Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Чарнобыльскай АЭС на 12-ы дзень пасьля расейскага ўдару патушылі ўсе ачагі тленьня


Наступствы ўдару расейскага дрона ў дах над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС, 14 лютага 2025
Наступствы ўдару расейскага дрона ў дах над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС, 14 лютага 2025

Напярэдадні пажарныя вымушаны былі часткова раскрыць канструкцыі, каб выявіць усе ачагі тленьня.

У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня паведамілі аб лякалізацыі ўсіх ачагоў тленьня, якія зьявіліся 14 лютага ў выніку расейскага ўдару дронамі па новым арачным саркафагу над чацьвёртым аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.

«Цеплавізійны маніторынг канструкцый канфайнмэнту паказвае, што тэмпэратурных анамалій, агню і задымленьня ня выяўлена», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У той жа час неабходныя сілы і сродкі працягваюць знаходзіцца на пляцоўцы ў стане гатоўнасьці.

За ўвесь час пасьля інцыдэнту радыяцыйны стан не пагоршыўся і выхаду радыяактыўных рэчываў за вызначаныя межы не адбылося.

24 лютага пажарныя вымушаны былі часткова раскрыць канструкцыі, каб выявіць усе ачагі тленьня.

Расейскі ўдарны дрон з фугаснай баявой часткай у ноч на 14 лютага пацэліў ва ўкрыцьце аварыйнага 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай станцыі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ня выключыў, што атака магла быць мэтанакіраванай. Паводле яго, дрон ляцеў на вышыні 85 мэтраў, а радары ня бачаць цэляў на такой вышыні.

У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду канфайнмэнту зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаража, плошча скразнога пашкоджаньня складала прыблізна да 15 квадратных мэтраў. Разам з гэтым кіраўнік ведамства Рыгор Ішчанка заявіў, што «сумных наступстваў» на Чарнобыльскай АЭС удалося пазьбегнуць.

Урад Украіны на пасяджэньні 18 лютага выдзеліў 1,5 мільярда грыўняў (прыблізна 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на падтрымку ўкрыцьця ў бясьпечным стане.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пацьвердзіла, што ўначы 14 лютага на Чарнобыльскай АЭС прагрымеў выбух. Там таксама адзначылі, што ў дах саркафага АЭС урэзаўся дрон, але не ўдакладнілі, ці быў гэта расейскі дрон.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ня мае дакладнай інфармацыі пра атаку, але «ня можа быць і гаворкі, каб наносіліся ўдары па якіх-небудзь аб’ектах атамнай інфраструктуры». У Расеі рэгулярна адмаўляюць напады на ўкраінскія абʼекты, у прыватнасьці цывільныя, нягледзячы на доказы гэтага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG