Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР пракамэнтавала заявы палітыкаў Літвы, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць «Пагоню»


Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Літвы і бел-чырвона-белы сьцяг з выявай «Пагоні»
Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг Літвы і бел-чырвона-белы сьцяг з выявай «Пагоні»

22 лютага Рада БНР выступіла з афіцыйнай заявай наконт дыскусіяў, ініцыяваных шэрагам палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў Літвы наконт выкарыстаньня беларусамі выявы «Пагоні» на «пашпарце новай Беларусі».

«Відавочны нізкі ўзровень абазнанасьці некаторых літоўскіх палітыкаў і чыноўнікаў у пытаньні выкарыстаньня беларусамі гербу „Пагоня“, што вынікае зь іхных публічных заяваў і камэнтароў для СМІ», — заявілі ў Радзе БНР, назваўшы гэтыя заявы «недарэчнымі і неабгрунтаванымі».

Рада БНР падкрэсьлівае, што герб «Пагоня» ёсьць «нацыянальным гербам беларускага народу». Ён быў дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі і, сярод іншага, афіцыйна выкарыстоўваўся на дакумэнтах і пячатках урадам на экзылі і консульскімі ўстановамі БНР у тагачаснай сталіцы Літвы Коўні на пачатку 1920-х гадоў. Таксама «Пагоня» была дзяржаўным гербам Рэспублікі Беларусь да 1995 году, калі ў выніку «незаконнага і юрыдычна нікчэмнага» рэфэрэндуму рэжым Лукашэнкі замяніў яго на нэасавецкі сымбаль«, гаворыцца ў заяве.

У Радзе БНР нагадалі пра шматвяковую супольную гісторыю народаў Беларусі і Літвы і супольную барацьбу дэмакратычных сілаў Беларусі і Літвы за аднаўленьне незалежнасьці і супраць савецкай акупацыі.

«Дэмакратычныя рухі Беларусі і Літвы выкарыстоўвалі гербы „Пагоня“ і „Віціс“ як сымбалі супраціву савецкай акупацыі, а пасьля савецкай акупацыі дзьве краіны ўсталявалі дыпляматычныя стасункі менавіта пад гэтымі гербамі, ня маючы якіх-кольвек прэтэнзій адна да адной», — нагадалі ў Радзе БНР і адзначылі, што невядома і пра нейкія афіцыйных прэтэнзіі літоўскіх уладаў да Беларусі ў сувязі са статусам «Пагоні» як дзяржаўнага гербу Беларусі на працягу 1991-1995 гадоў.

У заяве адзначаецца, што гербы «Пагоня» і «Віціс» маюць супольнае паходжаньне, але «ёсьць абсалютна рознымі і ўзаемна прызнанымі геральдычнымі выявамі».

«Любая спроба забараніць беларусам карыстацца гербам „Пагоня“ (як і літоўцам „Віцісам“) мусіць разглядацца як праява дыскрымінацыі датычна правоў беларускага (або, адпаведна, літоўскага) народу на самавызначэньне і дэмакратычнае разьвіцьцё, а таксама як прынамсі ўскосная праява салідарнасьці з беларусафобскім рэжымам Лукашэнкі і імпэрыялістычным рэжымам Пуціна», — заявілі ў Радзе БНР і заклікалі літоўскіх палітыкаў да «ўзважаных ацэнак у камэнтарах» датычна выкарыстаньня гербу «Пагоня» беларусамі і яго ролі ў гісторыі беларускай дзяржаўнасьці.

У заяве падкрэсьліваецца, што Рада БНР кіруецца прынцыпам непарушнасьці дзяржаўных межаў і паважае іх, а таксама выказвае ўдзячнасьць уладам Літвы за падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці.

  • Дыскусія аб беларускім і літоўскім сымбалях пачалася пасьля таго, як беларускія дэмакратычныя сілы анансавалі тэрміны прыёму заявў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку з Пагоняй.
  • Шэраг літоўскіх грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў кансэрватыўнай партыі Літвы прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоні, бо ён ёсьць часткаю толькі літоўскай гісторыі.
  • Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. У Міністэрстве замежных спраў Літвы адзначылі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца. У Сейме Літвы ў закрытым рэжыме абмеркавалі пытаньне «пашпарта новай Беларусі» з Пагоняй і пацьвердзілі, што згодна зь дзейным літоўскім заканадаўствам, такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.
  • У Літве дзяржаўны герб — Пагоня (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль Пагоня быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі. Сымбаль Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG