0:00 — што такое гаплягрупы, субклады, аўтасомы, Y-ДНК і мітахандрыяльная ДНК
6:17 — наколькі значны балтыйскі субстрат у ДНК беларусаў
10:00 — наколькі генэтычна блізкія сучасныя літоўскі і беларускі народы
10:58 — чаму папулярныя генэтычныя тэсты выяўляюць у беларусаў прыблізна палову прыбалтыйскіх генаў
15:28 — сувязь заўральскага кампанэнту ў ДНК беларусаў з вугра-фінамі
18:44 — хто ж такія беларусы паводле генэтычных дасьледаваньняў
20:48 — сувязь беларускай ДНК з палякамі
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Вадзімам Сідаравым:
— У ХХ стагодзьдзі ўзьнікла тэорыя балцкага субстрату ў этнагенэзе беларусаў. Некаторыя навукоўцы сьцьвярджалі, што беларусы — гэта наагул аславяненыя балты. У форуме нашага Ютуб-каналу некаторыя літоўскія радыкалы называюць беларусаў здраднікамі, якія адмовіліся ад балцкай мовы. Іншыя пішуць, што беларусы — стрыечныя браты літоўцаў. Наколькі значны гэты балцкі (ці балтыйскі) субстрат ў ДНК беларусаў?
— Трэба разумець, што папуляцыйная генэтыка ня можа даць дакладнага адказу на гэтае пытаньне. Бо калі мы гаворым пра балтаў, славян ці вугра-фінаў, мы гаворым пра моўныя супольнасьці. Папуляцыйная генэтыка не выяўляе прыналежнасьці да моўных супольнасьцяў. З гэтага пункту гледжаньня трэба разумець, што ані славянскіх, ані фіна-вугорскіх генаў няма.
Вядома, мы ня можам казаць, што наагул няма ўзаемасувязі паміж генамі і моўнай прыналежнасьцю, але яна прыкладна такая ж, як паміж ростам і вагой чалавека. Гэта значыць, што пэўныя заканамернасьці могуць быць пры тым ці іншым тыпе камплекцыі, але наагул гэта розныя велічыні.
Таму, строга кажучы, пытаньне балцкага субстрату — гэта пытаньне ня толькі і, магчыма, ня столькі да генэтыкі, колькі да археалёгіі і этнаграфічных рэканструкцыяў, а таксама да гідранімікі і т. д.
Калі ж гаварыць пра сыстэму каардынатаў папуляцыйна-генэтычную, то ў беларусаў ёсьць дастаткова выяўлены кампанэнт, пазначаны кампаніямі, якія робяць папулярныя генэтычныя тэсты, як балтыйскі ці прыбалтыйскі. Але тут трэба разумець, што гэта рэгіянальны кампанэнт, ён паказвае прыналежнасьць да нейкай папуляцыі, частка якой размаўляла і размаўляе на балцкіх мовах, але тоеснасьці тут няма. Частка яе можа размаўляць на славянскіх мовах, а частка нават на фіна-вугорскіх ці германскіх мовах.
Таму ў беларусаў, безумоўна, ёсьць выразны вось гэты балтыйскі генэтычны кампанэнт. Ня балцкі, моўны, бо гэта асобная гісторыя, але балтыйскі генэтычны. Мне відавочна, што ёсьць і балцкі субстрат (ці кампанэнт), але трэба разумець, што гэта ня тое самае, што балтыйскі генэтычны.
— Сёньня існуюць літоўскі і беларускі народы. Таму пытаньне можна паставіць і так: наколькі яны генэтычна блізкія?
— Яны дастаткова блізкія, але ня тоесныя. Ёсьць перасячэньні, асабліва ў беларускага насельніцтва захаду Беларусі і літоўскага ўсходняй Літвы, але мы ведаем, і ня толькі з генэтычных паказьнікаў, але і з аб’ектыўных гістарычных, этнаграфічных, што гэта вельмі блізкае ў этнічных адносінах насельніцтва. І генэтыкі гэта датычыцца ў тым ліку.
Калі казаць пра нейкія генэтычныя колы, то гэта такія два колы, якія перасякаюцца, але ў якіх, тым ня менш, ёсьць складовыя часткі, якія меней падобныя паміж сабой і належаць да іншых папуляцый і клястэраў.
— Тут няясна, як быць з дасьледаваньнямі археолягаў. Напрыклад, прафэсар Георгі Штыхаў адкрыў тры тыпы могільнікаў поўначы Беларусі: балта-славянскія, славяна-балцкія і славянскія. А сёньня генэтыкі кажуць, што ў беларусаў поўначы толькі 15% балтыйскіх генаў. Як вы гэта пракамэнтуеце? Не было сынтэзу і сымбіёзу з балтамі? І як быць тады з папулярнымі генэтычнымі тэстамі, якія большасьці беларусаў прыпісваюць прыблізна палову так званых прыбалтыйскіх генаў?
— Артыкул Вячаслава Леанідавіча Насевіча — гэта асобная гісторыя. А калі мы гаворым пра балтыйскі кампанэнт — то ён сапраўды вельмі значны, і гэта прыкладна тыя лічбы, пра якія вы сказалі, і якія паказваюць папулярныя генэтычныя тэсты.
Што тычыцца іншага кампанэнту, то там мова ішла, відаць, пра так званы фіна-вугорскі кампанэнт. І тут таксама трэба разумець, што многія людзі прачыталі артыкул Вячаслава Леанідавіча — гэта сур’ёзная, грунтоўная праца, але непадрыхтаванага чытача, яна, як, відаць, і кожная навуковая праца, можа зьбіць з панталыку. Ён там насамрэч разглядае розныя сыстэмы каардынатаў, пагатоў ён кажа пра аднабацькоўскія маркеры — мужчынскія гаплягрупы. І ён кажа пра заўральскі кампанэнт, які зьвязваецца з гаплягрупай N1a. Але я напярэдадні нашай гутаркі спэцыяльна перачытаў яго артыкул, і ён там дакладна падкрэсьлівае, што ў аўтасомных адносінах, у генэтычных адносінах носьбіты гэтых заўральскіх маркераў да таго моманту, калі яны ўжо прыйшлі на тэрыторыю Беларусі і Прыбалтыкі наагул, ужо практычна не былі носьбітамі ўральскага аўтасомнага кампанэнту. Гэта значыць, што генэтычна гэта ўжо былі эўрапейцы (калі выкарыстоўваць такі, магчыма, не зусім карэктны тэрмін), практычна чыстыя эўрапейцы.
Калі ж казаць пра фіна-вугорскую генэтыку, якую, як правіла, атаясамліваюць з уральскай субрасай або з субуральскім расавым тыпам, або яшчэ яго называюць лапаноідным, то яго да беларусаў, да балтаў (ці прыбалтаў, што таксама, відаць, не зусім карэктнае вызначэньне), дайшло і захавалася да цяперашняга моманту ў генафондзе мала. Гэта сапраўды лічаныя працэнты.
Так што так званы фіна-вугорскі кампанэнт у беларусаў і літоўцаў мінімальны. Але ёсьць аднабацькоўскія ДНК-маркеры, якія паказваюць на тое, што некалі, шмат тысячагодзьдзяў таму, яшчэ да бронзавага веку, значная частка мужчын, прабацькоў, сапраўды прыйшла з-за Ўралу. Але паўтаруся, што да таго моманту, як яны прыйшлі, яны ўжо гэтыя гены страцілі і, як у маёй аналёгіі з умоўным этыёпам у беларускай вёсцы, да цяперашняга моманту ўжо зьяўляюцца беларусамі і эўрапейцамі, бо прайшло ўжо некалькі тысячагодзьдзяў.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ
Форум