Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў пра мэтазгоднасьць працягу дзейнасьці «камісіі па вяртаньні беларусаў на радзіму».
«Работа камісіі будзе працягвацца. Мы лічым, што яна робіць свой унёсак у вырашэньне шэрагу пытаньняў», — працытавала Андрэя Шведа дзяржаўнае агенцтва БелТА.
4 лютага генэральнага пракурора Беларусі прыняў з справаздачай Аляксандар Лукашэнка, які паставіў Шведу «больш спэцыфічныя пытаньні аб дзейнасьці Генпракуратуры і камісіі для жадаючых вярнуцца на радзіму».
«Вашы ўражаньні, вашы думкі, высновы ў тым ліку, як нам рухацца далей: нам варта захаваць гэтую камісію ці яна нам ужо непатрэбная. Я хацеў бы, каб яна працавала. Усё ж, як бы там ні было, дадатковая думка, дадатковы пункт гледжаньня», — запытаў Аляксандар Лукашэнка.
Паводле генпракурора, камісія ўжо патлумачыла прыблізна 40 грамадзянам, што яны могуць спакойна вяртацца, бо да іх «няма ніякіх прэтэнзіяў».
«Але я ведаю, што частку зь іх шчыльна апрацоўваюць замежныя спэцслужбы. Мы ведаем гэтыя факты. Тым людзям, якія будуць вяртацца, мы будзем даваць слова, і ад іх вы пачуеце ўсю праўду пра тое, як „салодка“ жывецца за мяжой, якое да беларусаў стаўленьне і якім чынам і хто перашкаджае вяртаньню нашых грамадзян на сваю радзіму», — удакладніў Андрэй Швед.
Генэральны пракурор Беларусі пераконвае, што ўсе, хто будзе зьвяртацца ў «камісію па вяртаньні», атрымаюць «аб’ектыўную інфармацыю і гарантыі».
«Вы спакойна ўедзеце ў нашу краіну, як ужо ўехалі 19 чалавек. З кожным зь іх вы можаце паразмаўляць. Усё, што пішацца за мяжой, што нібыта тут кагосьці затрымалі і гэтак далей, — такіх фактаў мы ня ведаем. Апроч аднаго: асоба вярнулася сюды, але была затрыманая за ўчыненьне іншага злачынства. Гэта не азначае, што калі асоба вярнулася, у яе імунітэт ад адказнасьці за іншыя злачынствы», — дадаў ён.
Што кажуць праваабаронцы
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ім вядомыя як мінімум тры выпадкі, калі, нягледзячы на «дамоўленасьці» і звароты ў «камісію па вяртаньні», супраць людзей завялі крымінальныя справы пасьля вяртаньня ў Беларусь.
Агулам жа, паводле інфармацыі «Вясны», за вясну і лета 2024 году па вяртаньні ў Беларусь былі затрыманыя больш за 55 чалавек, супраць 17 зь іх завялі крымінальныя справы. Пры гэтым, сьцьвярджаюць праваабаронцы, лічба можа быць значна большая, бо ў іх няма поўных зьвестак.
- У лютым 2023 году Лукашэнка падпісаў указ аб стварэньні камісіі па вяртаньні, у якую могуць зьвярнуцца беларусы, што пакінулі краіну на хвалі пратэстаў і жадаюць вярнуцца альбо даведацца пра свой прававы статус. Да заявы неабходна прыкласьці копію пашпарта, а таксама расказаць, чаму грамадзянін думае, што ў выпадку вяртаньня да яго могуць быць пытаньні з боку праваахоўных органаў. Таксама ён павінен «публічна раскаяцца ва ўчыненых ім злачынствах супраць улады».
- Рашэньне, ці зможа чалавек вярнуцца дадому, прымаюць сябры камісіі (26 чалавек), якую ўзначальвае генпракурор Андрэй Швед. У склад камісіі таксама ўвайшлі кіраўнік МЗС Сяргей Алейнік, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітрый Гара, сэнатар Дзьмітрый Баскаў, дэпутаты, чыноўнікі, шмат праўладных прапагандыстаў кшталту Рыгора Азаронка, Андрэя Мукавозчыка, іншыя асобы.
- Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы неаднаразова папярэджвалі суайчыньнікаў, якія эмігравалі, пра небясьпеку вяртаньня ў Беларусь з прычыны пагрозы арышту.
- Вядомыя выпадкі, калі пасьля вяртаньня ў Беларусь і звароту ў камісію людзям прысуджалі турэмныя тэрміны. Так, напрыклад, у лістападзе 2023 году на 1 год калёніі за «абразу Лукашэнкі» асудзілі 30-гадовага берасьцейца Ігара Неміровіча, які вярнуўся ў Беларусь праз зварот у «камісію па вяртаньні». У сьнежні 2023 году беларуска вярнулася з Польшчы праз «камісію па вяртаньні», і яе будуць судзіць. Адміністратарку пратэставых чатаў Тацяну Курыліну, якая скарысталася з ранейшай праграмы сілавікоў «Дарога дадому», асудзілі на 4,5 года калёніі паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Людзей, якія зьвяртаюцца ў камісію, беларускія прапагандысты выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так, тэлеканал СТВ паказаў інтэрвію з Тацянай Собаль, якая вярнулася праз «камісію». Нягледзячы на публічнае пакаяньне, афіцыйна абвешчана, што яе чакае судовы перасьлед.
- 17 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка сваім указам надзяліў камісію па вяртаньні пры Генэральнай пракуратуры Беларусі новымі паўнамоцтвамі. Згодна з дакумэнтам, дзейнасьць «камісіі па вяртаньні» набыла пастаянны характар (раней тэрмін яе працы меўся скончыцца 31 сьнежня 2024 году). Камісія таксама атрымала права разглядаць ня толькі звароты беларускіх грамадзян, якія знаходзяцца за мяжой, але і тых, хто ў Беларусі. Праўда, звароты апошніх будуць разглядаць на падставе даручэньняў Лукашэнкі.
Форум