«Пагроза, якая турбуе мяне больш за ўсё адносна Эўропы, — гэта не Расея. Гэта не Кітай, гэта не які-небудзь іншы вонкавы суб’ект. Тое, што мяне турбуе, — гэта пагроза знутры. Адступленьне Эўропы ад некаторых зь яе самых фундамэнтальных каштоўнасьцяў», — сказаў Вэнс.
Вэнс ракрытыкаваў тое, што назваў абмежаваньнем свабоды слова ў Эўропе, у прыватнасьці, у дачыненьні да рэгуляваньня Эўразьвязам сацыяльных сетак з заяўленай мэтай барацьбы супраць мовы нянавісці і дэзынфармацыі.
«У Вашынгтоне зьявіўся новы шэрыф. І пад кіраўніцтвам Дональда Трампа мы можам не згаджацца з вашымі поглядамі, але мы будзем змагацца за тое, каб абараніць ваша права выказваць іх у публічнай прасторы», — сказаў Вэнс.
«Баюся, што па ўсёй Эўропе свабода слова адступае», — дадаў ён.
Вэнс таксама закрануў тое, што ён назваў рашэннем Эўропы адкрыць «шлюзы для мільёнаў некантраляваныз імігрантаў».
Яго выступленьне прагучала на наступны дзень пасьля таго, як у Мюнхэне арыштавалі аўганскага ўцекача за напад з выкарыстаньнем аўтамабіля, у выніку якога дзясяткі людзей атрымалі раненьні. Матывам атакі быў, як мяркуецца, ісламскі экстрэмізм.
«Колькі разоў мы павінны перажыць гэтыя жудасныя няўдачы, перш чым мы зьменім курс і накіруем нашу агульную цывілізацыю ў новым кірунку? Людзі галасуюць за палітычных лідэраў, якія абяцаюць пакласьці канец бескантрольнай міграцыі». — сказаў Вэнс.
Віцэ-прэзыдэнт ЗША раскрытыкаваў Эўропу за тое, што яна «бяжыць у страху перад уласнымі выбаршчыкамі». Вэнс меў на ўвазе скасаваньне вынікаў выбараў у Румыніі: «Яны былі ануляваныя на падставе хісткіх падазрэньняў спэцслужбаў і велізарнага ціску з боку яе кантынэнтальных суседзяў».
Напярэдадні датэрміновых выбараў у Нямеччыне Вэнс таксама заявіў, што не варта маргіналізаваць папулісцкія партыі. Паводле яго слоў, ні адна з дэмакратый не выжыве, калі «сказаць мільёнам выбарнікаў, што іх думкі і клопаты, іх надзеі і просьбы аб дапамозе ня маюць значэньня».
«Прыміце тое, што кажуць вам вашы людзі, нават калі гэта дзіўна, нават калі вы ня згодныя». — сказаў Вэнс і дадаў. — «Верыць у дэмакратыю азначае разумець, што кожны з нашых грамадзян валодае мудрасьцю і мае права голасу».
Форум