Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
«Для чаго сёньня людзі ў сьвеце выходзяць на вуліцы? — задаў пытаньне кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства. — Мы ж бачым гэта ў Беларусі па BBC, CNN, Euronews — калі сутыкаюцца з банальнымі жыцьцёвымі праблемамі. Так званы калектыўны Захад ахоплены акцыямі грамадзянскага непадпарадкаваньня, мы гэта ўсё бачым. Удзельнікі збольшага не цікавяцца».
Максім Рыжанкоў працягнуў:
«Сьвет і бясьпека, працоўныя месцы і заробак, пэнсіі і сацыяльныя гарантыі — вось асноўныя трыгеры, якія выводзяць на вуліцы сёньня мільёны людзей у Старым сьвеце. Тыя мільёны, якія даўно расчараваліся ў здольнасьці вырашыць свае праблемы праз выбары, мы бачым па колькасьці ўдзельнікаў».
Ён задаў пытаньне:
«Дый у прынцыпе, ці можна прызнаць узорнай сытуацыю са свабодамі і правамі СМІ ў Старым сьвеце? Я пагаджуся са сьцьвярджэньнем, якое нядаўна шырока разышлося: сапраўдны крызіс дэмакратыі — сама Эўропа, якая парушае ўсе базавыя чалавечыя каштоўнасьці. Гэта ўжо разумеюць і ў Белым доме».
На нядаўняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс рэзка скрытыкаваў стан палітычнай свабоды ў Эўропе.
Рыжанкоў сёньня на сэсіі Рады ААН па правах чалавека таксама заявіў, што на Беларусь навесілі мільён цэтлікаў у галіне правоў чалавека.
«Скажыце: калі ў краіне грамадзяне жывуць пад мірным небам, адчуваюць сябе ў поўнай бясьпецы, не асьцерагаюцца, што іх застрэляць з аўтамата або саб’е грузавік, якім кіруе фанатык; калі яны не баяцца за жыцьцё сваіх дзяцей, калі тыя ідуць у школу або гуляюць у двары; калі яны маюць працу і дастатковы заробак — ці могуць быць у такой краіне фундамэнтальныя праблемы з правамі чалавека? Усё вышэйпералічанае і ёсьць асноўныя правы чалавека, сярод якіх галоўнае — права на жыцьцё. Дык вось гэта ўсё — сучасная Беларусь, якую ведаем мы, беларусы, ведаюць тыя, хто хоць раз бываў у нас», — сказаў кіраўнік МЗС Беларусі.
Афіцыйная беларуская дэлегацыя на чале зь міністрам замежных спраў Максімам Рыжанковым 24–26 лютага 2025 году наведвае Жэнэву (Швайцарыя) для ўдзелу ў «сэгмэнтах высокага ўзроўню» 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН (РПЧ) і Канфэрэнцыі ў раззбраеньні.
Што кажуць у Радзе ААН аб правах чалавека ў Беларусі
19 сакавіка на той самай сэсіі РПЧ адбудзецца інтэрактыўны дыялёг аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на падставе першага дакладу спэцыяльна створанай незалежнай групы экспэртаў.
У дакладзе канстатуецца, што беларускі ўрад «зьдзейсьніў шырокамаштабныя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні да цывільнага насельніцтва». Гэтыя парушэньні, на думку групы, зьяўляюцца «часткай жорсткіх намаганьняў у задушэньні любой апазыцыі праўленьню прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі». Пры гэтым «некаторыя з гэтых парушэньняў прыраўноўваюцца да злачынстваў супраць чалавечнасьці».
Група незалежных экспэртаў у становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі была створана СПЧ 4 красавіка 2024 году «на аднаўляльны пэрыяд у адзін год» для расьсьледаваньня і вызначэньня фактаў, абставін і карэнных прычын усіх меркаваных парушэньняў і ўціскаў правоў чалавека і парушэньняў, зьдзейсьненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году, у тым ліку іх гендэрных і ўзроставых аспэктаў і іх узьдзеяньня на ахвяр і пацярпелых.
Форум