Агульная колькасьць украінскіх дзяцей, гвалтоўна перамешчаных у Беларусь, ужо перавысіла 3500 чалавек, заявіў намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Павал Латушка з нагоды трэцяй гадавіны поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі падтрымлівае Маскву.
Зь лістапада 2024 па студзень 2025 году Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне (НАУ) зафіксавала яшчэ прынамсі 7 групаў дзяцей, незаконна перамешчаных з часова акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Беларусь. Большасьць — з Данецкай, Луганскай і Херсонскай абласьцей Украіны.
Паводле кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, сама меней 120 дзяцей «сталі ахвярамі незаконнай дэпартацыі і прымусовай індактрынацыі на тэрыторыі Беларусі».
Сабраныя НАУ дакумэнты ўтрымліваюць зьвесткі пра даты і месцы знаходжаньня дзяцей у Беларусі, пра абставіны іх перамяшчэньня і праграму іх знаходжаньня ў Беларусі, а таксама пра крыніцы інфармацыі, выкарыстаныя для пацьвярджэньня зьвестак (фатаздымкі, відэазапісы, дакумэнты).
Каманда НАУ на працягу 2 гадоў зьбірае і дакумэнтуе доказы злачынстваў, зьвязаных зь незаконным перамяшчэньнем украінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь і іх «перавыхаваньнем». У чэрвені і лістападзе 2023 году НАУ перадала сабраныя матэрыялы прадстаўнікам Офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суду.
- Паводле зьвестак Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкага здароўя, з пачатку вайны па кастрычнік 2023 году амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей вывозілі на тэрыторыю Беларусі. У кастрычніку 2024 году праваабаронцы зафіксавалі ў справаздачы «Скрадзенае дзяцінства» зьвесткі пра 2219 украінскіх дзяцей, прымусова перамешчаных у Беларусь з 2021 году.
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздач праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі па выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.
- Па стане на канец кастрычніка 2024 году дэпартаванымі або вымушана перамешчанымі, паводле інфармацыі ўкраінскіх уладаў, лічацца 19 546 дзяцей. Больш за 1700 дзяцей лічацца зьніклымі бязь вестак.
Форум