На Чарнобыльскай атамнай станцыі, куды 14 лютага трапіў расейскі дрон, ратавальнікі-верхалазы праводзяць работы па частковым раскрыцьці канструкцыяў сховішча і ліквідацыі аднаго ачагу тленьня з паўночнага боку аркі, паведамляе ўкраінская Дзяржаўная служба па надзвычайных сытуацыях (ДСНС).
Радыяцыйны фон на прамысловай пляцоўцы Чарнобыльскай АЭС знаходзіцца ў межах нормы — пагрозы насельніцтву няма, заявілі ў ДСНС. Паводле зьвестак службы, праводзяць пастаянны маніторынг з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў зь цеплавізійнымі камэрамі і з дапамогай ручных цеплавізараў.
18 лютага ведамства паведамляла пра тушэньне двух ачагоў тленьня ўцяпляльніка даху.
Расейскі ўдарны дрон з фугаснай баявой часткай у ноч на 14 лютага трапіў ва ўкрыцьце разбуранага 4-га энэргаблёку Чарнобыльскай атамнай станцыі, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паводле яго, сховішча на ЧАЭС было пашкоджанае, пажар патушылі. Пазьней Зяленскі заявіў, што атака магла быць мэтанакіраванай. Паводле яго, дрон ляцеў на вышыні 85 мэтраў, а радары ня бачаць гэтай вышыні.
У Дзяржаўным агенцтве Ўкраіны па кіраваньні зонай адчужэньня паведамілі, што ў часе агляду канфайнмэнту зафіксавалі пашкоджаньні вонкавай абшыўкі аркі і апорных канструкцый гаража, плошча скразнога пашкоджаньня складала прыблізна да 15 квадратных мэтраў. Разам з гэтым кіраўнік ведамства Рыгор Ішчанка заявіў, што «сумных наступстваў» на Чарнобыльскай АЭС удалося пазьбегнуць.
Урад Украіны на пасяджэньні 18 лютага выдзеліў 1,5 мільярда грыўняў (прыблізна 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце) на падтрымку ўкрыцьця ў бясьпечным стане.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) пацьвердзіла, што ўначы 14 лютага на Чарнобыльскай АЭС прагрымеў выбух. Там таксама адзначылі, што ў дах саркафага АЭС урэзаўся дрон, але не ўдакладнілі, ці быў гэта расейскі дрон.
Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ня мае дакладнай інфармацыі пра атаку, але «ня можа быць і гаворкі, каб наносіліся ўдары па якіх-небудзь аб’ектах атамнай інфраструктуры». У Расеі рэгулярна адмаўляюць напады на ўкраінскія абʼекты, у прыватнасьці, грамадзянскія, нягледзячы на доказы гэтага.
Форум