Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп ламае доўгатэрміновыя правілы амэрыкана-расейскіх адносінаў. Аналіз Свабоды


Зьлева направа: прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, каляж
Зьлева направа: прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, каляж

Падобна, што Трамп пераглядае амэрыканска-расейскія адносіны па Ўкраіне. Ужо зь першага раўнду перамоваў выключылі Кіеў, і зьявілася занепакоенасьць, што Вашынгтон і Масква могуць паспрабаваць заключыць угоду цераз галовы і ўкраінцаў, і Эўропы, піша рэгіянальны дырэктар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Натан Годж.

Як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьбіраецца дасягнуць мірнага пагадненьня па Ўкраіне, усё яшчэ незразумела, але пасьля тыдня беспрэцэдэнтнай рыторыкі, накіраванай супраць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, «лініі разлому» паміж Эўропай і Вашынгтонам пачынаюць праступаць выразьней.

Фрыдрых Мэрц — наступны, як чакаецца, канцлер Нямеччыны, — ставіцца да захаваньня альянсу NATO ў цяперашнім выглядзе зь непрыхаваным пэсымізмам.

«Пасьля заяваў Дональда Трампа на мінулым тыдні стала зразумела, што амэрыканцы ў значнай ступені абыякавыя да лёсу Эўропы», — сказаў ён у тэлевізійным выступе пасьля перамогі сваёй партыі на парлямэнцкіх выбарах у Нямеччыне 23 лютага.

«Мне вельмі цікава паглядзець, як мы будзем набліжацца да саміту NATO ў канцы чэрвеня — ці будзем мы па-ранейшаму гаварыць пра NATO ў яго цяперашнім выглядзе, ці нам давядзецца значна хутчэй ствараць незалежны эўрапейскі абаронны патэнцыял», — дадаў ён.

Як хутка ўсё зьмянілася ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Напярэдадні ўварваньня тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн папярэдзіў, што Расея «заплаціць высокую цану», калі прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адправіць свае бранятанкавыя калёны ва Ўкраіну.

«Ведаеце, ёсьць шмат праблемаў, якія падзяляюць нашу краіну і ўвесь сьвет, але супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ў іх лік не ўваходзіць, — сказаў тады Байдэн. — Амэрыканскі народ адзіны. Эўропа адзіная. Трансатлянтычная супольнасьць адзіная. Нашы палітычныя партыі ў гэтай краіне адзіныя. Увесь вольны сьвет адзіны».

Гэтыя тэзы пра адзінства і рашучасьць Захаду больш не падаюцца актуальнымі. На мінулым тыдні Расея і ЗША пачалі першы раўнд перамоваў, выключыўшы зь іх Украіну. Гэта выклікала асьцярогі, што Вашынгтон і Масква могуць паспрабаваць пра нешта дамовіцца цераз галовы як украінцаў, так і іх эўрапейскіх саюзьнікаў.

Больш за тое, Трамп, падобна, адкінуў даўнія правілы амэрыканска-расейскіх адносінаў: ён падвоіў нападкі на Зяленскага, беспадстаўна назваў прэзыдэнта Ўкраіны «дыктатарам бяз выбараў» і даў зразумець, што ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны, на ягоную думку, вінаваты ня Пуцін, а Зяленскі.

Гэтыя заявы, падобна, адлюстроўвалі скажонае ўспрыманьне гісторыі Пуціным: у прамове, якая выйшла ў этэр раніцай 24 лютага 2022 году, Пуцін нахабна апраўдваў поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, пераплятаючы напаўпраўду, скажэньні і адкрытую хлусьню, і абвінавачваў Украіну і «калектыўны Захад», што тыя прымусілі Расею зьвярнуцца да ваенных дзеяньняў.

А на трэція ўгодкі расейскага ўварваньня Злучаныя Штаты шакавалі сусьветную грамадзкую думку, прагаласаваўшы разам з Расеяй супраць рэзалюцыі Генэральнай Асамблеі ААН, якая асуджае расейскі напад на Ўкраіну. Вашынгтон таксама ўнёс альтэрнатыўную рэзалюцыю, у якой адказнасьць Расеі за разьвязваньне вайны падавалася зьмякчана.

У пэўным сэнсе мы гэта ўжо праходзілі. На саміце з Пуціным у Хэльсынкі ў 2018 годзе Трамп выклікаў у Вашынгтоне абурэньне, заявіўшы, што паверыў словам расейскага прэзыдэнта, а ня ўласным выведным службам, якія ўсклалі віну за ўмяшаньне ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе на Расею. Але відавочнае паўтарэньне адміністрацыяй Трампа тэзісаў Крамля аб Украіне, здаецца, паказвае на больш глыбокі разрыў з саюзьнікамі Амэрыкі.

Няясна ўсё ж, наколькі адлюстраваньне Трампам тэзісаў Пуціна трансфармуецца ў рэальную палітыку. Саміт Трампа з Пуціным у Хэльсынкі ў 2018 годзе спарадзіў размовы пра капітуляцыю і пра тое, што Трамп, як выглядала, прыняў за чыстую манэту невінаватасьць Расеі ва ўмяшаньні ў выбары.

Аднак той саміт на практыцы не прынёс пацяпленьня ў адносінах паміж Масквой і Вашынгтонам. У цэлым яны засталіся на ранейшым нізкім узроўні.

Адмоўная рэакцыя з боку Кіева і іншых заходніх сталіц была моцная. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на сумеснай прэс-канфэрэнцыі з Трампам 24 лютага ясна даў зразумець, што разглядае Расею як «агрэсара», адказнага за пачатак вайны. Украіна ў трэцюю гадавіну поўнамаштабнай вайны Расеі супраць яе таксама атрымала хвалю міжнароднай падтрымкі.

Мы яшчэ пабачым, як апошнія заявы Трампа па Ўкраіне будуць увасабляцца ў палітыку. Але, прынамсі на сымбалічным узроўні, трансатлянтычны падыход «плячо ў плячо» ў дачыненьні да Расеі выглядае значна менш пэўным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG