Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў зьмены ў Крымінальны кодэкс, якія, паводле праваабаронцаў, даюць «магчымасьці для новых рэпрэсіяў»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 17 лютага падпісаў закон «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці», якім зацьвярджае шматлікія зьмены ў крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства, паведаміла ягоная прэс-служба.

Законам перагледжаныя санкцыі ў дачыненьні да 97 складаў злачынстваў. Зь іх 65 дапоўненыя альтэрнатыўнымі, больш мяккімі відамі пакараньняў (24 склады злачынства да цяперашняга часу зьмяшчалі пазбаўленьне волі як адзіна магчымае пакараньне). Яшчэ 32 склады зьмененыя ў частцы памеру пакараньняў.

Згодна са зьменамі, ад пазбаўленьня волі могуць вызваляцца:

  • жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў ці дзяцей-інвалідаў;
  • інваліды I групы;
  • асобы, якія ўпершыню зрабілі злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі.

Аднак гэтае правіла ня дзейнічае ў выпадку злачынстваў, што пацягнулі сьмерць чалавека, цяжкія цялесныя пашкоджаньні, або звязаныя з так званым «экстрэмізмам» — гэтае азначэньне ўлады Беларусі актыўна выкарыстоўваюць для палітычных рэпрэсіяў супраць праціўнікаў рэжыму.

Пералік злачынстваў, учыненьне якіх грамадзянамі Беларусі за межамі краіны прыводзіць да крымінальнай адказнасьці, дапоўнены злачынствамі тэрарыстычнай накіраванасьці. Што да адказнасьці за ўчынкі за мяжой, дык згодна са зьменамі ў закон прадугледжанае пакараньне пры зьдзяйсьненьні за межамі Беларусі наступных злачынстваў: распальваньне варожасьці, абраза прэзыдэнта і паклёп на яго, абраза прадстаўніка ўлады, зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў, акт тэрарызму ці пагроза яго зьдзяйсьненьня і інш. Як адзначаў раней юрыст і праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка, гэта «рыхтуе магчымасьці для новых шырокамаштабных рэпрэсіяў» і завочных судоў над беларусамі з палітычных матываў.

Таксама зьявяцца новыя артыкулы ў Крымінальным кодэксе:

  • арт. 366-1 «Гвалт або пагроза ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў».
  • Згадка былога прэзыдэнта зьявіцца таксама ў артыкулах пра паклёп (арт. 367) і абразу (арт. 368) прэзыдэнта.

Акрамя гэтага, законам прадугледжаныя меры, якія «дазваляюць судам больш гнутка падыходзіць да прызначэньня пакараньня за злачынствы, зьвязаныя зь незаконным абарачэньнем наркотыкаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG