Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сейме Літвы ў закрытым рэжыме абмеркавалі пытаньне «пашпарта новай Беларусі» з Пагоняй. Дакумэнт не прызнаюць


Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота
Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Дыскусія пра беларускі і літоўскі сымбалі пачалася пасьля таго, як анансавалі тэрміны прыёму заяў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку з гербам Пагоняй.

У Сейме Літвы 22 студзеня адбылося пасяджэньне камітэту ў замежных справах, на якім у закрытым рэжыме абмеркавалі сытуацыю, што склалася з выкарыстаньнем герба Пагоня на «пашпарце новай Беларусі». Гэты сымбаль у Літве лічаць сваім.

Выданьне LRT з спасылкай на кіраўніка Камітэту ў замежных справах Рэмігіюса Матузаса паведаміла, што на пасяджэньне запрасілі прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства замежных спраў, Дэпартамэнту міграцыі і Геральдычнай камісіі.

«Галоўная мэта — наладзіць адзіны падыход, знаходзіцца ў агульным інфармацыйным полі і выпрацаваць узгодненую пазыцыю, паколькі пытаньне далікатнае», — працытавала Рэмігіюса Матузаса агенцтва BNS.

Паводле яго, Літва не прызнае на сваёй тэрыторыі «пашпарт новай Беларусі».

«Я б ахарактарызаваў гэтую адзіную пазыцыю як сымбалічны дакумэнт, які ня мае ні юрыдычнай, ні дыпляматычнай сілы. Ён ня будзе прызнаны сапраўдным на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі. Гэта выключна сымбалічны дакумэнт», — падкрэсьліў старшыня парлямэнцкага камітэту.

Пасьля пасяджэньня Рэмігіюс Матузас паведаміў, што менавіта гэта і пацьвердзілі ўдзельнікі абмеркаваньня — згодна з дзейным літоўскім заканадаўствам, такі пашпарт або дакумэнт ня можа быць прызнаны.

Старшыня камітэту падкрэсьліў, што тым беларусам, якія жывуць у Літве і ў якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпартоў, і яны ня могуць вярнуцца на радзіму і атрымаць новы, Літва выдае дакумэнты, зь якімі яны могуць падарожнічаць.

Дыскусія аб беларускім і літоўскім сымбалях пачалася пасьля таго, як анансавалі тэрміны прыёму заяў на «пашпарт новай Беларусі» і апублікавалі яго вокладку з Пагоняй.

Шэраг літоўскіх грамадзкіх актывістаў і прадстаўнікоў кансэрватыўнай партыі Літвы прасоўваюць ідэю, што беларусы ня маюць права выкарыстоўваць сымбаль Пагоні, бо ён ёсьць часткаю толькі літоўскай гісторыі.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ў выкарыстаньні Пагоні ў дызайне «пашпартоў новай Беларусі» ён ня бачыць праблемы. Але дадаў, што трэба абмеркаваць юрыдычныя і дыпляматычныя дэталі праекту. Такім чынам, Наўседа пацьвердзіў словы, якія раней прагучалі зь ягонай канцылярыі.

Перад гэтым дэпутаты Сейму ад партыі «Саюз Айчыны — хрысьціянскія дэмакраты Літвы» абурыліся выкарыстаньнем Пагоні ў «пашпартах новай Беларусі».

У Міністэрстве замежных спраў Літвы на іх заяву адказалі, што літоўскі дзяржаўны герб у дызайне тых пашпартоў не выкарыстоўваецца.

У Літве дзяржаўны герб — Пагоня (Vytis па-літоўску. — РС). У Беларусі сымбаль Пагоня быў дзяржаўным гербам зь верасьня 1991 году да 1995-га, калі Аляксандар Лукашэнка правёў нелегітымны рэфэрэндум, па выніках якога гэты герб замянілі на мадыфікаваны савецкі.

Сымбаль Пагоня паходзіць з часоў Вялікага Княства Літоўскага, агульнай часткі гісторыі Літвы і Беларусі. У той жа час выявы беларускай і літоўскай Пагоні адрозьніваюцца паміж сабой.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG