Новае дасьледаваньне ахоплівае зьвесткі з пачатку ўварваньня, якое адбылося тры гады таму, да 31 сьнежня 2024 году. У дасьледаваньні адзначаецца, што кошт аднаўленьня Ўкраіны ўзрос больш як на 7% у параўнаньні зь леташняй ацэнкай, якая складала 486 мільярдаў даляраў.
Прамая шкода Ўкраіне ад расейскіх нападаў вырасла са 152 мільярдаў даляраў у лютым 2024 году да 176 мільярдаў даляраў. Найбольшая шкода нанесеная жыльлёваму сэктару, сэктарам транспарту, энэргетыкі, гандлю і сыстэмы адукацыі.
Паводле экспэртаў, ва Ўкраіне пашкоджаныя або разбураныя больш за 2,5 мільёна хатніх гаспадарак — каля 13% усяго жыльлёвага фонду краіны. Толькі на расчыстку і разбор завалаў спатрэбіцца ня менш за 12,6 млрд даляраў. На аднаўленьне жылога фонду неабходна каля 84 мільярдаў даляраў.
Зафіксаваны 70-працэнтны рост пашкоджаньняў у энэргетычным сэктары ў параўнаньні зь леташняй ацэнкай. Урон нанесены абʼектам генэрацыі, перадачы і разьмеркаваньня электраэнэргіі, а таксама сыстэмам цэнтралізаванага цеплазабесьпячэньня.
Найбольшыя доўгатэрміновыя патрэбы ў аднаўленьні прыпадаюць на жыльлёвы сэктар (84 мільярды даляраў), транспарт (амаль 78 млрд), энэргетыку і здабываючую прамысловасьць (каля 68 млрд), гандаль і прамысловасьць (больш за 64 млрд), а таксама сельскую гаспадарку (больш за 55 млрд).
Пры гэтым у справаздачы ня ўлічваюцца больш за 13 мільярдаў даляраў, ужо выдзеленых на аднаўленьне васьмі сэктараў эканомікі за кошт дзяржаўнай падтрымкі, міжнародных партнэраў Украіны і прыватнага сэктару. У гэтую суму ўваходзіць 1,2 мільярда даляраў зь дзяржаўнага бюджэту і донарскіх фондаў на жыльлёвыя патрэбы, а таксама фінансаваньне рамонту больш за 2 тысячы кілямэтраў дарог.
У дасьледаваньні таксама ацэньваюцца ўплыў вайны на жыцьцё і даходы насельніцтва, паведамілі інстытуты ў сумесным прэс-рэлізе.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп імкнецца да завяршэньня вайны шляхам паасобных перамоваў з Расеяй і Ўкраінай. Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам ён заявіў журналістам, што пагадненьне можа быць дасягнутае на працягу некалькіх тыдняў.
- Энэргетычная інфраструктура Ўкраіны — сталая мэта расейскіх удараў. Уладзімір Пуцін называў удары па энэргааб’ектах Украіны часткай працэсу «дэмілітарызацыі», бо яны ўплываюць на абаронна-прамысловы комплекс краіны.
- Раней Reuters пісала, што ў рамках мірнай дамовы Расея можа пагадзіцца на выкарыстаньне 300 мільярдаў даляраў замарожаных актываў Цэнтрабанку для аднаўленьня Ўкраіны. У прыватнасьці, крыніцы агенцтва паведамлялі, што Кіеў можа атрымаць 200 мільярдаў даляраў, а Расея будзе настойваць на атрыманьні астатніх 100 мільярдаў на аднаўленьне чатырох акупаваных украінскіх абласьцей.
Форум