«На выходных даведалася, што павінна камусьці „вярнуць доўг“: так цяпер выглядаюць дзьверы кватэры ў Менску, дзе я прапісаная і жыла адна. Унутры дзьверы былі залітыя клеем, іх было немагчыма адчыніць.
Мабыць, выпадкова супала з тым, што пасьля тэксту ў Politico пра міграцыйны крызіс фэйкавыя акаўнты пачалі віншаваць мяне з крыміналкамі па „дыскрэдытацыі РБ“, „абразе“ і „паклёпе“ на Лукашэнку і іншай радасьцю. А ў тую ж раніцу „заклееных дзьвярэй“ мяне прыйшлі шукаць зь міліцыі. „Вярні доўг“ радзіме, але ёсьць нюанс», — напісала Тацяна Ашуркевіч.
Журналістка адзначае, што не жыве ў Беларусі ўжо чатыры гады і што ў яе не засталося ў краіне сяброў ці сваякоў, зь якімі б яна мела зносіны. Пра тое, што адбылося, ёй паведамілі «людзі з пад'езда».
Тацяна Ашуркевіч — беларуская журналістка, палітычная аглядальніца і аналітык. У студзені 2025 году ў выданьні Politico выйшаў яе артыкул пра міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Эўразьвязу, у якім гаварылася пра тое, як «рэжым Аляксандра Лукашэнкі ператварыў міграцыю ў зброю».
- У 2023–2024 гадах адбылося 759 атак на беларускіх журналістаў, сьведчыць сумесны даклад БАЖ і фонду «Справядлівасьць для журналістаў». Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 40 прадстаўнікоў мэдыя (на канец 2024 году было 45); з 2020 году каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь; а з тых, хто застаўся ў краіне, шмат хто працуе ў падпольлі або пакінуў прафэсію.
- Рэжым Лукашэнкі не дае спакою нават журналістам на выгнаньні, пачынаючы супраць іх так званае «спэцыяльнае вядзеньне», у рамках якога іх пасьля завочна судзяць у Беларусі.
- Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» у штогадовым дакладзе за 2024 год паставіла Беларусь на чацьвёртае месца ў сьвеце паводле колькасьці зьняволеных журналістаў: краіна заняла 167 месца сярод 180. Беларусь лічыцца самай небясьпечнай краінай для мэдыйнікаў у Эўропе.
- З 2020 году Міністэрства інфармацыі Беларусі ўнесла ў сьпіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў 6565 акаўнтаў, прычым 2 тысячы зь іх унесьлі ў чорны сьпіс ужо ў 2024 годзе. Доступ да гэтых рэсурсаў на тэрыторыі Беларусі блякуецца, а за іх распаўсюджваньне наступае адміністрацыйная й крымінальная адказнасьць.
- З канца 2023 году рэжым у Беларусі забірае ў незалежных мэдыя лякальныя інтэрнэт-дамэны .by, што прыводзіць да страты аўдыторыі і пагаршэньня іхных пазыцыяў у пошукавых сыстэмах.
Форум