19 лютага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп рэзка раскрытыкаваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, назваўшы яго «дыктатарам», які рызыкуе страціць сваю краіну, калі ня будзе «дзейнічаць хутка». На гэтыя заявы пачалі рэагаваць эўрапейскія лідэры.
Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў 19 лютага, што рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа назваць прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага дыктатарам было «няправільным і небясьпечным».
«Проста няправільна і небясьпечна адмаўляць дэмакратычную легітымнасьць прэзыдэнта Зяленскага», — сказаў Шольц выданьню Der Spiegel, дадаўшы, што Зяленскі зьяўляецца абраным кіраўніком дзяржавы. «Тое, што належныя выбары ня могуць быць праведзеныя ў разгар вайны, адпавядае патрабаваньням украінскай канстытуцыі і выбарчага заканадаўства», — заявіў Шольц.
Згодна з украінскім заканадаўствам, выбары ва Ўкраіне ня могуць праводзіцца ва ўмовах ваеннага становішча, якое дзейнічае з моманту пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году.
Міністарка замежных спраў Нямеччыны Аналена Бэрбак заявіла, што апісаньне прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам украінскага лідара Ўладзіміра Зяленскага як дыктатара было «абсурдным».
«Калі вы паглядзіце на рэальны сьвет, а ня проста выпусьціце твіт, дык вы ведаеце, каму ў Эўропе даводзіцца жыць ва ўмовах дыктатуры: людзям у Расеі, людзям у Беларусі», — сказаў Бэрбок у інтэрвію тэлеканалу ZDF.
Прэзыдэнт Чэхіі Пэтар Павэл заявіў, што трэба валодаць выдатным цынізмам, каб назваць прэзыдэнта такой краіны, як Украіна, дыктатарам. Пэтар Павэл нагадаў, што Ўкраіна штодзень зазнае варожы абстрэлы, а пятая частка яе тэрыторыі занятая акупацыйнымі войскамі.
«Якая была б каштоўнасьць выбараў, праведзеных у краіне, якая ўжо тры гады супрацьстаіць агрэсіі з боку суседняй ядзернай дзяржавы? Як арганізаваць выбары, калі пятая частка тэрыторыі занятая акупацыйнымі войскамі, а ўся краіна знаходзіцца пад штодзённымі абстрэламі?» Называць прэзыдэнта такой краіны дыктатарам — гэта трэба валодаць выдатным цынізмам", — напісаў прэзыдэнт Чэхіі ў Х.
Прэзыдэнт Фінляндыі Аляксандар Стуб адпрэчыў заявы Трампа пра Зяленскага і падкрэсьліў, што катэгарычна ня згодны зь імі.
«Фінляндыя падтрымлівае Ўкраіну ўсімі магчымымі сродкамі. Фінляндыя падтрымлівае ўкраінскую канстытуцыю і дэмакратычна абранага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, —падкрэсьліў ён. — Захопніцкая вайна была пачатая выключна Расеяй і прэзыдэнтам Пуціным. Наша задача — абмеркаваць з Трампам, якімі будуць наступствы, калі Пуцін даб’ецца свайго», — сказаў Стуб, яго цытуе Yle.
Прэм’ер-міністар Нарвэгіі Ёнас Гар Стэрэ назваў «глыбока неабгрунтаванай» заяву Трампа пра тое, што Зяленскі зьяўляецца «дыктатарам», піша «Эўрапейская праўда» са спасылкай на NRK.
«Я думаю, што гэта глыбока неабгрунтавана. Гэта ўсенародна абраны прэзыдэнт зь пераважнай большасьцю галасоў, якога поўнамаштабная вайна засьпела падчас ягонага тэрміну», — заявіў Ёнас Гар Стэрэ.
Нарвэскага прэм’ера падтрымалі і ў апазыцыі.
«Гэта небясьпечна і адкрыта хлусьліва з боку прэзыдэнта Трампа. Сумна ўсьведамляць, што па той бок Атлянтыкі амаль не засталося агульных каштоўнасьцяў. Цяпер становіцца зразумела, што Трамп хоча, каб Пуцін перамог», — заявіла лідэрка Лібэральнай партыі Гуры Мэлбі.
«Адзінае правільнае рашэньне для Нарвэгіі цяпер — узмацніць падтрымку Ўкраіны, мадэрнізаваць нашу ўласную абарону і наладзіць больш шчыльныя сувязі з Эўропай», — дадала яна.
Лідэрка апазыцыйнай Кансэрватыўнай партыі Вялікай Брытаніі Кэмі Бадэнох падкрэсьліла, што Зяленскі — не дыктатар, а «зьяўляецца дэмакратычна абраным лідэрам Украіны, які мужна супрацьстаіць незаконнаму ўварваньню Пуціна». «Пад маім кіраўніцтвам і пад кіраўніцтвам наступных прэм’ер-міністраў-кансэрватараў мы былі і заўсёды будзем разам з Украінай», — дадала яна.
Лідэр брытанскіх кансэрватараў дадала, што Трамп мае рацыю, калі гаворыць, што Эўропы павялічыць свае выдаткі на абарону «і гэта тычыцца і Вялікай Брытаніі».
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 19 лютага заявіў, што эўрапейскія дзяржавы «павінны дзейнічаць цяпер, каб падтрымаць Украіну і ўмацаваць бясьпеку Эўропы», і прапанаваў свой плян такіх дзеяньняў. Сярод іх — рэальныя гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, яе паскоранае ўступленьне ў ЭЗ, неадкладнае фінансаваньне ўзбраеньняў і 10 млрд. эўра для ўкраінскай абароннай прамысловасьці, а таксама прыцягненьне Расеі да адказнасьці за ваенныя злачынствы і захаваньне і ўзмацненьне заходніх санкцыяў супраць Расеі і Беларусі.
Абнаўляецца
- Напярэдадні Дональд Трамп выступіў за правядзеньне выбараў ва Ўкраіне, нягледзячы на вайну і акупацыю часткі яе тэрыторыі, заявіўшы, што падтрымка Зяленскага сярод украінцаў нібыта «ўпала да чатырох працэнтаў».
- Экспэрты зьвязвалі заявы Трампа з тым, што Крамлю хацелася б мець на чале Ўкраіны больш згаворлівага і больш прарасейскага кандыдата. Наратыў аб нелегітымнасьці Зяленскага ў апошнія месяцы распаўсюджваў Крэмль.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на прэс-канфэрэнцыі 19 лютага спаслаўся на сацыялягічнае апытаньне, праведзенае Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі, паводле якога яму давяраюць 57% украінцаў, назваўшы словы пра 4% свайго рэйтынгу «дэзінфармацыяй», і заявіў: «Калі хтосьці хоча мяне памяняць проста цяпер — не атрымаецца». Пытаньнем нумар адзін для ўкраінцаў прэзыдэнт Украіны назваў ня рэйтынгі ўлады, а тое, як абараніцца ад абстрэлаў. Другім важным пытаньнем ён назваў вяртаньне палонных, захопленых Расеяй. Паводле Зяленскага, калі ў Саудаўскай Арабіі напярэдадні сустракаліся міністры замежных спраў Расеі і дзяржсакратар ЗША, гэтыя пытаньні імі зь нейкіх прычын не ўздымалі.
- 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі. Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
Форум