Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камісія Шведа» разгледзела 230 заяў пра памілаваньне палітвязьняў


Андрэй Швед
Андрэй Швед

«Камісія па вяртаньні», якой кіруе генэральны пракурор Андрэй Швед, стала разглядаць матэрыялы ня толькі ў адносінах да тых, хто жадае вярнуцца, але і тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні.

«Камісія па вяртаньні», якой кіруе генпракурор Андрэй Швед, разгледзела матэрыялы аб памілаваньні 230 чалавек, асуджаных паводле так званых пратэставых артыкулаў. Пра гэта Швед расказаў у эфіры беларускай тэлевізіі. Летась паўнамоцтвы яго камісіі былі пашыраныя. Яна стала разглядаць матэрыялы ня толькі ў адносінах да ахвочых вярнуцца з эміграцыі, але і тых, хто знаходзіцца ў зьняволеньні.

«Мы разгледзелі заявы асобаў, якія былі асуджаныя за злачынствы экстрэмісцкага характару, зьвязаныя з падзеямі 2020 году. Да нас паступіла 230 такіх заяў, па 202 мы далі станоўчае заключэньне і 28 асоб, якія да нас зьвярнуліся, палічылі, што не, ня могуць яны быць амніставаны. Кіраўнік дзяржавы з намі пагадзіўся, і адпаведныя акты памілавання былі падпісаны кіраўніком дзяржавы. І гэтыя людзі выйшлі на волю», — сказаў Швед.

«Экстрэмістамі» ўлады Беларусі называюць апанэнтаў улады, удзельнікаў акцый пратэсту, супраць якіх яны праводзяць палітычныя рэпрэсіі.

Як заявіў генэральны пракурор на дзяржаўнай тэлевізіі, камісія прымала рашэньні ў дачыненьні да 50 спартоўцаў.

«Мы разгледзелі шэраг кірункаў, і шэраг зваротаў найперш з боку кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму, у прыватнасьці, з просьбай, каб мы ацанілі магчымасьць уцягваньня ў спартовую сфэру шэрагу спартоўцаў, якія, на думку службовых асобаў гэтага міністэрства, патрэбныя нашаму спорту, але спатыкнуліся ў 2020 годзе. Было разгледжана каля 50 матэрыялаў у дачыненьні гэтай катэгорыі асоб», — сказаў Андрэй Швед.

Пры гэтым Швед не паведаміў, ці былі сярод гэтых заяваў ухваленыя і ці вярнуўся нехта з тых спартоўцаў у краіну.

Што да разгляду заяў тых, хто хоча вярнуцца ў Беларусь, але баіцца крымінальнага перасьледу, то такіх дакумэнтаў у камісію паступіла больш за 240. Швед чакае, што заяў будзе больш, бо заканчваюцца тэрміны даўнасьці па падзеях 2020 году.

«На дадзены момант да нас паступіла 241 заява. Каля 30, ну каля 40, асобам далі тлумачэньні наконт таго, што ў нас да іх прэтэнзій няма ніякіх і яны памыляюцца адносна свайго статусу. 19 чалавек зь іх ужо вярнуліся. Заявы працягваюць паступаць», — сказаў ён.

Пры гэтым у Беларусі працягваюць і затрымліваць людзей па вяртаньні з-за мяжы. Такія затрыманьні адбываюцца рэгулярна, напрыклад нядаўна адбылася масавая аблава на дальнабойнікаў.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG