Як паведамляе выданьне «Салідарнасць», у лісьце амбасадау Беларусі генэральны сакратар DİSK Тайфун Гёргюн нагадаў, што з 2020 года дзясяткі прафсаюзных актывістаў знаходзяцца за кратамі, сотні падвергліся перасьледу, запалохваньням і гвалту, а Беларусь назвалі адной з 10 горшых краін сьвету для працоўных паводле вэрсіі Міжнароднай арганізацыі працы.
«DİSK глыбока шкадуе аб крыміналізацыі прафсаюзнай дзейнасці ў Беларусі. Ідзе чацьвёрты год пасьля таго, як аўтарытарны ўрад распусьціў незалежныя прафсаюзаы, арыштоўваў іх лідэраў, абвясьціў прафсаюзы экстрэмісцкімі арганізацыямі», — гаворыцца ў лісьце.
DİSK заклікае да неадкладнага вызваленьня ўсіх зьняволеных і аднаўленьня прафсаюзных свабод у краіне.
«Рэпрэсіі павінны спыніцца. Правы работнікаў — гэта аснова справядлівага грамадзтва», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Канфэдэрацыя рэвалюцыйных працоўных прафсаюзаў Турэччыны (DİSK — тур. Türkiye Devrimci İşçi Sendikaları Konfederasyonu) — адзін з чатырох вядучых нацыянальных прафсаюзных цэнтраў у Турцыі. Заснаваны 15 чэрвеня 1967 года левымі прафсаюзамі, якія вылучыліся з Канфэдэрацыі турэцкіх прафсаюзаў (TÜRK-İŞ).
17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю
У беларускіх вязьніцах застаюцца 17 лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху, якія таксама зазналі рэпрэсіі за пэрыяд ад 2020 году.
Гэта Вацлаў Арэшка, Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.
Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і вызваліліся актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.
Васіль Берасьнеў выйшаў на волю праз памілаваньне.
Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.
Форум