Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правёў прэсавую канфэрэнцыю і адказаў на заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа аб неабходнасьці правядзеньня выбараў ва Ўкраіне, якія павінны папярэднічаць падпісаньню мірнай дамовы.
Напярэдадні Трамп выступіў за правядзеньне выбараў ва Ўкраіне, нягледзячы на вайну і акупацыю часткі яе тэрыторыі, заявіўшы, што падтрымка Зяленскага сярод украінцаў нібыта «ўпала да чатырох працэнтаў».
Экспэрты зьвязвалі заявы Трампа з тым, што Крамлю хацелася б мець на чале Ўкраіны больш згаворлівага і больш прарасейскага кандыдата. Наратыў аб нелегітымнасьці Зяленскага ў апошнія месяцы распаўсюджваў Крэмль.
«Сёньня давер да мяне 57%, па КМІСу. Калі хтосьці хоча мяне памяняць проста цяпер — не атрымаецца», — адрэагаваў на словы Трамп Зяленскі. Ён спаслаўся на сацыялягічнае апытаньне, праведзенае Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялёгіі (КМІС), паводле якога яму давяраюць 57% украінцаў, а не давяраюць — 37%.
Словы пра 4% свайго рэйтынгу ён назваў «дэзінфармацыяй».
«Калі ўжо гаворым пра „чатыры працэнты“ — мы бачылі гэтую дэзінфармацыю, мы разумеем, што яна ідзе ад Расеі, і ў нас ёсьць доказы, што гэтыя лічбы абмяркоўваюцца паміж Амэрыкай і Расеяй. На жаль, прэзыдэнт Трамп жыве ў гэтай дэзінфармацыйнай прасторы», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі.
Пытаньнем нумар адзін для ўкраінцаў прэзыдэнт Украіны назваў ня рэйтынгі ўлады, а тое, як абараніцца ад абстрэлаў. Другім важным пытаньнем ён назваў вяртаньне палонных, захопленых Расеяй.
Паводле яго слоў, калі ў Саудаўскай Аравіі напярэдадні сустракаліся міністры замежных спраў Расеі і дзяржсакратар ЗША, гэтыя пытаньні імі зь нейкіх прычын не ўзьнімаліся.
«Я мяркую, што Злучаныя Штаты Амэрыкі дапамагалі Пуціну выйсьці з шматгадовай ізаляцыі за, абсалютна справядліва, поўнамаштабнае ўварваньне. Ніхто не раздражнёны, мы да гэтага гатовыя. І гісторыя пра тое, што 90% усёй дапамогі — гэта Злучаныя Штаты... Мы з вамі разумеем, што праўда — яна іншая, хоць мы, безумоўна, удзячныя за дапамогу», — сказаў Уладзімір Зяленскі на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што хоча, каб у каманды Трампа было «больш праўды».
«Бо ўсё гэта ўплывае на выхад з ізаляцыі Пуціна. Я мяркую, што Пуцін і расейцы вельмі радуюцца, таму што абмяркоўваецца пытаньне зь імі, і ўчора ўжо былі сыгналы, зь імі як з ахвярамі. Гэта ўжо нешта новае», — дадаў ён.
Уладзімір Зяленскі таксама зьвярнуў увагу на тое, што цяпер у публічнай прасторы вайну Расеі супраць Украіны пачалі зноў называць канфліктам. «Гэта зьмякчэньне гэтай палітыкі», — перакананы ён.
Прэзыдэнт Украіны таксама зьняпраўдзіў заяву Дональда Трампа аб вайсковай дапамозе ЗША ў памеры 500 мільярдаў даляраў.
«У нас абсалютна розныя лічбы. У нас усё вельмі зразумела. Нам вайна абышлася ў 320 мільярдаў. 120 мільярдаў — гэта мы, народ Украіны, платнікі падаткаў. 200 мільярдаў — гэта ЗША і эўрапейскія хаўрусьнікі. Гэта пакеты зброі.[...] Усяго ЗША далі на каля 67 мільярдаў зброяй і 31,5 — гэта прамая фінансавая дапамога ў бюджэт, у асобныя праграмы. Безумоўна, мы ўдзячныя за ўсе гэтыя праграмы, але нельга налічваць, што гэта 500 мільярдаў», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі прэзыдэнт заявіў, што для спыненьня вайны Ўкраіне патрэбныя дакладныя гарантыі бясьпекі, і падкрэсьліў, што спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША па Расеі і Ўкраіне Кіт Кэлаг, які раніцай 19 лютага прыехаў у Кіеў, мае магчымасьць на ўласныя вочы пераканацца, якія наступствы вайны ў сталіцы.
«Я хачу, каб ён паглядзеў, паразмаўляў зь людзьмі, ці давяраюць яны свайму прэзыдэнту, ці давяраюць яны Пуціну. Няхай запытае пра Трампа, што людзі думаюць пасьля заяў іхнага прэзыдэнта. Мне здаецца, гэта важна — пайсьці і проста пагаварыць зь людзьмі, зразумець, што адбываецца нажыва. Я гатовы зь ім паехаць на фронт, няхай там паразмаўляе з вайскоўцамі. Ці гатовыя яны тэрмінова галасаваць, каб пайсьці дадому і ўсё аддаць расейцам і ня мець гарантый бясьпекі?», — дадаў Уладзімір Зяленскі.
Паводле яго, Кіт Кэлаг таксама зможа правесьці сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскай выведкі і Службы бясьпекі Ўкраіны.
- 18 лютага ў Эр-Рыядзе прайшлі першыя афіцыйныя перамовы на высокім узроўні паміж Вашынгтонам і Масквой пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Прадстаўнікоў Кіева на перамовы, адной з асноўных тэмаў якіх было спыненьне вайны ва Ўкраіне, не запрасілі. Расея і Злучаныя Штаты па выніках перамоваў дамовіліся стварыць групы для перамоваў аб шляху да спыненьня вайны «як мага хутчэй», сказаў дзяржсаратар ЗША Марка Рубіё. Юрый Ушакоў, памочнік Уладзіміра Пуціна ў замежнай палітыцы, пацьвердзіў дамоўленасьць аб перамоўных групах, але сказаў, што «цяжка» абмяркоўваць дату патэнцыйнай сустрэчы Трампа і Пуціна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум