыблізна 240 зваротаў, яшчэ шэраг знаходзіцца на разглядзе, а больш як 30 грамадзянам далі станоўчы адказ».
У Генпракуратуры сьцьвярджаюць, што маюць інфармацыю аб тым, што 20 з 30 згаданых беларусаў ужо вярнуліся.
Адметна, што гэтыя лічбы зусім не зьмяніліся ў параўнаньні з тымі, які Андрэй Швед агучыў 5 лютага пасьля абмеркаваньня далейшай працы «камісіі па вяртаньні» з Аляксандрам Лукашэнкам.
Праваабаронцы цэнтру «Вясна» раней паведамлялі, што ім вядома пра мінімум тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасьці» і звароты ў «камісію па вяртаньні», на людзей завялі крымінальныя справы пасьля вяртаньня ў Беларусь.
Агулам жа, паводле інфармацыі «Вясны», за вясну і лета 2024 году па вяртаньні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 зь іх завялі крымінальныя справы. Пры гэтым, сьцьвярджаюць праваабаронцы, лічба можа быць значна большая, бо ў іх няма поўных зьвестак.
«Экстрэмісцкіх злачынстваў» паменела
У часе выступу ў Нацыянальным сходзе Беларусі Андрэй Швед паведаміў, што колькасьць «экстрэмісцкіх злачынстваў» працягвае скарачацца. Паводле яго, у 2024 годзе іх колькасьць скарацілася ўдвая.
«Найбольшую частку складаюць злачынствы, якія ўчыняюць у сетцы інтэрнэт. Летась у рамках спэцыяльнага вядзеньня накіравалі ў суд крымінальныя справы супраць 62 экстрэмістаў, якія хаваюцца за межамі рэспублікі. Гэта мера зьвязаная з завочным асуджэньнем і зьяўляецца дзейным стрымліваючым фактарам», – адзначаецца ў паведамленьні Генпракуратуры Беларусі.
Згодна зь інфармацыяй Андрэя Шведа, пракуроры падтрымалі дзяржаўнае абвінавачаньне супраць больш за 1,5 тысячы грамадзян. Апраўдальных выракаў не было.
- У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца або даведацца пра свой прававы статус. Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні з боку праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна раскаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
- Рашэньне, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генпракурор Андрэй Швед. У склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара, сэнатар Дзьмітры Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, іншыя асобы.
- Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртаньня ў Беларусь з прычыны пагрозы арышту.
- Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за абразу Лукашэнкі асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні». У сьнежні 2023 году беларуска вярнулася з Польшчы праз «камісію па вяртаньні», і яе будуць судзіць. Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з ранейшай праграмы сілавікоў «Дарога дадому», асудзілі на 4,5 года калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае пакаяньне, афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.
- 17 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сваім указам надзяліў камісію па вяртаньні пры Генэральнай пракуратуры Беларусі новымі паўнамоцтвамі. Згодна з дакумэнтам, дзейнасьць «камісіі па вяртаньні» набыла пастаянны характар (раней тэрмін яе працы меўся скончыцца 31 сьнежня 2024 году). Камісія таксама атрымала права разглядаць ня толькі звароты беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, але і тых, хто ў Беларусі. Праўда, звароты апошніх будуць разглядаць на падставе даручэньняў Лукашэнкі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум