Савет Рэспублікі ўхваліў праект закону «Аб зьмяненьні кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці» і перадаў на подпіс Аляксандру Лукашэнку паведаміла прэсавая служба верхняй палаты Нацыянальнага сходу.
Згодна з праектам, санкцыі паводле 100 складаў злачынстваў будуць перагледжаныя. У тым ліку больш за 70 дапоўняць альтэрнатыўнымі відамі пакараньня (штраф, арышт, папраўчыя работы, абмежаваньне волі), уключаючы 22 саставы, у якіх прадугледжвалася выключна пазбаўленьне волі.
Пералік учынкаў, учыненьне якіх грамадзянамі Рэспублікі Беларусь за межамі краіны прыводзіць да крымінальнай адказнасьці, дапоўнены злачынствамі тэрарыстычнай накіраванасьці, паведаміла БелТА. Што да адказнасьці за ўчынкі за мяжой, то праект прадугледжвае пакараньне пры зьдзяйсьненьні за межамі краіны распальваньня варожасьці, абразы прэзыдэнта, зьдзеку зь дзяржаўных сымбаляў і інш.
Згодна са зьменамі, ад пазбаўленьня волі могуць вызваляцца:
- жанчыны і адзінокія мужчыны, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў ці дзяцей-інвалідаў;
- інваліды I групы;
- асобы, якія ўпершыню зрабілі злачынствы, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі.
Аднак гэтае правіла ня дзейнічае ў выпадку злачынстваў, што пацягнулі сьмерць чалавека, цяжкія цялесныя пашкоджаньні, або звязаныя з так званым «экстрэмізмам», што інтэнсіўна выкарыстоўваецца ўладамі для палітычных рэпрэсій.
Таксама маюць зьявіцца новыя артыкулы ў Крымінальным кодэксе:
- арт. 366-1 «Гвалт або пагроза ў дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь або прэзыдэнта, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў».
- Згадка былога прэзыдэнта зьявіцца таксама ў артыкулах пра паклёп (арт. 367) і абразу (арт. 368) прэзыдэнта.
«Спэцвядзеньне» і завочныя суды ў Беларусі
Юрыдычны тэрмін для працэдуры, якую называюць «завочным судом», «спэцыяльнае вядзеньне» («специальное производство»), калі справа разглядаецца без удзелу абвінавачанага, бо яго няма ў краіне альбо ён хаваецца ад праваахоўных органаў.
Такія працэсы ў Беларусі пачалі актыўна выкарыстоўваць пасьля пратэстаў 2020 году ў дачыненьні да апанэнтаў улады, якія знаходзяцца за мяжой. «Мішэнямі» такіх судоў звычайна становяцца апазыцыйныя палітыкі, праваабаронцы, блогеры і актывісты, якія вымушаныя былі пакінуць Беларусь.
Асновай для завочных судоў у Беларусі стаў указ Лукашэнкі і зьмены ў заканадаўстве (артыкул 468-25 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Беларусі).
Першы завочны суд у Беларусі адбыўся ў сьнежні 2022 году. Вядомых спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна асудзілі на 12 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і буйнымі штрафамі. Завочна судзяць людзей і паасобку (праваабаронцу Леаніда Судаленку ў чэрвені 2024 году асудзілі на 5 гадоў паводле аднаго артыкулу, частках 1 і 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), і вялікімі групамі.
Фігурантамі так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» «Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай» былі 20 чалавек — Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст.