Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча прапануе новыя санкцыі Эўразьвязу, каб спыніць мігранцкі крызіс на мяжы ЭЗ і Беларусі


Беларускія памежнікі пільнуюць мігрантаў ля польскай мяжы. Лістапад 2021
Беларускія памежнікі пільнуюць мігрантаў ля польскай мяжы. Лістапад 2021

Польшча вярнула на стол прапанову, якая дазволіць Эўрапейскаму Зьвязу ўводзіць санкцыі адносна транспартных апэратараў, якія, на думку блёка, «спрыяюць гандлю людзьмі ці кантрабандзе мігрантаў у сувязі зь незаконным уездам у ЭЗ або ўдзельнічаюць у гэтым».

Упершыню рэглямэнт быў унесены Эўракамісіяй у лістападзе 2021 году, калі мігрантаў, у асноўным неэўрапейскіх, пачалі перавозіць празь Беларусь і Расею і дастаўляць да межаў Латвіі, Літвы і Польшчы.

У тым годзе ў Польшчы зафіксавалі каля 40 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы, і ЭЗ у адказ увёў санкцыі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх памежнікаў, дзяржаўнага перавозчыка «Белавія» і сырыйскай авіякампаніі Cham Wings, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Аднак пастанову тады так і не прынялі. Часткова таму, што захады, зробленыя Брусэлем, прынесьлі плён. Апрача санкцый, гэта была інфармацыйная сувязь з трэцімі краінамі, такімі як Ірак і Сырыя, каб людзі ня ехалі незаконна ў ЭЗ, а таксама ўзмацненьне памежнага кантролю; на вонкавых межах Эўразьвязу шмат дзе фактычна пабудавалі фізычныя бар’еры.

Колькасьць спробаў перасячэньня мяжы Польшчы ў 2022 годзе ўпала да 15 000, і некаторыя краіны ЭЗ у той час лічылі гэтыя захады занадта рэзкімі.

У выпадку прыняцьця яны будуць нацэленыя на тое, што любая кампанія, якая займаецца паветраным, чыгуначным, аўтамабільным, марскім і ўнутраным водным транспартам, будзе цалкам адрэзаная ад рынку ЭЗ на цэлы год.

У сувязі з тым, што Польшча цяпер узначальвае паўгадовае старшынства ў Радзе Эўрапейскага Зьвязу, прапанова зноў ставіцца на парадак дня, каб да лета нешта ўзгадніць.

Варшава зрабіла праблемы бясьпекі, у тым ліку інструмэнталізацыю мігрантаў, адным з сваіх галоўных прыярытэтаў. Эўразьвяз як блёк становіцца ўсё больш папулісцкім і антыміграцыйным, і гэта дае шанец, што пра нешта ўдасца дамовіцца.

Польшча таксама зьвяртае ўвагу, што ціск на яе ўсходнюю мяжу зноў узмацніўся: летась яе спрабавалі перасекчы 30,5 тысячы чалавек. У двух дакумэнтах, якія Польшча прадставіла іншым краінам Эўразьвязу і зь якімі знаёмілася Радыё Свабода, вінаваты названы адкрыта.

У дакумэнтах, сярод іншага, напісана:

«Больш за 90% мігрантаў, якія нелегальна перасякаюць польска-беларускую мяжу, маюць расейскую візу, што пацьвярджае тэндэнцыю ўезду мігрантаў у Беларусь пераважна праз Расею са студэнцкай або турыстычнай візай, выдадзенай у краінах паходжаньня».

Такім чынам, грамадзяне Афганістану, Этыёпіі, Эрытрэі, Сырыі і Емэна трапляюць у Расею, а потым і ў Беларусь, у асноўным праз Турэччыну ці Абʼяднаныя Арабскія Эміраты (ААЭ).

Праблема ў тым, як ЭЗ будзе падыходзіць да гэтага пытаньня. Блёк ня хоча канфрантацыі ні з Турэччынай, якая па-ранейшаму застаецца краінай – кандыдаткай у ЭЗ, ні з ААЭ, дзе многія краіны – сябры ЭЗ маюць добрыя сувязі як у эканамічным, так і ў палітычным пляне.

Якія мэханізмы прапануе Польшча?

  • Каб згладзіць прыняцьце новага рэгуляваньня, Варшава спачатку акрэсьлівае прэвэнтыўныя крокі, якія можна зрабіць ужо цяпер. У адным з дакумэнтаў польскага старшынства адзначалася, што яно «хацела б вывучыць магчымасьць разьмяшчэньня афіцэраў сувязі, асабліва ў ключавых краінах транзыту на ўсходнім сухапутным шляху».
  • Адзначаецца, што такі афіцэр сувязі ў аэрапорце Стамбула «будзе спрыяць больш цеснаму супрацоўніцтву з турэцкімі ўладамі ў перадухіленьні нелегальнай міграцыі і выяўленьні патэнцыйных выпадкаў інструмэнталізацыі мігрантаў».
  • У тым жа дакумэнце гаворыцца, што «ў цяперашні час ААЭ ня лічацца ключавой краінай у зьнешнім вымярэньні міграцыі, хоць гэта адзін з ключавых транзытных пунктаў для мігрантаў, якія едуць у ЭЗ. Наладжваньне больш цеснага супрацоўніцтва, уключаючы абмен выведнымі зьвесткамі, і сумесныя дзеяньні супраць сетак кантрабанды і гандлю людзьмі істотна паўплывалі б на паток нелегальнай міграцыі па гэтым маршруце».
  • Дыпляматы ЭЗ, знаёмыя з праектам, адзначаюць, што калі ён будзе прыняты, яго трэба разглядаць як «апошнюю інстанцыю» — як патэнцыйны інструмэнт, які Брусэль можа скарыстаць, калі нічога больш не спрацуе.
  • У той жа час яны лічаць, што дапамагчы могуць больш мэтанакіраваныя санкцыі ў дачыненьні да расейскіх і беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічаюць у перапраўцы мігрантаў да межаў ЭЗ.

Яшчэ адзін крок, які разглядаюць краіны ЭЗ на ўсходняй мяжы, — гэта пайсьці за прыкладам Фінляндыі і часова прыпыніць права на прытулак у адпаведнасьці з надзвычайным заканадаўствам, накіраваным на супрацьдзеяньне гібрыдным пагрозам.

Аднаўленьнем гэтай дыскусіі ЭЗ, па сутнасьці, сыгналізуе краінам па ўсім сьвеце: шлях у Эўразьвяз закрываецца.

Мігранцкі крызіс 2021-2025. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.
  • Шараговец 1-й Варшаўскай бранятанкавай брыгады Матэвуш Сітэк, паранены нажом 28 траўня 2024 году на мяжы зь Беларусьсю, памёр 6 чэрвеня ў Варшаве. Раненьне вайсковец атрымаў падчас спыненьня спробы групы мігрантаў прарвацца праз сталёвую загароду зь беларускага боку. Калі салдат блякаваў пралом у сталёвай агароджы на мяжы з дапамогай ахоўнага шчыта, мігрант, прасунуўшы руку праз плот, нанёс яму ўдар нажом, прывязаным да палкі, у грудзі. Нож затрымаўся ў целе жаўнера. У бок пацярпелага і памежніка, які дапамагаў яму, кідалі палкі і камяні.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG