Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нанесла шматлікія авіяўдары па Канстанцінаўцы, ёсьць загінулыя і параненыя

абноўлена

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы ранейшых расейскіх авіяўдараў па Канстанцінаўцы
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Наступствы ранейшых расейскіх авіяўдараў па Канстанцінаўцы

З прычыны расейскіх авіяўдараў па горадзе Канстанцінаўка ў Данецкай вобласьці Ўкраіны 22 лютага загінулі сама меней два чалавекі, яшчэ чацьвёра параненыя, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Вадзім Філашкін.

«Горад зазнаў шматлікія авіяўдары сёньня раніцай. Пад заваламі дамоў могуць знаходзіцца людзі, пошукавая апэрацыя працягваецца», — напісаў ён у Тэлеграме.

Паводле папярэдніх ацэнак, пашкоджаны 10 шматпавярховых дамоў, 21 прыватны дом, тры прамысловыя памяшканьні, дзьве лініі электраперадач і два газаправоды, крама, 16 гаражоў і дзевяць аўтамабіляў. Сярод пацярпелых — перасяленцы з Бахмуту, акупаванага расейскім войскам.

Увечары 22 лютага стала вядома, што расейскае войска зноў нанесла ўдар па Канстанцінаўцы, патрапіўшы ў жылы дом. Ад удару загінула жанчына, яе цела з-пад завалаў вынялі ратавальнікі, паведаміў парамэдык паліцыі гораду Сяргей Сласьценка. Яшчэ тры чалавекі атрымалі раненьні, перадае 22 лютага карэспандэнт праекту Радыё Свабода «Донбас Реалії». У адной жанчыны лёгкія траўмы твару ад разьбітага шкла, у мужчыны — страсеньне мозгу, у яшчэ аднаго мужчыны — кантузія.

Паводле Сласьценкі, за содні гэта ўжо другое прамое трапляньне ў шматпавярховы дом у Канстанцінаўцы. Раней у выніку расейскай агрэсіі ў горадзе загінулі тры чалавекі, яшчэ тры былі параненыя.

Расейскае Мінабароны інфармацыю пра сёньняшнія атакі на Канстанцінаўку не камэнтавала.

Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па грамадзянскай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG