Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца пра зьмены ў Крымінальны кодэкс: «Рыхтуе магчымасьці для новых рэпрэсій»


Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

10 студзеня ў другім чытаньні ўхвалілі праект зьменаў у законы, якія рэгулююць крымінальную адказнасьць.

Згодна зь праектам, акрамя іншага, пашыраецца пералік артыкулаў, паводле якіх магчымае завочнае асуджэньне, напрыклад, за «распальваньне варожасьці», «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «абразу прэзыдэнта», «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».

У Крымінальны кодэкс таксама прапануецца ўвесьці паняцьце «прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананьне сваіх паўнамоцтваў» і абараніць яго з дапамогай увядзеньня новага крымінальнага артыкулу «гвалт або пагроза» ў дачыненьні да экс-прэзыдэнта, а таксама ўключэньнем гэтага суб’екта ў артыкул 367 («Паклёп на прэзыдэнта») і 368 («Абраза прэзыдэнта»).

Юрыст і праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка прааналізаваў новыя зьмены.

Ён зьвяртае ўвагу, што сярод іншага ў Крымінальны кодэкс уносяцца зьмены, якія зьмякчаюць умовы адказнасьці для некаторых катэгорый правапарушальнікаў. Прагрэсіўным яму бачыцца ўвядзеньне абмежаваньня на прызначэньне пазбаўленьня волі: пазбаўленьне волі ня будзе прызначацца жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў або дзяцей з інваліднасьцю, людзям з інваліднасьцю першай групы, людзям, якія ўпершыню ўчынілі негвалтоўнае злачынства, якое не нясе вялікай грамадзкай небясьпекі, ці менш цяжкае злачынства, якое не пацягнула сьмерць чалавека па неасцярожнасьці або цяжкіх цялесных пашкоджаньняў.

«Аднак гэтая норма зьмяшчае дыскрымінацыйнае ў сучасных умовах выключэньне. Гэтае правіла ўжывацца ня будзе ў дачыненьні да тых, хто ўчыніў злачынствы „экстрэмісцкай накіраванасьці“. Гэта азначае, што з палітычных матываў суды па-ранейшаму маюць права прызначаць пазбаўленьне волі, напрыклад паводле арт. 342 КК за ўдзел у мірных пратэстах або паводле арт. 368 — за абразу Лукашэнкі», — падкрэсьлівае Павал Сапелка.

Яшчэ законапраект зьмяняе правілы ў дачыненьні да вызваленых паводле амністыі, якія прадугледжваюць магчымасьць накладаньня абмежаваньняў. Таксама мяняюцца правілы ажыцьцяўленьня прафіляктычнага назіраньня, у прыватнасьці прадугледжваецца магчымасьць накладаньня абавязкаў выйсьці на працу або вучобу ці займацца іншай дзейнасьцю, у час ажыцьцяўленьня якой асоба лічыцца занятай у адпаведнасьці з заканадаўствам аб занятасьці насельніцтва. Мяняецца шэраг правілаў у дачыненьні да ўмоўна вызваленых і непаўналетніх.

«Але, мабыць, адной з самых значных зьмен будзе істотнае пашырэньне пераліку артыкулаў КК, паводле якіх могуць быць асуджаныя грамадзяне Беларусі або людзі, што пастаянна пражываюць, а таксама асобы без грамадзянства, якія зьдзейсьнілі злачынствы па-за межамі Рэспублікі Беларусь: у пералік дадаюцца артыкулы 130–130-2, 289–290-5, 367–369-1, 370, 373, 374 КК і выключаецца арт. 375 („Наўмыснае выдаваньне службовай таямніцы“). Гэта рыхтуе магчымасьці для новых шырокамаштабных рэпрэсій — паводле пералічаных артыкулаў ужо асудзілі больш за 3,5 тысячы чалавек», — адзначае праваабаронца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG